Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

прыпасаваць да жыцьця“[1]. Дунін-Марцінкевіч ― паляк па сваіх сьветапоглядах, тэндэнцыях, выхаваньні і адукацыі ня мог інтарэсы нацыянальна-беларускія паставіць вышэй польскіх літараў, якімі друкаваліся яго творы. З гэтых колаў беларускіх пісьменьнікаў выходзіць лёзунг, высунуты ў „Hutarkі staroha dzіeda[2] „Kryknіem usіe w odny słowa: Nіechaj Polszcza budzіe znowa! Bo jak stanіem Polakamі, budzіem rounyje z Panamі!!“.

Вось прычына таго, што ён (а за ім цэлы шэраг другіх асоб) пасьля забароны 1859 г., якой забаранялася друкаваць беларускую літаратуру польскімі літарамі, не згадзіліся друкаваць свае творы літарамі вялікарускага альфабэту.

Гэтую эпоху правільна характарызуе Лявон Гмырак: "Пісало у 1840-50 гадах многа людзей пабеларуску, але ўсе гэтыя пісьменьнікі тым толькі і розніліся ад тутэйшых польскіх пісьменьнікаў, што часам пісалі пабеларуску. Прынцыповай розьніцы паміж аднымі і другімі ня было. Каб тады беларуская справа была пастаўлена зусім ясна, надта магло быць, ― што яны аднесьліся да яе ворага[3]. Ім дорага была польска-каталіцкая традыцыя друкаваньня сваіх беларускіх твораў польскім альфабэтам, што вяла свой пачатак з XVІІ-XVІІІ ст.[4], і якая ў часы Марцінкевіча ўжывалася тагочасным польскім політычным аўтарытэтам Рыпінскім (спольшчаны беларус).

Усе вядомыя беларускія творы, якія хадзілі ў рукапісах у другой палове ХІХ ст., былі напісаны якраз польскім альфабэтам, як, напр., творы Арцёма Дарэўскага-Вярыгі[5], Антона Пяткевіча (Адам Плуг)[6], Тапчэўскага[7], Ельскага[8] і іншыя. Для іх Беларусь, па-за межамі Польшчы, па-за межамі польскага альфабэту не існавала, яны ня згодны былі з антыпольскай політыкай тагочаснага расійскага ўраду, і ў перамене альфабэту, зусім слушна, яны бачылі перамену культурнай орыентацыі ў бок Расіі.

Распаўсюджваючы свае творы ў рукапісах, яны ня вышаўшы са сфэры польскіх сьветапоглядаў на Беларусь, шырылі сярод сучасьнікаў і перадавалі ў наступныя пакаленьні весткі аб забароне беларускага друку ў першай палове ХІХ ст., зьвязваючы іх з найбольш вострым момантам гэтага часу, скасаваньнем вуніі і ўзмацняючы такім здарэньнем, як конфіскацыя „Пана Тадэуша“ з усімі яе вынікамі для лацінскага альфабэту.

Некаторае пацьвярджэньне выказанай думцы аб пашырэньні рукапісаў знаходзім і ў Янчука: „бѣлорусскіе писатели изъ поляковъ

  1. Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі). Марцынкевіч у практычным жыцьці (Наша Ніва 1910, № 48).
  2. Poznań, 1861, 12 стар.
  3. Гмырак, Л. ,Вялікодная пісанка. 1914; стар. 15.
  4. Карскій, Е. Бѣлорусы. II, 3; стар. 312—317. „Наша Ніва“, 1912, № 37; стар. 3.
  5. Карскі, Е. Арцём Дарэўскі-Вярыга. „Рунь“, Менск, 1920, № 9-10.
  6. „Варта“, Менск, 1918, № 1; стар. 22.
  7. Карскі, Е. Забыты беларускі пісьменьнік прошлага веку Фэлікс Тапчэўскі, „Беларусь“, Менск, 1920, № 13.
  8. Карскі, Е. Беларускі пісьменьнік А. Ельскі, „Беларусь“ 1920, № 23.