Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адзначаюць: у 1910 г.―Р. Земкевіч[1], А. Луцкевіч[2] і В. Ластоўскі[3], у 1912 г.―ізноў А. Луцкевіч[4] і М. Янчук[5], а ў 1914 г.―М. Бабровіч[6]; асабліва пашырыўся гэты погляд у беларускай літаратуры савецкай і наогул у літаратуры першых гадоў рэволюцыі. Пашыранасьць погляду аб забароне беларускага друку ў беларускай літаратуры, што часткова запазычана і з польскіх крыніц, было прычынай таго, што гэты погляд трапіў у літаратуры расійскую і ўкраінскую.

Варта адзначыць, што ўсе шматлікія даныя адносна забароны беларускага друку маюць паміж сабой шмат рознагалосіцы; яны нават ня маюць аднае пэўнае даты; розныя асобы, ня маючы пад рукамі ніякіх пэўных дакументальных даных, дату забароны друку адносяць да розных гадоў; так, напр., адны забарону друку адносяць да XVІІІ ст., другія—да часоў скасаваньня вуніі, трэйція — да літаратурнай дзейнасьці В. Дуніна-Марцінкевіча, чацьвёртыя―да часоў дзейнасьці генерал-губернатара М. Мураўёва, пятыя―да 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, а шостыя, не вызначаючы даты, наагул кажуць аб забароне беларускага друкаванага слова.

Разгледзім даныя, якія прыводзяцца ў адносінах да тае ці іншае даты:

1. XVІІІ стагодзьдзе. „Меморыя прадстаўнікоў Беларусі[7], якая была апрацована ў Лёзане В. Ластоўскім і ів. Луцкевічам[8] і падана ў 1916 г. на ІІІ швейцарскую конфэрэнцыю народаў забарону беларускага друку на абшары былой Расійскай імпэрыі адносіць аж да 1795 году, калі, пасьля далучэньня Беларусі да Расіі, на Беларусь нібы-то пашырыўся закон Пятра І, які ў 1720 г. быў выданы для Украіны[9]. У адносінах да Беларусі гэтым законам забаранялася "друкаваць у краёвай мові пісьма сьвятое і рэлігійныя кніжкі“. Далей у памянёнай меморыі чытаем: "мяйсцовыя ўласьці, тлумачачы па свойму і пашыраючы на Беларусь указ Пятра I, выдадзены ў 1720 годзе, не дазвалялі друкаваць ні воднай кніжкі ў роднай мове. Ад 1793-га да 1905-га году знаходзім толькі два выданьня беларускія, ― гэта два катэхізмы“.

  1. Земкевіч, Р. Д.-Марцінкевіч. „Наша Ніва“. Вільня, 1910. № 48, с. 730.
  2. Новина, А. (А. Луцкевіч) Бѣлоруссы, "Формы національнаго движенія въ современныхъ государствахъ. Ред. Кастелянскаго. Спб. 1910, стар. 387.
  3. Власт (Ластоўскі). Кароткая гісторыя Беларусі. Вільна, 1910, с. 91, 94.
  4. Новина А. (А. Луцкевіч). На дарозі да новага жыцьця. "Маладая Беларусь" Пецярбург, 1912; № 1, стар. 17.
  5. Янчукъ, Н. Нѣсколько словъ о новѣйшей бѣлорусской литературѣ. „Извѣстія Общества Славянской культуры", т. 1, кн. 1. Москва, 1912, стар. 91.
  6. Гмырак, Л. (М. Бабровіч). Беларускае нацыянальнае адраджэньне. „Вялікодная пісанка“, 1914, Вільня; стар. 15.
  7. "Вольная Беларусь", Менск, 1917, № 21.
  8. У артыкуле: 3. Ж. (3. Жылуновіч). Проф. Б. І. Эпімах-Шыпіла. ("Савецкая Беларусь", Менск, 1924, № 297) падана зусім няправільная вестка аб тым, што "Мэморыя" гэта нібы ўкладалася А. Луцкевічам і Б. Эпімах-Шыпілам.
  9. Адносна гэтага закону у украінскай літаратуры знаходзім наступнае: "Вже 1720 р. видано було Петром указа дабы в Малой Россіи вновь никаких книг, кроме церковных прежних изданій, не печатать, а и оные церковные старые книги―с такими же церковными книгами исправливать, прежде печати, с теми великоросійскими печатьми, дабы никакой розни и особого наречия в них не было". Одночасно з указом 21 липня 1721 р. звелено всі книги з украінських друкарень присилати в синодальну контору "исправления ради и согласия з великороссийскими", до чого призначоно од синода особливого "протектора типографий“. Політика Петрівська "Малую Россію к рукам прибрать", як заявив один із петрівських прибічників, продовжувалася що-раз то сильніше і за Катерини поставила вже отверто мету - викорінити в місцевому населенні развратное мнение, по коему поставляють себя народом от здешнего (великоруського тоб-то) совсем отличным". (С. Єфремов, Історія українського письменства, с. 120-122). Цытата мной прыведзена паводле кнігі: М. Яворський. Україна в епоху капіталізму. в. І. Харків. 1924; стар. 177.
    Тэндэнцыя з боку Маскоўшчыны выпраўляць мову стара-беларускіх рэлігійных кніжок у сэнсе збліжэньня з расійскай мовай атрымала яснае афармленьне яшчэ ў ХVІІ ст. (Гл. В. Ластоўскага, Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926; стар. 499-500).