Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Памяці М. Конопніцкай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Памяці В. Марцінкевіча Памяці Мар’і Конопніцкай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
І. Буйніцкому
Іншыя публікацыі гэтага твора: Памяці Мар’і Канапніцкай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Памяці Мар’і Конопніцкай.

І зыйшла ты, песьнярка народаў,
Божы сьветач жывых пакаленнёў,
Ў новы край невядомаго быту,
Ад жыцьцёвых непраўд і цярпеннёў.
І пакінула загадку сьвету—
Ўсім нешчасным і з блізка, і з далі:
Ці то сонцэ зайшло на заўсёды,
Ці ім долю мо’ іх пахавалі?..
Бо як песьня твая ўсемагуча,
Безгранічна зьвінела, будзіла,—
Так німа ні граніцы, ні меры
Ўсей жальбе над тваею магілай
І хаця сэрцэ сьціхла, заныла,
Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьвецяць, —
Голас думак тваіх ешчэ будзе
Не з адным гаманіці сталецьцем.
Дух твой з сьветласьцяй неба зыльецца
І с праменнямі сонца сьвятога,
Сьлёзы-росы высушываць будзе
І паказываць к праўдзе дарогу.
Памяць насып магілку ўхарошыць
З жывых кветак рукою сірочай,
Як квяцісты былі Твае песьні
Сярод земскай і сьцюжы, і ночы.
А з мільёнаў грудзей набалелых
Плыці ўздох з века ў век не пакіне
Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых,
Па вялікай Песьнярцы-Княгіні.