Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/I/На жалейцэ/З шумам бораў…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За свабоду сваю… На жалейцэ: «З шумам бораў…»
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
На жалейцэ: «Я не пушчаю сьпеваю…»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На жалейцэ.

1.

З шумам бораў, ясакораў,
Ой, гаю, ой, гаю,
На жалейцэ—дабрадзейцэ.
Думку дум зайграю.
Ой, зайграю, запытаю,
За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
Сэрцэ маладое?
Ці у маці я дзіцяцей
Ня быў, не хаваўся?
Ці замала уздыхала,
Як з ёю прашчаўся?
Ці ніколі ня меў долі
У чужой хаціне,
Ці я ў полі ня меў волі
Пры чужой скаціне?
Ці мо’ сілы, Божэ мілы,
Калі не хватала,
Як з сахою, ці с касою
Ваюю, бывала?..
Ці ж то гэта, там, праз леты,
Як умру з надзеяй,
Мае косьці ў дзікай злосьці
Вецер не разьвее?
Не разьвее, не разсее,
Каб і сьлед не ўзьняўся,
Што гаротны і маркотны
Па сьвеце бадзяўся?
Эх, жалейка—дабрадзейка,
За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
Сэрцэ маладое?