Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Ворагам беларушчыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Нашай Ніве» Ворагам беларушчыны
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Гэй, капайце, далакопы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ворагам Беларушчыны.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ворагам беларушчыны.

Чаго вам хочэцца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?
Чаму вам дзіка яго мова?—
Паверце, вашэй ён не ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
З якім радзіўся, падрастаў.
Цяпер і вы загаварылі,
З апекай выйшлі, як з зямлі;
А што-ж дагэтуль вы рабілі?
А дзе-ж дагэтуль вы былі?
Ваш брат і цёмен, і галодны;
Хацінка свой зжывае век;
І век ня знаў ён дум свабодных,
І крыўдзіў свой брат—чэлавек.
Вам страшна нашай сьлёзнай песьні,
І жальбы страшна вам глухой?
Вам жутка сонцэ на прадвесьні?
Мілей вам холад с цемнатой.
А што-ж вам беларус такога
Пасьмеў зрабіць, пасьмеў сказаць?
Эх, трэба ўчыць ешчэ вас многа,
Як свайго брата шанаваць!
Эх, кіньце крыўдамі карміцца—
Кожын народ сам сабе пан;
І беларус можэ зьмясьціцца
Ў сямьі нялічанай славян!
Напасьцяй, лаянкай напраснай
Грудзей не варта мазаліць!
Не пагасіць вам праўды яснай:
Жыў беларус—і будзе жыць!
Ня столькі «хамскіе» натуры
На карках вынеслі сваіх!
І сьвіст даношчыкаў пануры,
Паверце, не запудзіць іх!
К свабодзе, роўнасьці і знанню
Мы працярэбім сабе сьлед!
І будзе ўнукаў панаванне
Там, дзе сягоньня плачэ дзед!