Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/IV/Аб мужыцкай долі/Як выйду за хату…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб мужыцкай долі 4. Аб мужыцкай долі 5.
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Аб мужыцкай долі 6.
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб мужыцкай долі (Дайце скрыпку мне маю…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




5.

Як выйду за хату
На траву-лагі,
А што-ж касіць буду,
Божэ дарагі?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што-ж буду касіць?..
Туды-сюды, сям-там—
Сьмех казаці людзям:
Сівец, аер, купьё,—
Вось і ўсё, вось і ўсё!

*

Як выйду за хату,
Дзе дабро—шнурок,
А што буду жаць я,
Зьбіраць, весьці ў ток?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што-ж буду зьбіраць?
Туды-сюды, сям-там—
Сьмех казаці людзям:
Мятлу, гірсу, званец,—
Вось і ўсё, і канец!

*

Як выйду за хату,
Бор шуміць, пяе…
А што-ж буду сеч я,
Дзе хвойкі мае?
Ой лю-лі, лю-лі,
Дзе дровы, бярно?
Туды-сюды, сям-там—
Сьмех казаці людзям:
Лаза, корчык, гнільлё,—
Вось і ўсё, вось і ўсё!

*

Як выйду за хату,
Дарога ідзе,
А куды-ж, кудою
Мяне павядзе?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Куды-ж завядзе?
Туды-сюды, сям-там,—
Сьмех казаці людзям:
У вастрог, у карчму,—
Вось і ўсё ўсяму!..