Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ал. Шлюбскі.

Адносіны расійскага ўраду да беларускае мовы ў XIX ст.

Дасьледчык беларускай культуры, вывучаючы гісторыю беларускага друкаванага слова ў ХІХ ст., сустракаецца з даволі супярэчнымі фактамі і дакумэнтамі: з аднаго боку — пераважна беларускага — знаходзіцца значная колькасьць сьведчаньняў аб агульнай або частковай забароне беларускага друкаванага слова расійскім урадам, у пераважнай сваёй большасьці аснованых не на дакумэнтальных даных, а на вусна-літаратурных паданьнях; а з другога боку — пераважна расійскага ― знаходзіцца цэлы шэраг даных, якія, пры няўдумлівых да іх адносінах, могуць даць падставу лічыць, што царскі русіфікацыйны ўрад даваў поўную магчымасьць разьвіцьця беларускага друкаванага слова, а значыць і беларускага культ. нацыянальнага адраджэньня.

Гэты нарыс мае на ўвазе, пры дапамозе памянёных даных за і проці забароны беларускага друку, выясьніць, у меру магчымасьці, гэтае важнае ў гісторыі беларускае культуры пытаньне, якое покуль што нікім сур’ёзна ў цэлым не закранута і ня высьветлена.

Пачну з даных беларускай літаратуры.

І.

Першыя друкаваныя весткі адносна забароны беларускага друку зьявіліся ў польскай прэсе ў 1874 г. ў артыкуле Адама Кіркора „О lіteraturze pobratymczych narodów słowіańskіch“[1]; далей весткі гэтыя паўтараюцца ў 1885 г. ў сувязі з конфіскацыяй перакладу Дуніна-Марцінкевіча „Пан Тадэуш“[2].

У беларускім друку весткі гэтыя зьяўляюцца ў першы раз у 1906 г. ў артыкуле Мацея Крапіўкі (вядомай рэволюцыйнай пясьняркі-Цёткі): „тольки першы год, ― пісала яна, ― як нам беларусам дазволили друкаваць книжки па нашаму такими литэрами, якие нам патрэбны ― и польскими, и рускими (раней дазваляли друкаваць тольки рускими)“.[3] Далей даныя аб забароне беларускага друку ў 1907 г. ў сувязі з Дуніным-Марцінкевічам знаходзім у адным з выданьняў выдавецкага таварыства „Загляне сонца й у наша ваконцэ“[4]; далей забарону друку

  1. Kraków, 1874. стар. 55.
  2. Гл. нэкролёг Дуніна-Марцінкевіча ў часопісу „Kraj“, 1885, № 10 і арт. Ельскага „Bіałoruska lіteratura і bіblіografіa“ у выданьні „Wіelka Encіklop. Powszechna іllustr.“ t. VІll; стар. 652.
  3. Мацей Крапиўка. Як нам учыцца, „Наша Ніва“, 1906, № 1, стар. 5.
  4. Bіełaruskіje pіesnіary. ІІ. Pan Tadeusz. Pіecіarburh. 1907; стар. 7.