Песьня мая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня мая
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/20832


Песьня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучага вечна паўдня...
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня.

Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежныя буры тулілі зімой.

Песьня мая не ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, –
Знацца ёй досьць зь беларускаю красай –
Лесам шумеці, касою званіць.

З думкамі ходзіць забранага краю,
Служыць і верыць у лепшы усход...
Бо, калі гасьне паходня старая, –
Новую заўтра распаліць народ.

Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.

Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лакейскай не знае яна:
Воля жывая ёй вечнай зарукай,
Волі нязьмеранай – служба адна.

Песьня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, –
Вецер свабодны з далёкага сьвету
Стрэне, праводзіць адпевам сваім.

Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводдзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.

Песьня мая не зачэпе сягоньня
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб...

Час, як крыніца, ідзе, не марудзе...
Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць,
Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі
Будуць пачатую думку снаваць.

Песьня мая не шукае чырвонцаў –
Будучнасьць гэткіх не знойдзе ў ёй плям, –
Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.

Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.

(1911)