Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каў, а потым, у сувязі з конфіскацыяй „Пана Тадэуша" было абагульнена наогул у адносінах да беларускага друку, пасьля-ж забароны ўжываньня расійскае мовы і яе „нарѣчій" у касьцёле была абагульнена і ў адносінах мовы наогул. Пазьней гэтыя погляды і думкі перайшлі ў друк.

Разьвіцьцю іx y 40-х і наступных гадох мінулага стагодзьдзя спрыялі некаторыя ўрадавыя мерапрыемствы ў адносінах да Беларусі. Так 3 кастрычніка 1840 г. "Государь Императоръ Высочайше повелѣть изволилъ, чтобы не ўпотреблялись совсѣмъ названія: Бѣлоруссія и Литовскія губерніи"[1]. Ня зусім выразны загад, які даваў повад лічыць, што нібы наогул было забаронена ўжываць слова: "Беларусь"; між тым гэты загад датыкаўся толькі да тагочаснага тэрміну „Бѣлорусская губернія“, які тэрмін з году выданьня гэтага загаду больш ня ўжываўся. Тэрміны-ж "Беларусь", "беларускі“, „беларус“ на працягу ўсяго XІX ст. ўжываліся вельмі шырака нават такімі асобамі, як, напр., Язэп Сямашка, Мураўёў, Гаворскі, Каяловіч і іншымі. Скажу больш, у XІX ст. даволі цяжка знайсьці кніжку або газэтны артыкул, якія пісалі-б аб Беларусі і ня ўжывалі-б вышэйпамянёных тэрмінаў (параўн. з арт. Іл. Барашкі: „Русский язык, как государственный", "Савецкая Беларусь" № 14, за 1925 г., дзе гаворыцца, што царскі ўрад імкнуўся ня ўжываць слова „беларускі“, замяняючы яго тэрмі нам: „Літоўска-Жмудзяцкі“).

А праз тры гады―31 сьнежня 1843 г. міністар народнае асьветы выдаў загад, згодна якому ўсе працы і нарысы па гісторыі Беларусі „по окончательномъ разсмотрѣніи и одобрѣніи ихъ цензурою, но прежде напечатанія, должны быть представляемы на усмотрѣніе Министра Народнаго Просвѣщенія"[2].

Але, трэба думаць, самым галоўным фактам для ўзмацненьня думкі аб забароне беларускага слова і друку ў першай палове XІX ст. была памянёная конфіскацыя „Пана Тадэуша".

Справа ў тым, што ўсе беларускія дзеячы і пісьменьнікі марцінкевічаўскага і пасьлямарцінкевічаўскага пэрыоду, як каталікі, былі пад вялікім уплывам польскай культуры. Большая частка іх у поўным сэнсе слова была палякамі (зразумела па культуры, а не па пахаджэньні). Яны любілі Беларусь, як польскую правінцыю, шанавалі беларускую народную мову, як адзін з дыялектаў польскае мовы (такія думкі выказвалі Чачот, Рыпінскі). Яны іншы раз і пісалі пабеларуску, але ўсе яны былі пісьменьнікамі, дзеячамі і грамадзянамі Вялікай Польшчы ў межах 1772 г., Польшчы ад мора і да мора, а не грамадзянамі Беларусі. Да іх належыць і В. Дунін-Марцінкевіч, самы здольнейшы з гэтае групы, які па выразу Н. Янчука быў „полякъ виленскаго кружка Времени Киркора[3], а па выразу Любецкага „был великий патриот исторической Польши“[4]. Вялікую польскасьць Д. Марцінкевіча малюе і Ядвігін Ш. (Лявіцкі): „у штодзённым сваім жыцьці,—піша, паміж іншым, Ядвігін Ш., Дунін-Марцінкевіч ня меў адвагі заявіць сябе шчырым беларусам, ня меў адвагі беларускую ідэю

  1. Сб. пост. и распор. по цензуре съ 1720 по 1862 г.; стар. 230.
  2. Ibidem; стар. 237.
  3. Н. Янчукъ, А. Киркоръ, „Древности“, 1888, ХІІ, с. 81.
  4. "Чырвоны шлях", № 7-8; 1918.