Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/IV/Аб мужыцкай долі/Эх, дзяцюк…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб мужыцкай долі 5. Аб мужыцкай долі 6.
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Аб мужыцкай долі 7.
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб мужыцкай долі (Дайце скрыпку мне маю…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




6.

Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскіе палацы?
Ці там сват, ці камрат,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабе там
Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
Трудах потам злітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?
А мо дзе на куце
Разам там саджаюць,
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом—
Панскіе парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
С шапкаю ў парозе
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.
А вун дзе панна йдзе,—
Якіе, ах, шаты!
Што глядзіш?—у яе
Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё-ж госьць,—
Думай і аб хаце…
Вось собак дворных дзе
Не спаткай, мой браце.
Ну, пайшоў ты дамоў
Не зва́ны, не сланы,
Са сьлязой пад брывёй,
Ня сыты, не пьяны.
Знаць, не так, небарак,
Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
Піці, весяліцца.
Што-ж рабіць? трэба жыць…
Слухай долі-маткі,
І паном не хлюсьці,
Пільнуй сваей хаткі.
Цемнаце, беднаце
Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
Каб на рэчы знаўся.
Вер, ня вер, як ня мер,
Мой гаротны браце—
Дзе радзіўся, дзе ўзрос—
Трэба і ўміраці.