Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/I/Песьня мая!..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
* * * «Усяго па крысе́…» Песьня мая́!…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Грайце, песьні…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня мая.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьня мая…

Песьня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучаго вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ей жыцьцё пасярод палыння.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежные буры тулілі зімой.
Песьня мая не ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць,—
Знацца ей досьць з беларускаю красай—
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзе забранаго краю,
Служыць і верыць у лепшы усход…
Бо калі гасьне паходня старая,—
Новую заўтра распаліць народ.
Песьні маей не патрэбны сьвятліцы
Ў княжэскіх хорамах слухаць музык;
Коціцца, ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ей не патрэбна ўсесільных прынука,
Службы лекайскай не знае яна:
Воля жывая ей вечнай зарукай,
Волі нязьмеранай—служба адна.
Песьня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім,—
Вецер свабодны з далёкаго сьвету
Стрэце, праводзе атпевам сваім.
З небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Вотклікі лове ў бурлівым разводзьдзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.
Песьня мая не зачэпе сягоння
Думкай сваею ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…
Час, як крыніца, ідзе, не марудзе…
Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць,
Новы дзень прыдзе, і новые людзі
Будуць пачатую думку снаваць.
Песьня мая не шукае чырвонцаў—
Будучнасьць гэткіх ня нойдзе ў ёй плям,—
Жыць хочэ толькі ў радзімай старонцэ,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пеці, і с часам у добрую пору
Выклікаць вотклік у сонным сяле…
Ўсю Беларусь неабнятну—як морэ,
Ўбачыць у ясным, як сонцэ, сьвятле.