Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Дудар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прарок Дудар
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
З мінуўшых дзён
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дудар (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дудар.

На кургане, на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў Дудар, сагнуўшы плечы,
С пасівелай галавой.
На дудзе, на самагудзе,
(А дуда—як веча звон),
Духам кліч пускае ў людзі—
Песьня ў песьню, тон у тон.
Як жывая, рвецца песьня,
Лесам-пушчаю шуміць,
З забыцьця зметае плесьню;
Мох з мінуўшчыны ляціць.
Сьлед за сьледам ройным роем
Цені даўнаго кладуць…
Князь за князем, бой за боем,
Як сягоньня, ў ход ідуць.
Роднай бацькаўшчыны долю,
Як у люстры, бачыш так,
Долю-волю у бязвольлі,
Што зыйшла, ідзе не ў знак.
Гоман-славу, чорнай хваляй
Што зьбіралі курганы,
Белы косьці, што гублялі
Беларускіе сыны.
Што сабе кавалі путы,
Ў бітвах мручы за другіх…
Як-бы модлы і пакуты
Ўсіх—і наскіх, і чужых.
І сягодьняшняй праявай
Звоне шчасьце небарак,
Што са славою за славу
І памерці німа як.
І у будучыну гляне,
Думкай песьня Дудара,
З непрывычным запытаннем:
Ці прачнуцца не пара?!.
Так даўно у нас не йгралі,
Дзіў адно плыве і чар,
Што раз выжэй, што раз далей.
Знаць, бывалы ён Дудар.
Старасьвецкі ён музыка,
Важна толк вядзе ў дудзе,
Важна долею вялікай
І свабодаю гудзе.
На курганавым каберцы
Нечувалае чуваць,
Што ўсё можэ толькі серцэ
Беларусаво паняць.