Вярба (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вярба
Верш
Аўтар: Янка Купала
1911
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/16582



Стаіць вярба сухая
У полі на мяжы,
Кару з галін сьпіхае,
Галіны – як крыжы.

Ці непагадзь іх мые,
Ці сьпеката пячэ, –
Ўгару глядзяць нямыя,
Штогод нямей яшчэ.

Шчабетлівая птушка
Папеці не ляціць,
І мятлічак, і мушка
Гняздо баяцца віць.

Адно птах несьвянцоны
Спраўляе свой папас…
Падбітыя вароны
Ды груганы падчас…

А ўсесьвяточнай ночай,
Як ляжа цемната,
Ў сухой вярбе ляскоча
Асеньняя слата.

Галодны вецер сьвішча,
Шалее ў злыбядзе,
Цямняцкае ігрышча
З сухотніцай вядзе.

Праклённы хохат-рогат,
Выклічыны жуды,
І жальны ціхі ёкат
Там чуецца тады.

Ў такі час кажуць людзі
Аб той вярбе сухой:
Хай Бог судзьдзёю будзе
Над грэшнаю душой.

(1911)