Чуць толькі Купальскае сьвята
Надбліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць кветкай заклятай
Чаруе нешчасных людзей…
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды-б дзе не зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
… Сава пяе песьню разлукі,
Лапочэ крыламі кажан,—
Мільённые цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган:
Тых радасьцю вочы сьмяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, бьюцца,
Мешаецца праўда і зло.
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасьцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сьцікаецца гэты і той—
Тыц—стой!.. Гледзяць зо́рніцы-сьведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле—
Ні ночкі Купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле… Залыпалі блудные вочы,
Мільёны уздохаў ляціць,
Сава не заціхне—рагочэ,
Крыламі кажан шапаціць…
Сьлед костачкі сьцелюць—услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе-ж хай толькі Купальле—
Мільёны па кветку бягуць!..
|