Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/Б/Цётка/Хрэст на свабоду/Пад штандарам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бура ідзе Пад штандарам
Верш
Аўтар: Цётка
1927 год
Вясковым кабетам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад штандарам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пад штандарам.

Ня плач, матуля,
Не сярдуй, татуль!

Што забiлi Вінцуля.
Што ня прыдзе адтуль,
Што чырвоны штандар
Прад народам ён нёс,
Што крычаў: Гасудар[1],
Ці наеўся ты сьлёз?

Ці напіўся крыві,
Ці накрыўдзіўся нас?
Мы з штандарам прышлі:
Расплаціцца ўжо час!
Штык далоў! шаблю вон!
Не страляй у нас, салдат!
Ад прысягі Гапон
Ад‘жагнаў[2] цябе, брат!

А тут „плі“ — закрычаў
Капітан у сядле,
I салдат задрыжаў,
I даў залп у вагне.

Пахіснуўся Вінцуль,
Штандар цісьне ў руках,
Тут падскочыў патруль[3],
I падняў на штыках.

Калi брызгне[4] з грудзей
Кроў гарача дзурком,
Як крапілам, людзей
Ахрысьціла кругом.

Вінцуля на руках
На магілкі нясуць,
А труна у вянках
І ў працэсьсі ідуць

І жабрак, і салдат,
І разьеўшыся пан,
І шавец-небарак,
І сам той капітан.

Чалом б’е ў сьлед труне,
Вочы поўныя сьлёз,
Праклінае сябе,
На сябе непахож[5]

„Я забіў, я праліў
Пролетарскую кроў.
Я душу загубіў,
Заплаціць я гатоў“.

Капітан ашалеў
І атруты узяў,
А народ асілеў,
Штандар ўгору падняў.

І нясе, і пяе
І мільёны вядзе,
На варога-цара
Крэпку[6] руку нясе.

Не прапаў наш Вінцуль:
Ён жыве сярод нас.
Навярнуўся патруль,
Прылучыўся у час.

І салдат не такі,
Як тагды к нам страляў,
Капітан няжывы,
То-б яго не пазнаў.

Няслухняны салдат
Ахвіцэру гіркне[7]:
„Я — народу сын, брат!“
У дэманстрацы[8] ідзе

На прыказ падаць залп
У чырвоны штандар,
Выстрал пусьціць на жарт
У аблокаў алтар.

А народ і пяе,
Пад штандарам ідзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.

Нясе доўг у грудзях
На тыранаў[9], цара
І прыказ у вачах
„Цару згінуць пара!“



  1. Пабелар. — гаспадар.
  2. жагнаць і благаслаўляць — абодва чужыя. Першае — ад нямецкага — Segnen, другое — старабаўгарскае. З увагі на тое, што першы складнік другога слова — блага — мае ў беларускай мове зусім працілежнае значэньне, чым у баўгарскай (таксама ў іншых паўднёваславянскіх і чэскай), беларусы ўжываюць — багаславіць, якое фактычна замяняе свой орыгінал толькі з неабходнасьці і ўжываецца хіба толькі з чуцьця славянскай солідарнасьці.
  3. Салдат з варты.
  4. Русіц. — пырскне, пырсьне.
  5. Русіц. — непадобны.
  6. Крэпкую, дужую.
  7. Адкажа, крыкне.
  8. Дэмонстрацыя — публічная заява аб сваіх патрэбах народам, паход.
  9. Грэцк. азначала валадара, які вызваліў ад арыстократыі і сам стаў ціснуць больш, цяпер кожны лядачы, зьдзірац, кат.