Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/I/На жалейцэ/Я не пушчаю сьпеваю…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На жалейцэ: «З шумам бораў…» На жалейцэ: «Я не пушчаю сьпеваю…»
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Каб я князем быў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2.

Я ня пушчаю сьпеваю
Песьні-казкі аб Дунаю,
Хоць то сэрце с пушчай рвецца,—
А пад грушаю пахілай,
Што над бацькоўскай магілай,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня звон, што час нам лічэ
І на вечэ праўду клічэ,
Хоць то сэрцэ звонам бьецца,—
А па шчасьці пахаваным,
Над рэкою, пад туманам
Граю толькі на жалейцы.
Я ня вецер вольны, спраўны,
Што пяе свабодай слаўнай,
Хоць то сэрцэ к славе рвецца,—
А ў цянётах павучыных,
На разстайных пуцявінах
Граю толькі на жалейцы.
Не на гусьлях звонкіх баю
Аб забраным недзе краю,
Хоць то сэрцэ к гусьлям рвецца,—
А на спасьвеным узгорку,
Угледаючыся ў зорку,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня гром, што сьветы крышэ,
І людзям законы пішэ,
Хоць то сэрцэ громам бьецца,—
Я паціху, чуць чуваці,
У чужой забыты хаці,
Граю толькі на жалейцы.
Граю, граю і чэкаю
Ўсходу сонца з-за Дунаю,
Калі морэ ўскалыхнецца,
Калі песьню, гымн вясёлы,
Нашым нівам, нашым сёлам
Я зайграю на жалейцы.