Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/Б

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З драмы „Васількі“ Б. Сялянскія пісьменьнікі
Крытыка
Аўтар: Ігнат Дварчанін
1927 год
Цётка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сялянскія пісьменьнікі.

Сялянскія пісьменьнікі зьяўляюцца тыпічнымі прадстаўнікамі нашаніўскай пары беларускай літэратуры і ўсе асаблівасьці літэратуры гэтай пары адносяцца ў першай меры да іх. Тут і клясова-працоўны мамэнт тут і любоў да бацькаўшчыны, тут і плач над сваім горам і жаданьне яго зламаць. Прыраўніваючы творы гэтых пісьменьнікаў да твораў папярэдніх, проста зьдзівішся розьніцы між імі. Тут відно, што народ сам, працоўны народ, пяе свае песьні, вылівае сваё гора. Часам тут ён трэбуе свайго, чуецца сільным, кажучы словамі Цёткі:

„Цяпер, браццы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту!“

Тут селянін выяўляе сваю волю да змаганьня — і то не індывідуальна, паасобна, а цэлай грамадою, колектыўна. Наагул, мамэнт колектывізму яскрава выступае ў творах усіх сялянскіх пісьменьнікаў. Замест „я“ часта-густа выступае слова „мы“. Слова „мы“ выступае і у другога сялянскага пісьменьніка Янкі Купалы, поэта будзіцеля ў яго трэбаваньнях уставаць со сну. „Мы“ — выступае і ў лірычным апяваньні прыроды краю ў творах Як. Коласа.

Але селянін здольны рашуча выступаць толькі ў часы рэвалюцыйных уздоймаў.

У часы рэакцыі ён хаваецца ў свае хаты і толькі нудна пяе свае „песьні-нуды“. І ў песьняроў сялянскіх пераважае мамэнт элегічны, мінорны, сьлязьлівы. Усё-ж і ў гэты час бываюць успышкі іскраў, якія часам гараць ясным полымем жаданьня барацьбы за сваю сьветлую будучыну.