Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Гэй, капайце, далакопы…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ворагам беларушчыны Гэй, капайце, далакопы…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
На рынку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гэй, капайце, далакопы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гэй, капайце, далакопы…

Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу,—
А шырока, а глыбока,
Колькі хваце сілы.
Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце,—
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.

*

Гэй, ударце, загудзеце,
Званы з усіх вежаў,
Каб ніхто ўжо пары гэтай
Дома не залежаў.
Так зьвініце, не кідайце,
Дружыну склікайце…
Хаўтуры ўжо свае будзе
Беларусь спраўляці.

*

Гэй, зайграйце ў мільён струнаў,
Слаўные музыкі,
Каб аж водгалас каціўся,
Як ёсьць сьвет вялікі.
Так іграйце, каб было ўжо
І глухім чуваці,—
Каб маркотна не было спаць
Беларусі-маці.

*

Гэй, зьбірайцесь на памінкі,
І сыны, і дочкі,
Справім гучную бяседу
Пад аслонай ночкі.
Сабірайцесь, дый ня сьніце
Галасіці звонка,—
Памінаць бо толькі будзем
Родную старонку.