Пад штандарам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Бунтаўнік Пад штандарам
Верш з зборніка Хрэст на свабоду
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
кастрычнік 1905
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/58883
Перад Новым Годам


Ня плач, матуля,
Не сярдуй, татуль,
Што забілі Вінцуля,
Што ня прыйдзе адтуль,

Што чырвоны штандар
Прад народам ён нёс,
Што крычаў: «Гасудар,
Ці наеўся ты сьлёз?

Ці напіўся крыві,
Ці накрыўдзіўся нас?
Мы з штандарам прыйшлі:
Расплаціцца ўжо час.

Штык далоў! шаблю вон!
Не страляй ў нас, салдат!
Ад прысягі Гапон
Аджагнаў цябе, брат!»

А тут «плі!» закрычаў
Капітан у сядле,
І салдат задрыжаў
І даў залп у агне.

Пахіснуўся Вінцуль,
Штандар цісьне ў руках.
Тут падскочыў патруль
І падняў на штыках.

Калі брызьне з грудзей
Кроў гарача цурком,
Як крапідлам, людзей
Ахрысьціла кругом.

Вінцуля на рукох
На магілкі нясуць,
А труна у вянкох,
І ў працэсі ідуць

І жабрак, і салдат,
І разьеўшыйся пан,
І шавец-небарак;
І сам той капітан

Чалом б’е ўсьлед труне, —
Вочы поўныя сьлёз,
Праклінае сябе,
На сябе не пахож:

«Я забіў, я праліў
Пралетарскую кроў,
Я душу загубіў,
Заплаціць я гатоў».

Капітан ашалеў
І атруты узяў.
А народ асілеў —
Штандар ўгору падняў

І нясе, і пяе,
І мільёны вядзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.

Не прапаў наш Вінцуль:
Ён жыве сярод нас.
Павярнуўся патруль,
Прылучыўся у час.

І салдат не такі,
Як тады к нам страляў,
Капітан не жывы, —
То б яго не пазнаў.

Неслухмяны салдат
Афіцэру гіркне:
«Я народу сын, брат!»,
Ў дэманстрацы ідзе.

На прыказ падаць залп
У чырвоны штандар —
Выстрал пусьціць на жарт
У аблокаў алтар.

А народ і пяе,
Пад штандарам ідзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.

Нясе доўг у грудзёх
Для тыранаў, цара
І прыказ у вачох:
«Цару згінуць пара!»

(Кастрычнік, 1905)