Памяці Вінцука Марцінкевіча.
Шмат лет не ручыла нам доля,
Крывымі вела пуцінамі,
Не маючы ласкі і жалю
Над нашай старонкай, над намі.
Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі;
Не раз патцікалася з думкай,
Што мы ўжо ня мы і ня людзі.
З нас самых і з гутаркі нашай
І свой, і чужынец стаў кпіці.
Ўсё роднае стала ня родным,
Прост, хоць і на сьвеце ня жыці. Так ночка хацела быць паняй,
Так сівер звадзіў нас і страшыў,
Ды вось, як на тое, судзіў Бог
І нам на сваім быць кірмашы.
Нябошчык Вінцук Марцінкевіч
Ня сьцерпіў такой нашай мукі,—
Паслухаўшы сэрца, бярэ ён
Дуду беларускую ў рукі.
І песьню за песьняй парадкам
Пусьціў, як жывую крыніцу:
Пасыпалісь, проста, як з неба,
«Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы».
Як стораж, стаў сьмела на варце
Радзімых запушчэных гоняў,
Стаў сеяць па свойску ўсё тое,
Што мы далей сеем сягоньня.
А кемкую меў ён натуру,—
Спанатрыў, дзе праўду шукаці,
У тахт беларусавай думцы
Патрапіў запеці, зайграці.
Калі засьмяецца, бывала,
То хоць за бакі ты бярыся;
Калі-ж і разжаліцца сумам,
Дык хоць ты с сьлязою жаніся.
Умеў ён прынадна настроіць
Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,
Што нам і цяпер яна грае,
І вечна канца ей ня будзе.
Чверць веку, як бае ўжо недзе
Сьвятым беларускіе песьні,
А быццам ён з намі талкуе
Аб нашай зіме і прадвесьні.
Жыве паміж намі дудар наш…
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў, добры сын сваю матку.
|