Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Мужык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янка Купала Мужык
Верш
Аўтар: Янка Купала
1927 год
⁂ (Я мужык беларус…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужык (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мужык.

Што я мужык, усе тут знаюць,
І, як ёсьць гэты сьвет вялік,
З мяне сьмяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык
Чытаць, пісаць я ня умею,
Ня ходзе[1] гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой дабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І сьвята рэдка калі знаю, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, —[2]
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, сьвет пакінуць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Але, хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, братцы, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык,
Што, хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!



  1. Провінц. — Ходзіць.
  2. Русіц. — Стары.