Шляхам жыцьця (1913)/I/Мая думка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
* * * «За праўду…» Мая думка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Мой дом
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая думка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мая думка.

Констанціі Буйло.

Як вецер, як птушка, дзе сонцэ, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ў даль думка мая;
Абоймецца з небам, пакоціцца ў морэ,
Ў вялікае морэ людзкога жыцьця.

І ўдарыцца ў сэрцэ так сумна, балесьне,—
Як лісьцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць аж выклікне песьню…
Ўжо с песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.

Запеўшы пахвалай нязведанай далі,
К вядомай павернецца долі людзкой;
Атсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі,
Ды ў сьвет зноў за сонцэм, за новай зарой!…

На небі свабода, сьвятло і прывольле,—
А думцы за мала: німа там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонцэ і воля ня сьвецяць тут ей…

І так без упынку, то к небу—дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ў даль думка мая;
То скоціцца ў морэ, ў вялікае морэ
Людзкога, забытаго шчасьцем, жыцьця.