Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/II/Верба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дуб Верба
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Груша
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вярба (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Верба.

Стаіць верба сухая
У полі на мяжы,
Кару́ з галін сьпіхае—
Галіны—як крыжы.
Ці непагадзь іх мые,
Ці сьпеката пячэ,—
Ў гару глядзяць нямые,
Што год нямей ешчэ.
Шчабетлівая птушка
Папеці не ляціць,
І мятлічэк, і мушка
Гняздо баяцца віць.
Адно птах несьвянцоны
Спраўляе свой папас…
Падбітые вароны,
Ды груганы пад час…
А ўсесьвято́чнай ночай,
Як ляжэ цемната,
Ў сухой вярбе ляскочэ
Асенняя слата.
Гало́дны вецер сьвішчэ,
Шалее ў злыбядзе,
Цемняцкае ігрышчэ
З сухотніцай вядзе.
Праклённы хохат-рогат,
Выклічыны жуды,
І жальны ціхі ёкат
Там чуецца тады.
Ў такі час кажуць людзі
Аб тэй вярбе сухой:
Хай Бог судзёю будзе
Над грэшнаю душой.