Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/I/Каб я князем быў…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На жалейцэ Каб я князем быў…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Песьня сонцу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каб я князем быў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каб я князем быў…

Каб я князем быў ўладарным
Гэтых ніў і хат,—
Быў-бы князем гаспадарным,
Вёў-бы добры лад,
На пасадным мейсцы-б селі
Право і закон,
Праўду вечную ўсе-б мелі—
Вечавы свой звон.
Не цягнуў-бы я с падданых
Крыўдай соль і хлеб,—
Кожны сам сабе ад рана
Малаціў-бы цэп.
Каб я сонцэм залацістым
Плаваў над зямлёй,
Быў-бы сонейкам вячыстым
Летам і зімой.
Не лажыўся-б на разлогі
Непраглядны цень,
Асьветляў-бы ўсе дарогі
Ў ночы і у дзень.
Гадаваў-бы ў вечным цьвеце
Поле і лугі,
Распаліў-бы ўсе на сьвеце
Путы-ланцугі.
Каб я рэчкай быў міжгорнай
На зямлі маей,
Быў-бы рэчкай жыватворнай
Для старонкі ўсей.
Ажыўляючай крыніцай
Быў-бы на яву,
Чыстай шклістаю вадзіцай
Змыў-бы сон-траву.
На засушэные кветкі
Клаўся-бы расой,
І каціўся-б праз палеткі
Сьветлай паласой.
Каб я птушкай быў крылатай,
Пець і лётаць мог,
Быў-бы птушкай незаклятай,
Па расе ня сох,
Груганом-бы я ня крумкаў,
Не наводзіў сьлёз,
А на крыльлях нашу думку
К Богу бы панёс.
Крыўду—ведзьму нашых межаў—
Беднату і цьму,
Ўсё-б па праўдзе, як належэ,
Вылічыў Яму…