Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/VI/На папасе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чараўнік На папасе
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
С Конрада Вальленрода
Іншыя публікацыі гэтага твора: На папасе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На папасе.

Абразок.


Вясенняя ноч. Непадалёк ат гасьцінца — хвойнік. Тры падарожные зьбіраюць гальлё.


1-шы падарожны, (прыносючы галіну).

І пуста-ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў безпуцьці.
А помню, ўсё было іначэй:
Папас тут меў ты, як папас;
Нічога воз гальля не значыў,
Агонь ня зводзіўся, не гас.

2-гі падарожны, (кідаючы сук).

Цьфу! Каб ты ўсё пашло тут прахам!
Ну, і галоцюць людзі лес:
Па сук і то з вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узлез.
Ешчэ паўгода, год, і будзе
Без блыску вогнішча начлег;
Не раз, не два хтось блудам зблудзе
Усякай по́гані на сьмех.

3-ці падарожны, (кідаючы лазіну).

Вось вам дубец лазы лазою!
С карэння выдзер, як ё, ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою.
Каб толькі выкрасіць агню.
Хай блысьне полымя пад неба,—
Пара́ манаткі абсушыць…
Я падыду па торбу с хлебам,
А вы вазьмецесь распаліць…


1-шы падарожны.

Я рад-бы славы доказаці,
Дый сваю губку замачыў.


2-гі падарожны.

А я свой недзе цыр затраціў,—
Даўно і люлькі не курыў.


3-ці падарожны.

Ну, добра! Зараз я вярнуся,—
Запаланее мігам лом:
Сярнічэк мне дала Кастуся,
Ў мяне яны тут с капшуком.

(Выходзіць).


1-шы падарожны, (к другому).

Садзіся, ваша, атпачынем!
Напэўне, спорна умахаў?
Дарожка—хай яна загіне:
Карэння столькі і канаў!
Дух чэлавеку ўпрост выймае,
Ня чуеш костачкі аднэй…
Садзіся, ваша, вось дзе с краю,
Ног зацяганых пажалей.

2-гі падарожны.

О, дзякуй, дзякуй, чэлавечэ!
Я рад спачыну; балазе,
К таму сказаць, і акалечыў
Свой большы палец на назе.

(Садзіцца).

Як неяк холадна на сьвеце,
Хоць май даўно ўжо на дварэ.
Але, але, дзе наш той трэці?
Ня ўжо ўсё хлеб ешчэ бярэ?..


3-ці падарожны, (патходзючы).

А вось і я прышоў нарэшце!
Крыху задлякаўся с канём…
Агоньчык толечы разьвесьці,—
А там закусім, аддыхнём.

(Дастае запалкі).

Запалім… А! вось і навука!
Што гэта значыла-б такі?
Другую маем закаклюку:
Мае́ замоклі сярнікі.
Не дам нічога з імі рады;
Ў пацёмку трэба папасаць.
Вось не пашэнціла, дапраўды!
Ці-ж думаў хто так прападаць?!


1-шы падарожны.

Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта,—
Каб нам такой бяды павек!
Сьцюдзёна, цёмна, ды ўсё-ж лета—
Ня зчэз ніводзін чэлавек.
А можэ хто ешчэ над’едзе
І зніме гэты клопат з нас?
Дый першыня, ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас…


2-гі падарожны.

Мо’ помніш леташнюю восень:
Ўвесь сьвет быў глух і дзік, і пуст;
Шум не сьціхае гонкіх сосен,
Здаецца, плачэ кожны куст.
Здаецца, пеклава вясельле
Ўзнялося, круціцца, сапе;
Ні блыску зорак, ні прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.
Цурком дождж льецца, як із луба;
Скаголе вецер, як той зьвер,
А мы пат хвойкамі аж люба
Начлег спраўляем, як цяпер.


3-ці падарожны, (прыслухаючысь).

Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас ніхто тут не начуе,—
Каб не набраціся бяды?!


1-шы падарожны.

Сядзіце вы, а я патскочу
І кіну вокам на вазы:
Мо’ сена хто наскубсьці хочэ,—
Вось шэльме дам, дык дам лазы.

(Атходзючы, чэпляецца лапцем за сук і валіцца).

А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць ня вывярнуў нагу…
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо готова, ўжо бягу.

(Па неякім часе варочаецца з незнаёмым).

Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэттака здаю…
Ня многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.
У спрэчку доўгую ня ўходзіў:
Пашоў, куды сказаў яму.


Незнаёмы.

Пакінь плясьці! Я вам ня злодзей,
І лаяць так німа чаму.
Я гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а с коньмі вы.
Але, як вы, шукаў начлегу,—
Яго між вамі думаў мець,
Дый не туды, як бачу, ўехаў.
За блуд прыходзіцца жалець.


2-гі падарожны.

А як васа́на нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, ня меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасьмеў?..


3-ці падарожны.

А праўду, праўду сват гаворэ,
Мы тое скажэм усе тры:
Куды ідзеш? Дзе быў учора?
Што ты за штука?


Усе тры.

Гавары!


Незнаёмы.

На рукі гляньце з мазалямі,
Грудзям прыгледзьцеся худым,
І кій, і торба за плечамі
Найлепей скажуць аб усім.
З гразёй ня будзеце мешаці,
Далей атпусьціце ісьці…
І вас чэкаюць дзеткі ў хаце
І вы бязпутнікі ў жыцьці!
Вось, лепш асьвецім гэту кнею—
Сьвятлу з нас пэўне ўсякі рад…
Я гаварыці казкі ўмею,
І песень так-жэ ўмею шмат.


1-шы падарожны.

Як бачым, ты глядзіш іначэй,


2-гі падарожны.

Відаць, ня злодзеевы род.


3-ці падарожны.

А хто-б падумай? Так прастачы
І твой убор, і твой паглёд!


1-шы падарожны.

І казкі ўмее, і за песьняй
Відаць ня пойдзе ў кішаню.


2-гі падарожны.

Адно беда,—што, хоць ты трэсьні,
Ня можэм выкрасіць агню!


Незнаёмы.

Усё, усё мець зараз будзем:
Заўсёды ё ў мяне сьвятло,
І з ім мы тут не замарудзім
Лясным патсуседзям на зло.

(Запаліваючы лом).

Гары, гары, ламок, агніста!
Вы, братцы, сядзьце у кружок,
І да зары да залацістай
Нас будзе слухаць сасьнячок.
Аткуль—ці песьнею, ці казкай
Начаць вам думкі весяліць?


3-ці падарожны.

А ўжо, калі там ваша ласка,
То й песьню можна закаціць.


1-шы падарожны.

А посьле скажэш, дабрадзею,
Хто ты, аткуль, куды ідзеш?
Цаніць людзей і мы умеем,
Хоць маем гэткіх што раз меньш.


Незнаёмы.

Ну вось і слаўна! Што больш трэба?—
Агонь, суседзеў грамада;
Навокал лес, над лесам неба,
А там—і зорак чэрада.
Люблю я гэткіе прыцуды!
Тут чэлавек—як чэлавек;
За думкай думка мкнецца ўсюды,
Сон не чэпляецца павек.

(Пяе).

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён,
Толькі з волей і долей не бачыўся:
Сонны сэрцэм, душой
Дрэмаў ў хаце крывой,
А выходзіў—сьлезамі сьлед значыўся.
Аж вось чуе Лявон
Са ўсіх клікі старон,
Што ён дурэнь, жыве па быдлячаму,
Дый сам тут зразумеў,
Што дум сьветлых ня меў,
Што падобен быў дрэву хадзячаму.
Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе небывалую;
Ўжо беда—не беда,
Ўжо нуда—не нуда,
Запеў песьні свае разудалые.
Земля стогне, дрыжыць,
Як пяе, як крычыць,
Як прасьвету сабе дамагаецца,
Аж ат песень такіх
Страх напаў на другіх,
І вось чорная моц падымаецца.
І пашло ўсё ўверх дном.
Сьвісты, енкі кругом,
Груганы на дабычу злетаюцца:
Шчасьце даць бедаку
Ня ўсім шло на руку,—
Не ў руку, што Лявон прачухаецца.
Дарма сілен Лявон
І адважны так ён,—
На падмогу дарма ён надзеіцца:
Галаву у баю
Даў за праўду сваю,—
Толькі памятка—насып віднеіцца.
Ляжыць, дрэмле Лявон,
На грудзях вырас клён;
Калі-ж вецер на сьвеце расходзіцца,
Шуміць шумна той клён:
Ешчэ ўстане Лявон—
Гэй, Лявоны у нас не пазводзюцца!

(Перэстаўшы пець).

Вось і канец вам песьні-байцэ,
Ці ў ёй панятна толькі ўсё?..
Калі не так што—выбачайце,
Даконьчэ вашэ вам жыцьцё.


1-шы падарожны.

О, песьню важную такую
Ня пойме толькі гліны ком…
Цяпер нехай-жэ мы пачуем
Штось трохі аб жыцьці тваём.


2-гі падарожны.

А я крыху гальля падбаўлю.


3-ці падарожны, (да другога).

Я памагу табе крыху.


1-шы падарожны.

Аброці коням я папраўлю.

(Атходзюць усе тры).


Незнаёмы, (ўсьлед падарожным).

Я атпачыну на маху.

(Адзін).

О, люд мой ла́патны, патульны,
За што цябе я так люблю?
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?
Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які ня ў сілах зваліць я…
Што тут пачаці ў паняверцэ?
Жыві ў жыцьці і без жыцьця.
Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе—
То косьць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе… О Божэ, крый!..
Нясі ў мяцеліцы, ў разводзьдзі,
Свайго цярпення нясі крыж.
Калі-ж праглянеш ты, народзе,—
Арліным лётам узьляціш?
Пасьцель пуховую пасьцеліш
Сваім замучэным дзецям,
Нясьмелых песьнею асьмеліш,
Якой сягоння бедзен сам?..
Як страшна збуджэным хадзіці
Між наспаў, зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць аплучаных дружкоў…
Так цяжка, цяжка, дзе не глянеш,
Касою крыўды хоць касі!
Калі-ж, народзе, ты устанеш
І сонцу голас падасі?

Падарожные, (патходзючы).

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…


Незнаёмы.

Цяпер зноў сядзем… ну, і што-ж?
Ага! гістор’ю нашу зладзім,—
Адточым востра ўсё, як нож;
А можэ трапім ею ў грудзі,
У грудзі з дзерэва людзей…


Падарожные.

Што ты?! Ці-ж мы такіе людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей!


Незнаёмы.

О не, крый Божэ! Ось з няўцёку
Зляцела слоўца з языка…
Так штосьці ў сэрцы мне ня лёгка,
Ну, і паднесла бедака…
Хто я і скуль—для вас цікава;
О, не вялікі гэта цуд:
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спынуўся тут.
Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасьці жылі:
Канёк, кароўка—ўсё багацьце,
Ды гонеў двойчы—ўсей зямлі.
Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але ня выўчылі саўсім;
Сам с часам кніжны лад асіліў
І толк у ім даваў другім.
І мёд салодкі, і атруту
Суліць страніца стала мне;
Я ею думкі ўсе апутаў:
Не знаў—на яве я, ці ў сьне,
Цямноты ўсю паняў нездарнасьць,
Я сілу знання ўсю паняў;
Свайго жыцьця я відзеў марнасьць,
Аж на сябе я рукі ўзняў.
Але ня суджэна было мне
Душой без часу загавець,
І сам не знаю ўжо сягоння—
Жалець таго, ці не жалець.
Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расьце пацеха з намі,
Як там не жалімся на лёс.
Што раз зваднейшые ўсё леты,
Што раз цяжэй на грош і хлеб.
Пайці у сьвет—бацькі мне сьветам,
А хата мне—астрожны склеп.
Сьмяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканьшы год.
Аж бацьку горэ з ног зваліла,—
Пашоў на той сьвет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Злёг брат, і дзьве зляглі сястры.
Пашло нешчасьце за нешчасьцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш—сьмешкі ды напасьці,
Хоць налажы ты галавой.
Пазнаў куткоў чужых сьцюдзёнасьць,
Нагайку службы я пазнаў,
У сьлед мая шла безпрытоннасьць,
З ёй вецер песьні напеваў.
А думкі рваліся да сонца,
Туды, да ціхіх, добрых зор,
Да волі, шчаснасьці бязконца
С пустынных ніў, з гаротных гор.
Ліў нейкі мне таёмны голас
Праявы дзіўные ў душу;
Іх чуў, як чуе сонцэ колас,
І думаў, зло сваё скрышу.
................
Іду… Куды ісьці сягоння?
Аднэй німа, а шмат дарог…
Адлогам родные сьпяць гоні,
Іржа на вышках есьць нарог.
На траме ўверчана анучай
Ляжыць няклеплена каса;
На сьцежках мох расьце калючы,
На ім—чырвоная раса.
Руцэ народнай набіваюць
Плугі чужые мазалі,
Чужые коні папасаюць
На абезволеннай зямлі.
Йдуць песьні, казкі ў дамавіну;
Якіе дзед сьпеваў складаў;
Свае жалейкі люд закінуў,
Чужым сьвісьцёлкам мейсцэ даў.
Узносе пасынкам пакорным
Беда цямнічные муры
І сеткі путае праворна,
Чэпае могілак крыжы.
Адно чуваць, як быццам штосьці,
С-пад сонных наспаў, з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косьці,
Дзе час варочае крыжы,—
Штось варушыцца у бязсільлі,
Ці-ж бы там быў жывых папас?..
Ня ўжо нябошчыкаў зьмянілі,
Ня ўжо нябошчык кожны з нас?
................
Але ўжо блізка і сьвітанне;
Пара́ ўзнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам з неба сонцэ гляне,
Жджэ не адна мяне гара.
І вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коні рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе перэспаць.
Цяпер, каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?


1-шы падарожны.

Ты не тутэйшы мусіць будзеш,
Або і горэй ад яго?


2-гі падарожны.

Цікава, вельмі ўжо цікава
Ўся гэта гутарка твая,
Але такую меці славу
Не пахваліўся-б, браце, я.


3-ці падарожны.

Так с кута ў кут век вандраваці,
Як мне здаецца—без патрэб…
Ці-ж то ня лепш сядзець у хаце
І у спакоі есьці хлеб?


Незнаёмы.

Э, што!.. Бывайце, людзі жывы!
Дзе толькі торба і мой кій?..
Гэй, сыпма далей, там, на нівы,
Хоць гром грымі, хоць віхар вый!
Ешчэ спаткаемся калісьці—
За год, за колькі мо’ гадкоў,
Як зьвянуць сёлетніе лісьці,
Як прыдзе Радаўніца зноў.
(Атходзе, напеваючы):
Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён…


1-шы падарожны.

І дзіўны-ж гэты чэлавечак!
Чаго ён хочэ ат другіх?..


2-гі падарожны.

Ці-ж мала ёсьць такіх авечак?
Ат, толькі сьмех глядзець на іх!


3-ці падарожны.

А я скажу вам, егамосьці:
Сыходзе с поля маладзец;
Злавіў там с кніжэк штось, чагосьці,
Ну і вар’юецца ў канец.

(Чуваць конскі топат).


1-шы падарожны.

А гэта, што зноў за праява:
Каго нячысьцік нясе так?


2-гі падарожны.

Бадай, запутаная справа,—
Вун, вун—адзін, другі ездак.


3-ці падарожны.

Сюды на вогнішчэ к нам едуць,
А з імі—нейкі важны чын.


1-шы ездак, (шыбка пад’ежджаючы).

Ці не маглі вы бачыць, ведаць—
Сюдою путнік шоў адзін?


Падарожные.

Не, не, паночкі! мы не знаем,
Мы тут начуем толькі ўтрох,
І зараз самі ад’ежджаем:
На рынак ладзімся, на торг.


2-ці ездак.

Паедзем дальшэ, тут нічога
Нам не паказвае на сьлед.


3-ці ездак.

А як вы ўбачылі-б такога,—
Злавіць, зьвязаць—і к нам, чым сьвет!

(Ад’ежджаюць).


1-шы падарожны.

Чэкайце толькі, по́куль буду
Нагу яму я патстаўляць.
Каб чуць раней, а ўжо без труду
Маглі-б гуртом беднягу ўзяць.


2-гі падарожны.

А шкода, шкода было-б хлопца!
Тыкі-ж ён нейкі чараўнік…


3-ці падарожны.

Ні думаць! Як мы—рос у вёсцэ,
Як мы—такі ён сам’ мужык.


1-шы падарожны.

Зайдзі ка мне—я даў-бы хлеба.


2-гі падарожны.

Апраткі-б я не пажалеў.


3-ці падарожны.

Каб начэваць было патрэба,—
Папас найлепшы ў мяне-б меў.


1-шы падарожны.

Запраўды, так гаворэ важна,


2-гі падарожны.

А ўжо-ж, ганяюць не здарма!


3-ці падарожны.

І песьню так пяе працяжна!..


1-шы падарожны.

Душу, здаецца, рве яна.


2-гі падарожны.

А ці ты помніш усю чыста?


1-шы падарожны.

Пачатак помню я увесь.


2-гі падарожны.

А я сяродак галасісты.


3-ці падарожны.

А мне канец у вушы ўлез.

(Расходзюцца напеваючы:)

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад дужы быў ён,
Толькі з волей і долей не бачыўся…