Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/I/Мой дом

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мая думка Мой дом
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Як я полем іду…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой дом (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мой дом.

Мой дом—прывольле звёзднай далі,
Арламі мераны абшар,
Гдзе бітвы точуць ветраў хвалі
З сямьёй глухіх калматых хмар.

*

Мой дом—амшалай пушчы сховы,
Сяліба ясеняў, сасон,
Гдзе сьмех русалчын, лясуновы
Палошыць вечна-цяглы сон.

*

Мой дом—пешчаные разлогі—
Пакута сцюжы і сьпякот,
Гдзе ў скібах лад вядуць нарогі,
Аздобай цьвет—чырвоны пот.

*

Мой дом—узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Гдзе тлеюць прадзедавы косьці,
Гдзе плачэ ночка ды туман.