Перайсці да зместу

Вялікодная пісанка (1914)/Беларускае національное адраджэньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускае національное адраджэньне
Публіцыстыка
Аўтар: Лявон Гмырак
1914 год
Развагі і думкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларускае нацыянальнае адраджэньне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лявон Гмырак.

Беларускае національнае
адраджэньне.

I

XIX век, век пары і электрычэства ды вышэйшаго развіцьця дэмокраціі, каторая праз гэтае сталецьце дабыла сабе болей чым за ўсе быўшые перад ім сталецьця; век гэты быў такжэ і векам національнаго адраджэньня многіх, здавалося ужо саўсім занепаўшых націй. Такіх націй за папярэдніе сталецьця сабралося шмат. Часта бывала, што калі які народ запануе над другім, то с часам гэты апошні пападаў ня толькі у палітычную ды экономічную, але такжэ і у культурную залежнасць ад свайго ўладара. Перш наперш вышэйшые станы перэймалі аттуль мову, культуру, усе звычаі і мала памалу зусім чужымі, а нават ворагімі станавіліся свайму народу. Свайго трымаўся толькі народ, але дзеля таго, што ён сам быў прыгнечэны, ня меў ніякіх правоў чэлавека, — як той казаў „і ў людзі не лічыўся“, то на ўсё прыналежачае такому народу, на яго мову, звычаі, абычаі, паэзію і мудрасць, устанаўліваўся пагляд, як на нешта „грубае“, „простае“, „мужыцкае“ с чым „дэлікатные“, паны нічога супольнаго не маюць.

Багата уселякіх прычын прывяло да національнаго упадку розные націі. Разбірацца тутака у іх мы не маем змогі, агранічымся толькі адмечэньнем таго факту, што на пачатку XIX сталецьця такіх народоў было надта многа. Асабліва сумны абраз прэдстаўляло тады славянство. Палудзённые славяне, каторые былі пад гнётам турэцкаго дэспатызму, сыстэматычна былі дэнаціоналізаваны са стараны вышэйшаго духавенства, каторае у тых старонках было грэцкае, і не давалі дайжэ ніякаго знаку національнаго жыцьця. Другая частка палудзенных славян, каторая жыла пад Аўстрыей (усё заходняе славянство, акром палякоў) — знаходзіліся пад гнётам нямецкай культуры. А усходніе славянскіе народы, беларусы ды украінцы, зусім здавалося счэзлі як асобные народы.

З усей славяншчыны тады національна жылі толькі два усходніе славянскіе народы — Маскоўшчына і Польшча. Маскоўцы стварылі да гэтай пары агромнае і дужое гасударства; Палякі, якраз, ня доўга перад гэтым страцілі сваю гасударственнасць. Хоць у Прусіі ды Аўстрыі Палякоў тады колькі мага анямечывалі. Шлёнзк (Сылезія) ужо колькі вякоў нямеччэны, быў національна зусім заснуўшым, але палякі мелі гэткую багатую культуру што згінуць не маглі, тым болей, што надта многа духовых рэсурсоў бралі яны с пасярод апалячэннаго, саўсім адарваўшагося ад роднаго пня, панства Беларусі і Правабярэжнай Украйны.

Але ў пачатку XIX сталецьця, побоч з развіцьцем романтызму, пачынае скрозь па Эўропе праяўляцца любоў да народнай паэзіі і штукарства, ў сьлед за гэтым і да народу стварыўшаго гэту красу. Пачынаюць угледаць у долю занепаўшых народоў, раскапываць яго гісторыю; — знаходзяцца абаронцы пакрыўджэных, пачуваючые кроўную звязь сваю з народам. І вось пачынаецца національнае адраджэньне, навекі здавалося загібшых націй. Гэткі рух абхапіў надта многа як славянскіх, так і да другіх племён належачых народоў. І вось мы бачым, што напрыклад чэхі, у каторых, якіх 80 гадоў таму назад, усё панство было анямеччэно, чэская мова лічылася «простай», «мужыцкай» і гаварыў ею толькі працуючы народ; — за гэтых 80 гадоў яны здолелі стварыць багатую національную культуру, каторая усе іх патрэбы духовые здаволівае, — дабіліся для сваей мовы правоў і чуюць яе цяпер ва ўсіх урадовых установах (у усіх школах, як ніжэйшых так сярэдніх і вышэйшых навучаюць цяпер па чэску). Другіе адрадзіўшыеся народы адны болей, другіе меней, але усе гэтак сама, шмат чаго у гэтым кірунку зрабілі. Не адзінакавые усюды былі варункі, у якіх адбывалося національнае адраджэньне розных народоў: адны крэпчэйшых мелі ворогоў, ды болей уселякіх загародак і перашкод, другіе сустрэчалі на сваей дарозі меней усяго таго. У цеснай залежнасці ад гэтаго былі рэзультаты працы адраджаючыхся народоў.

А вось цяпер на шлях національнаго адраджэньня стануў і наш Беларускі Народ.

II

Цяпер Беларусы жывуць ва ўсей Магілёўскай губэрні, Мінскай (акром ўкраінскай часці Пінскаго павету. Гродзенскай (акром Кобрынскаго ды Брэстцкаго пав. дзе жывуць украінцы і польскай часьці Бельскаго, Сокольскаго) — Вітэбскай (у некаторых паветах тут жыве шмат латышоў ды старавероў — вялікаросоў), — Віленскай (акром меншай часткі сьвенцянскаго, Віленскаго, Лідзкаго пав. і большай — Троцкага, дзе жывуць Літвіны.

Далей Беларусы жывуць у 7 заходніх паветах Смаленшчыны, — 6 паўночных Чарнігоўшчыны, ды у пагранічных паветах губэрній Арлоўскай, Калужскай, Тверскай, Пскоўскай, Курляндзкай, Ковенскай, Сувальскай.

Усяго цяпер беларусоў набярэцца, калі прыняць у лік перэсяленцоў ды эмігрантоў, — 10,000 000 душ.

Багата гістарычных прычын злажылося на тое, што цяпер Беларускі народ па веры дзеліцца на дзьве часьці: на праваслаўных і каталікоў. Праваслаўных Беларусоў будзе каля 8 мільёноў, каталікоў — ня поўных 2 мільёны. Усё панства і часць мешчан адарваліся тут ад свайго народу, дзеля чаго цяпер Беларусы яўляюцца адным з найболей дэмократычных народоў на сьвеці — бо бадай што пагалоўна жывуць яны с працы рукамі.

Беларуская мова знаходзіцца цяпер на палажэньні «простай». Ніякіх правоў яна нідзе не мае. У усіх гасударственных ўстановах: — школе, судзе, воласці, праваслаўнай цэркві, пануе цяпер расейская мова; у каталіцкім касьцелі — польская. Інтэлігенція у Беларусі складаецца с памешчыкоў-палякоў, і апалячэўшых, с чыноўнічэства расейскаго і абруселаго ды мешчанства часцю абруселаго, часцю апалячэнаго.

Ня чуючы сваей мовы у ніякай установе і ад інтэлігенціі — цёмны селянін беларус думае; што яго мова гэта мова толькі бедных і безпраўных і ніякіх правоў ей не належыцца. У гэтай думцы трымаюць яго пакрыжаваные інтэрэсы пануючых націй, каторые паміма заўзятай барадзьбы паміж сабой, за культурнае панаваньне над Беларусамі, усёж такі дужа згодна стараюцца каб селянін беларус не разабраўся у тым хто ён такі. Ды ешчэ цэлы груд іншых варункоў, разбірацца у каторых тутка ня будзем.

Зусім нідаўна, можна сказаць, ніякай національнай сьвядомасьці у Беларусоў селян не было. Пачуцьце лёкальнай асобнасьці («тутэйшасці») у нас было даволі слабое. Ня толькі «вярхі», каторые даўно ужо адарваліся ад свайго народу, але і селянскіе дзеці, узгадаваные пад селянскай страхой, калі ім удавалося, так ці іначэй, выйсці «у людзі», стараліся забыцца чым скарэй «чые яны дзеці, якіх бацькоў» і цэліком перэхадзілі да дужэйшых. Аснаўная народная масса, хоць і аставалася беларускай, але так сама памаленьку траціла свае національные прыкметы. У мову усё болей ды болей ухадзілі чужые словы — чужые абычаі, песьні, адзежа і яны даволі лёгка выцесьнялі беларускае.

Багата дзеля якіх прычын дэнаціоналізаваўся беларускі народ. Дэнаціоналізація ішла з двох бакоў: праваслаўные Беларусы абрасеіваліся, а нават і самі сябе склонны былі лічыць «рускімі» (не разбіраючыся ў значэньні старасьвецкаго слова «рускі»); — каталікі, з аднаго боку так сама абрасеіваліся, з другога апалячываліся, ды называлі сябе «палякамі». Тые-ж «сыны вёскі», каторые зрабілі карьеру (разбагацелі), зусім перэхадзілі — хто к расейцам, хто к палякам.

Паварот да лепшаго пачынаецца толькі цяпер, калі беларускае адраджэньне, крок за крокам перэмагае тую путаніцу якая у цёмных галовах пануе і будзіць національную сьвядомасць. Паглядзімо чаму Беларусы дайшлі да національнаго упадку.

У асобную націю беларускі народ злажыўся дужа даўно з усходня славянскіх племён: Дрэгавічоў, Крывічоў ды Радзімічоў. Жыў ён тагды у звязі з другімі усходнімі славянамі, частка каторых у гэтым, меней болей часе, злажылася у Украінскі народ, а з другой часткі, ужо куды пазьней злажыўся вялікарускі народ.

Полаччына, захопліваўшая добрую палавіну Беларусі, усё-ж такі шмат меншае ад другіх абласцей, не прыймала учасця у супольным жыцьці Усходняй Славяншчыны у часе удзельнаго пэрыоду: яна усё неяк асобна жыла сваім жыцьцём. Асьвета тады у Полаччыне стаяла высока, народнае вечэ мело надта вялікае значэньне, князі шмат болей тутака залежалі ад веча, як у другіх абласцях (акром Ноўгарада). З усіх бакоў Полаччыну акружалі ворагі с каторымі яна стойка змагалася. У XII сталецьці ворагі сталі перэмагаць і, німаючы сіл адбівацца ад іх, — обласць дайжэ зусім дабравольна перэйшла пад ўладу, незадоўга перад гэтым узмацаваўшагося літоўскаго княжства. Літвіны тады не маглі пахваліцца высокай культурай: ні пісьменнасці, ні асьветы літоўскай не было і яны прынялі пісьменнасць, асьвету, формы гасударственнай і грамадзянскай організаціі ад Беларусоў. Гэткім парадкам беларуская мова сталася гасударственнай мовай ва ўсім княжстве. Знатные літвіны самі сталі гаварыць па беларуску. Разам з асьветай і гасударственнасцю Беларусы прыняслі у Літву і хрысьціянскую веру, на многа раней перад офіціальным хрышчэньнем Літвы. Хрысціянская вера, каторую прынясьлі Беларусы у Літву была усходняго-грэцкаго абраду, ці як тады называлі, «звычаю». Хрысьціянамі усходняго грэчэскаго звычаю былі ужо некаторые сыны Гедыміна (паміж імі і вялікі князь Ольгерд, хрысьціянскае імя катораго Дмітры), і усе Ольгердовічы. Вялікі князь Ягайла (Якоў) Альгердавіч, (перад тым Вітэбскі князь), — за катораго злучылася Літва с Польшчай і адбылося хрышчэньне Літвы, — так сама быў хрысьціянінам, па грэчэскаму звычаю, хрышчон быў малым будучы, — па літоўску нават гаварыць ня ўмеў і знаў толькі беларускую мову.

Само сабой, што Літва перамен у уклад беларускаго жыцьця не ўнасіла, а наадварот парадкі усе беларускіе, якіе былі за беларускіх князёў у Беларусі. заводзіліся і у самой Літве. Усяго новаго толькі і было што па мейсцо старых беларускіх князёў верхаводзілі цяпер князі літоўскіе, каторые як вышэй было сказана перэнялі мову, звычай і веру пануючые у той час у Беларусі. Дзеля гэтаго усходня-славянскіе обласці ахвотна перэхадзілі пад зверхнасць вялікаго князя, каторы ні ў чым не агранічываў далучыўшыеся землі, а бараніў ешчэ ад страшэннай татарскай навалы, каторая тагды заліла морэм-паводкай усю усходнюю часць Русі. Да канца XIV сталецьця гэткім парадкам, дайжа саўсім без вайны, Літва сабрала пад сябе усе беларускіе і украінскіе землі.

Надта сільнай літоўская дзержава не была, хоць і займала агромны абшар. У ей панавала тая-ж удзельная сыстэма, што і на Русі. Землі жылі самі па сабе, звязь была надта слабая, нават у найболей небаспечных для цэльнасці гасударства мамэнтах, далёка не заўсёды адна обласць памагала другой. А Літву з усіх бакоў акружалі ворагі с каторымі яна ледзьве-ледзьве спраўлялася. Вось гэта і было прычынай што Літва злучылася с Польшчай.

Вялікі князь Ягайла Ольгердавіч злучыў у 1387 гаду гэтые два гасударствы у адно, узяўшы за сябе замуж польскую каралеўну Ядвігу. Пры гэтым ён перайшоў з веры усходняго «звычаю» на заходні, гэта значэ у каталіцтва і у гэту, заходняго звычаю, веру, хрысьціў літоўскіх баяр, каторые ужо былі і каторые не былі ешчэ хрысьціянамі.

Гэткім парадкам за Ягайлы у Літве была афіціяльна устаноўлена гасударственнай верай, вера заходняго звычаю, — каталіцкая. Але дзеля таго, што Русь, як Белая, так Украінская, трымалася веры усходняго звычаю, то перэвага даная Ягайлам людзям веры звычаю рымекаго і палітычная залежнасць ад Польшчы, выклікала, нездаволеньне. Тым болей, што у Беларусі і Украйне ад вякоў у справах веры нікога не агранічываўшых, унесен быў Ягайлоў дэкрэт (выданный у Вільні у 1387 г.) у каторым гаворылося аб тым, што ён прысягнуў усіх падданых княжства літоўскаго, да якой бы яны не належалі веры «упрасіць, угаварыць, прызваць, а нават прымусіць прыняць веру рымскаго звычаю». Гэта ўсё ўзятае разам давяло мейсцамі да аткрытых бунтоў і ў канцы канцоў заместа злучэньня у адну дзержаву Літвы і Польшчы устаноўлена была унія (хаўрус) двох гэтых дзержаў і у Літве ізноў устаноўлены быў асобны Вякікі Князь.

Вялікім князём удалося с часам перэмагчы удзельных князькоў ды болей цесна звязаць у адно, асобные землі, але зусім атдзяліцца ад Польшчы не давалі унутрэнные сваркі ды небаспека са стараны ворагоў.

А з ворагамі усё трудней было сваімі сіламі змагацца. Баяры бачучы, што у Польшчы шляхта болей мела правоў чым яны ў сваім гасударстве, дзе перэмагалі вялікіе паны, хацелі болей цеснай звязі с Польшчай, У канцы баяры дабіліся свайго: дасталі гэрбы і прывілеі на меншых сваіх братоў селян і у 1569 гаду, у Любліне была падпісана умова Літвы с Польшчай, каторай гэтые дзьве хаўрусные дзержавы зліваліся саўсім у адну дзержаву, з адным каралём і супольнай гасударственнай Радай і Сэймам.

Пастаянные стасункі с палякамі, каторые з гэтаго часу на добра пачынаюць верхаводзіць у Літве, ды тое, што хоць роўные правы былі для ўсіх, але большых чыноў лацьвей было дабіцца каталікам, чым людзям веры грэцкаго звычаю, а да таго езуіцкіе школы ў каторых вучылася моладзь і баяр і шляхты, бяз розніцы веры, высіленая езуіцкая пропаганда каталіцтва і польскасці у езуіцкіх школах, каторые развівалі фанатызм сярод сваіх гадунцоў, давяло да таго, што шляхта даволі скора пачала перэймаць «лепшые» польскіе звычаі і мову і лічыць саміх сябе палякамі. Гэтым гадунцам езуіцкіх школ — паном шляхтам узгадаваным на лаціне і польшчыне, бо у езуіцкіх школах беларускай граматнасці не вучылі, лічучы яе граматнасьцю выключна «усходняго звычаю», — не падабалося тое, што у Літве па старому гасударственнай мовай была ўсё ешчэ мова беларуская і вось яны на сэйме у 1669 гаду, заместа яе, завялі мову польскую.

Калі посьле раздзелоў Польшчы, Беларусь дасталася Расеі — царыца Кацярына II — апіраючыся на тым, што беларуская мова падобна да расейскай ды калісь-то бытцым уся усходняя славяншчына жыпа супольнымі інтэрэсамі, стала лічыць Беларусоў расейцамі. Але як справядліва кажэ расейскі вучоны Пыпін, гэткі погляд апіраўся не на сурьёзным пачуцьцю племянной еднасьці, якой тады не было і не магло быць, а гэта ўсяго толькі было «казенное стремленіе до одноформенности».

Доўга гэты пагляд не утрымаўся. Ужо Цары Павал і Александар I, спагадаючы палякам ды шануючы іх культуру, сталі глядзець на Беларусь праз польскіе акуляры. Пры іх устанавіўся пагляд, што наш край зусім польскі. Пры іх польшчына у нашым краю надта узмацавалася; бадай што не надта далёка ад праўды думка, што за гэты час Беларусь болей апалячылася, чым праз ўсё істнаваньне Рэчы Паспалітай. Мікалай I болей скланяўся к тым поглядам якіх трымалася Кацярына II.

Поўны перэварот у палітыцы ураду у нас, наступіў посьле польскаго паўстаньня 1863 году, калі ізноў Беларусь была прызнана «ісконірускім» краем. Палякоў сталі ціснуць. Сыстэматычна павялося абрусеньне.

Пакуль усё гэта рабілося — беларускае селянство стагнало пад гнётам прыгону — паншчыны. Скасаваньне прыгону гэтак сама національнай сьвядомасці у селян не разбудзіло. Абрусіцельная палітыка толькі зрабіла тое, што расейская культура, якая да 1863 году зусім не даходзіла да народных беларускіх масс, цяпер сярод праваслаўных беларусоў пачала шырыцца. З другога боку — каталікі-беларусы што раз далей адыходзілі у польскі бок. Здавалося што поўная дэнаціоналізація усяго беларускаго народу, гэта толькі пытаньне болей ці меней далёкай будучыны. Здавалося… Але да гэтаго не дапусціло національнае адраджэньне.

III

У найтруднейшых варунках, нават у найболей здэнаціоналізаваных слаях, пачуццьце нейкай асобнасці у нас ніколі такі саўсім не счэзало. Шляхта лічучы сябе палякамі, сякіе такіе «тутэйшые», лёкальна-патрыотычные інстыкты заўсёды мела. Лічучы бацькоўшчынай Польшчу, — Беларусь правінціей яе, а беларускі народ часткай польскаго, — шляхта пачувала сваю племенную асобнасць ад праўдзівых палякоў. Гэткім лёкальным патрыотызмам пранікліся такжэ і некаторые выдатные польскіе вучоные ды пісьменнікі выйшоўшые з нашаго краю, каторые ахвотна браліся за разсьледаваньне гісторыі, этнографіі і пісалі абразкі з жыцьця нашаго краю.

Пасьле 1863 году суровые прасьледаваньня палякоў шмат аслабілі лёкальны патрыотызм, але бывае, што ён праяўляецца і цяпер. Багацейшые паны, каторые ездзюць па ўсяму сьвету, бадай што ніякай лёкальнай асобнасці не збераглі; затое памешчыкі сярэдняй рукі, а ешчэ болей дробная шляхта, тая і цяпер, хоць называе сябе палякамі і ў афіціяльных выступленьнях гаворыць па польску, але ў штодзенным жыцьці, у сваей сямьі ды сярод добрых знаёмых, гаворыць на палавіну па польску, на палавіну па беларуску, а, у сваей кампаніі, за чаркай, беларушчына зусім выцесьняе польшчыну.

Гэта самае мы бачым і сярод «вышоўшых у людзі» з беларускай вёскі: вучыцелёў, дробных чыноўнікоў і сярод часьці праваслаўнаго духавенства. У расейскую гаворку тутака уходзіць шмат беларускіх зваротоў і слоў. У сваей кампаніі беларушчына лунае побоч з расейскім. Стыкаючыся на службе с чыноўнікамі вялікаросамі, Беларусы не надта з імі сябруюць, усё болей сваей кампаніі трымаюцца; часамі паміж тутэйшымі і наезднымі нават праяўляецца нейкі антаганізм. Адным словам, тое «тоже малороссійскае» пачуцьце лёкальнай асобнасці, так прыкметнае па Украйне, у нас, хоць і шмат слабей, але так сама праяўляецца.

Дзеля таго, што тутэйшые палякі гэта найчасцей патомкі апалячэных беларусоў, — элемэнт гэты ад вякоў у нас сідзячы і цесна с краем і жыцьцём краю звязаны — тады калі расейцы да 1863 г. бадай ніякай ролі у культурным жыцьці нашаго краю не йгралі, — то і першые проблескі беларускай національнай сьвядсмасці, у палавіне XIX сталецьця, у нас праявіліся у форме польскай «тоже беларушчыны». Проблескі гэтые былі якбы далейшым развіцьцем пачуцьця лёкальнай асобнасці тутэйшай шляхты, і, папраўдзі кажучы, ня лішне далёка адышлі ад «тоже беларушчыны».

Першые паэты беларускіе (Баршчэўскі, Рыпінскі, Дарэўскі і др.), або пісалі па польску, усстаўляючы часам у польскі тэкст беларускіе словы (найчасьцей разгаворы селян па беларуску) або рабілі порэклады с польскіх пісьменнікоў, а калі і пісалі па беларуску орыгінальные творы (пісалі іх заўсёды лацінінікай), то праводзілі у іх шляхоцкіе і польскіе думкі. (Баршчэўскі нават выхваляў старо-шляхоцкі разгул і відаць жадаў павароту «сьветлых дзён»).

Марцінкевіч меў большы талент як яго папярэднікі, шмат напісаў па беларуску орыгінальных рэчэй, перэкладаў «Пана Тадэуша» і напісаў польско-беларускую опэру «Селянка“. Шкада толькі што ня многа далей адыйшоў ад сваіх папярэднікоў у сваім лёкальным патрыотызме. Варыга Дарэўскі бадай што стаяў бліжэй народу, але на жаль творы яго не былі друкаваны і яны загінулі. Пісало у 1840—50 гадах многа людзей па беларуску, але усе гэтые пісьменнікі тым толькі і розніліся ад тутэйшых польскіх пісьменнікоў, што часамі пісалі па беларуску. Прынцыпіяльнай розніцы паміж аднымі і другімі не было. Каб тады беларуская справа была пастаўлена зусім ясна, — надта магло быць, — што яны аднясьліся-бы да яе ворага.

У 1863 г. польскіе паўстанцы, каб прыцягнуць к сабе беларускіх селян, выдалі неколькі проклямацій па беларуску. У 1865 гаду было забаронена што будзь друкаваць па беларуску, што побоч з аслабленьнем лёкальных сымпацій сярод мейсцовай шляхты, на доўга затрымало дальнейшае развіцьце беларускаго пісьменства. Праўда што літэратурная творчасць беларуская ад забароны друку не замёрла зусім, шмат хто у гэтым часе пісаў па беларуску, але гэтые творы расходзіліся толькі у рукапісах і для шырэйшых слаёў (грамадзянства асталіся невядомымі. Тэндэнціі большасці гэтых твороў тые-ж, польскіе ды шляхоцкіе, што і іх папярэднікоў, але ужо уплетаюцца дзе не-дзе і новые тэмы: скасаваньне паншчыны, розные здарэньня, уцешные апаведаньня і сатыра.

У гэтым часе, пад канец XIX сталецьця, высунуўся наперад у беларускай пісьменнасці Ф. Богушэвіч. Ен сілай свайго таленту далёка аставіў ззаду усіх сваіх папярэднікоў і стануў на раздарожы беларускаго національнаго адраджэньня. З аднэй стараны у яго творчасці вычуваюцца шляхоцка-польскіе перажыткі, а з другога боку ён пранікнут духам расейскаго народнічэства, каторае набыў будучы у унівэрсытэці у Расеі, У прадмове да «Дудкі» ён у пастаноўцы беларускай справы ідзе шмат далей ад сваіх папярэднікоў, далёка шырэй глядзіць на яе. Ен першы падаў зусім ясна кліч „Не пакідайця мовы нашай беларускай, каб ня умёрлі“. Богушэвіч умеў унікнуць у долю і крыўду народу беларускаго і напісаў такіе сільные рэчы, як: „У судзе“, „У вастрозе“. „Скацінная апека“, і др., дзе панска-польскіх думак німа ані. І гэта старана творчэсці Богушэвіча дае яму пачэснае мейсцо у нашым пісьменстве.

Богушэвіч скрануў беларускае національнае адраджэньне, падаў кліч і яно памаленьку пачало разрастацца. У 1890-х гадах шмат дзе па уніварсытэцкіх гарадох пачалі арганізавацца беларускіе студэнцкіе гурткі. Найстарэйшы маскоўскі гурток — выдаў нават, пад канец 80-х гадоў, перэклаўшы з Гаршына, „Сыгнал“. Пры помачы вядомаго украінскаго дзеяча, Драгоманова, пачалі ў 80-х гадах выходзіць заграніцай першые беларускіе соціялістычные брошуркі. У 1908 гаду была надрукована беларускім пецярбурскім студэнцкім гуртком «Вязанка», зборнічэк вершоў Янкі Лучыны. Характэрна, што гэту кніжэчку, с прычыны забароны беларускаго друку, прышлося правясьці праз цэнзуру як кніжку на баўгарскай мове. З ажыўленьнем ў 1903—1904 г. г. грамадзянскай думкі у усей Расеі болей жыва пачынаюць працаваць і беларускіе гурткі.

У 90-х і 900-х гадох паяўляюцца такжэ „Очерки изъ жизни бѣлорусской деревниПшчелко. Каб лепей разабраць гэту кніжку, мы крыху азірнёмся назад.

Да 1863 г., хоць пробы абрусеньня пачаліся ешчэ пры Кацярыне I, культурны уплыў Расеі быў у нашым краю слабы і ня мог нават раўнавацца с польскім. Край наш пазнаў расейцоў пасьля раздзелоў Польшчы. Былі гэта прысланые ў „забраны край“ чыноўнікі, — элемэнт з жыцьцём краю і яго інтэрэсамі не звязаны, — дзеля чаго ніякіе лёкальна-беларускіе сымпаціі, каторые тады (у пачатку XIX ст.) сярод мейсцовых палякоў былі даволі сільные, паміж расейцоў не праяўляліся.

Посьле 63 г., паставіўшы сабе мэту зусім «абрусіць» наш край, правіцельство скінуло са службы усіх чыноўнікоў-палякоў, каторых перш было шмат, ды замяніло іх расейцамі. Расейцам-жэ правіцельство раздавало конфіскаваные у паўстанцоў-палякоў двары. Праз гэта расейскі элемэнт адразу сільна узрос і ўсё болей ды болей павялічываўся. Папаўнялі гэты элемэнт, як прыездные з Расеі, так і мейсцовые праваслаўные беларусы, «вышоўшые у людзі». Сярод гэтых беларусоў, а такжэ сярод часьці абсеўшых на зямлі расейскіх памешчыкоў, мала-памалу пакрыўшыхся слоем «тутэйшасьці» — праяўляюцца таксама лёкальные сымпаціі. Само сабой, што бацькоўшчынай яны лічуць Расею, Беларусь — яе апалячэнай правінціей.

Пшчолка — гэта тыповы пісьменнік, адбіваючый такіе настраеньня. Пішэ ён па расейску, але шмат устаўляе беларускіх слоў ды зваротоў, а іншые апаведаньня пішэ і зусім па беларуску. Талент Пшчолкі не малы, жыцьцё беларускай вёскі, якую бярэцца апісываць, ён знае добра, але беларускай мовы або добра ня знае, або сьвядома перакручывае яе на расейскі лад. На народ Пшчолка глядзіць спачуваючы, але на яго мову, абычаі з нескрыванай пагардай. Дае абразкі цемнаты і дзікасьці, часамі горка праўдзівые, — ешчэ часьцей — груба павялічэные. Пашаны да національнаго беларускаго гонару нідзе у яго непрыкметна. У некаторых творах, найчасьцей тых, што пісаны зусім па беларуску, пісьменнік пускаецца на кпінкі з беларуса, кшталтам вясёлых «жыдоўскіх», ці «армянскіх анэгдотоў». Апаведаньня Пшчолкі — мейсцамі гэта глум і здзек з беларуса. Але нашэ жыцьцё такое ужо гаротнае, што нават і Пшчолка мейсцамі мімавольна ледзьве што не на «грамадзянскіе матывы» пераходзіць.

Пшчолка ня толькі апаведаньня, але і стацьці у чорнасоценные газэты пішэ, тамака ён, як спэціяліст па часьці «беларускаго сепэратызму», дужа непрыстойна нападае на беларускае національнае адраджэньне.

Гэткіе апаведаньня зусім падходзяць да тых вымог, якіе можэ праяўляць лёкальны патрыотызм тутэйшых праваслоўных памешчыкоў, папоў і беларусоў чыноўнікоў, людзей адрэзаных ад народу і пагарджаючых яго. Сярод іх кніжкі шчолкі дужа популярны.

Мы так доўга затрымаліся над гэтым зусім не дзеля таго, што лічым творчасць Пшчолкі выдатнай літэратурнай зьявай, або каб прыдавалі ей якое небудзь значэньне для развіцьця беларускай національнай сьвядомасьці, — нас яна можэ цікавіць толькі як адгалосак слабенькіх беларускіх сымпацій тых кругоў, каторые дужа непрыязна ставяцца да нашаго національнаго адраджэньня.

IV

Калі у сьлед за «эпохай даверыя» пачалася у Расеі рэволюція, — беларускі народ раптам устрэпянуўся. «Беларуская Соціялістычная Грамада» у 1905—1906 г. г. выдае массу проклямацій, якіе хутка расходзіліся па ўсяму краю, выклікаючы нездаволеньне сучаснасьцю, а побоч с тым будзячы національную сьвядомасць. Шмат куды адозвы Грамады пападалі перш ад «літэратуры» расейскіх партій; з іх народ тамака атрымліваў першые паняцьця клясавых інтарэсоў і у такіх здарэньнях національные беларускіе дамаганьня (на каторые Грамада у сваіх выданьнях звертала увагу), ўхадзілі, як неразлучны элемэнт, у опозыціонны сьветагляд.

У 1906 гаду злажыўся «Беларускі Вучыцельскі Саюз», да катораго прымыкалі шырокіе кругі народных вучыцелёў. Побач з гэтым пачынаецца рух сярод моладзі сярэдніх школ. У глухоўскім інстытуці і 4-х вучыцельскіх сэмінарыях арганізуюцца пад національна-беларускім прапорам хаўрусы вучыцялёў; шмат прыхільнікоў беларушчына знаходзіць і ў духоўных сэмінарыях (асабліва праваслаўных)

У гэтым-жа гаду у Пецярбурзе аткрываецца выдавецкая суполка «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ», а у Вільні пачынае выхадзіць першая беларуская газэта «Наша Доля». «Наша Доля» пісала дужа востра, дык с 6 выйшоўшых нумэроў конфіскована 5. «Наша Доля» закрылася на 6 нумэры, але гэтые нумэры разышліся па ўсяму краю у тысячах экзэмпляроў і для узмацаваньня беларускай сьвядомасьці мелі вялікае значэньне. Tшчэ тады, калі жыла «Наша Доля», пачала выхадзіць другая беларуская газэта «Наша Ніва», каторая выходзіць і цяпер. «Наша Ніва» хутка пайшла ў народ і ўплыў яе тамака ўсё болей і болей узрастае. Паміж газэтай і чытачамі устанавілася цесная звязь. Шмат чытачоў працуе у газеці, прысылаючы вершы, апаведаньня і карэспандэнціі, каторых з ўсіх куткоў краю прыходзіць шмат. Гэта паказывае, што газэту чытачы лічуць сваей ды колькі мага працу яе падтрымліваюць, хоць гонорару за гэта не дастаюць ні капейкі.

Каб дайсьці да ўсіх беларусоў, «Наша Ніва», так сама як і «Наша Доля», выхадзіла друмя шрыфтамі: рускім і лацінскім. Пасярод беларусоў ёсць такіе, каторые чытаюць толькі лацінскімі літэрамі. Папраўдзі кажучы, заводзіць у газэці два шрыфты не было вялікой патрэбы: ⅘ Беларусоў — праваслаўные, каторые лацінскіх літэр саўсім ня ўмеюць чытаць; 1/5 — каталікі ды і тые вучацца чытаць у казённых школах і большасць граматных паміж іх знае расейскую грамату. Граматных толькі па польску ня так ужо і многа і расейская граматнасць, с павялічэньнем ліку школ, с кожным годам расьце.

С самаго пачатку трэба было прызнаць беларускім шрыфтам рускіе літэры, апіраючыся на гістарычные традыціі (уся старая беларуская літэратура друкавана славянскімі літэрамі) і практычную пастаноўку справы. Інакшая пастаноўка справы тлумачыцца тым, што с самаго пачатку зусім свядомых, шчырых беларусоў было ня помнага, перэмагалі «тожэ беларусы», каторые чыталі газэту і кніжкі, прызнавалі національные дамаганьня, але побоч с тым далёка не зусім парвалі звязі с тэй культурай, у якой гадаваліся. Гэткіх «тожэ беларусоў» было шмат, як з рарейскаго, так і с польскаго боку. Здараліся людзі паміж першымі і другімі, каторые былі склонны глядзець на беларушчыну, як на нейкі прыдатак да польшчыны ці расейшчыны. Рэдакція, хочучы захапіць як праваслаўных, так і каталікоў да беларускаго руху і здаволіць як адну, так і другую старану, пачала выдаваць газэту двумя шрыфтамі. Ня толькі сярод «тожэ беларусоў», але такжа і сярод шчырых беларусоў, нават каталікоў, гэткая пастаноўка справы выклікала нездаволеньне. Нездаволеньне — у меру развіцьця руху узрастало. Матыў нездаволеньня быў той, што пры двух шрыфтах нельга развіваць літэратуры і што яны раздзеляюць адзін народ на двое. У канцы (у 1912 году) рэдакція «Нашай Нівы» звярнулася да чытачоў з анкетай — на які адзін шрыфт перайсьці. Аграмадная большасць высказалася за гражданку, і у канцы 1912 году газэта пачала выхадзіць толькі гэтымі літэрамі. Нездаволеным гэткім паваротам справы аказаўся толькі клерыкальны-каталіцкі табор, каторы у скорасьці пасьля гэтаго пачаў выдаваць сваю клерыкальна-каталіцкую газэту «Biełarus» — лацінскімі літэрамі. Паступовые-ж беларускіе каталіцкіе кругі падалі голас за рускі шрыфт у Беларускай граматнасьці, шануючы національную традыцію.

Посьле 1905 году, як устрэпянуўся народ, паявілася шмат паэтоў. Народ прагаварыў песьняй. Паміж паэтамі і бэлетрыстамі аказалася ня мала людзей вялікаго таленту і яны ў кароткі час здолелі паставіць беларускае пісьменство на такую вышыню, якой яно перш не даходзіло, Гэтые пісьменнікі ужо зусім павярнулі нашу пісьменнасць на той шлях, да якога, адным бокам сваей творчасьці, прымыкаў Богушэвіч: на шлях рэалізму, глыбока пранікнутаго народалюбствам, здаровым оптымізмам, цьвёрдай верай у тое, што:

«Усё-ж такі, хоць некалі,
А праўды дачэкаемся»…

Характэрна, што гэтые пісьменнікі выйшлі ужо не спаміж апапячэнай шляхты, або абрусеўшаго чыноўніцтва, а спаміж самога працуючаго народу. Паміж імі болей праваслаўных, але шмат і каталікоў. Бадай усе яны — сыны народу; найболей такіх, каторые і цяпер працуюць рукамі. Найвялікшые інтэлігенты сярод іх — народные вучыцелі. Інтэлігентоў, хоць-бы і шчыра спагадаючых народу, праўдзівых дэмократоў, але выйшоўшых з другіх станоў (классоў), у беларускім руху, агулам, ня многа, а пісьменнікоў cярод іх — толькі на завод.

І хоць патэнтаваных інтэлігентоў сярод сучасных беларускіх пісьменьнікоў мала, ўсё-ж цяпер шмат лепей па беларуску пішуць, чым даўней, болей праўдзівых талентоў ды большую вартасць маюць творы, — болей пранікнуты сардэчным пачуцьцём і зразуменьнем народу. Некаторые нашых пісьменнікоў звярнулі бы ўвагу у любой старой і багатай літэратуры. Першае мейсцо займаюць: Якуб Колас, Янка Купала; далей ідуць — Алесь Гарун, Максім Богдановіч, К. Буйло, Цётка, Журба, Арол, Цішка Гартны, Янук Д., Лявон Лобік, Стары Улас, Паўловіч, Леўчык, Гурло, Ясакар; новэлісты: Тарас Гушча, Ядвігін Ш., Змітрок Бядуля, Максім Беларус, Галубок, Лейко, Алехновіч-Чэркас, Лёсік, Власт, Юшко і др.

Дагэтуль перэмагае ў беларускім пісьменстве рэалізм — у лепшым значэньні гэтаго слова. Пісьменнікі нашы, як праўдзівые народные інтэлігенты, цесна звязаны з гаротнай, абяздоленай народнай массай і перш наперш звертаюць ўвагу на тое, што іх акружае. Глыбока адчуваюць песьняры-паэты народнае горэ, жыцьцё безпрасьветнае свайго народу, на каторае: «як не глянеш, сэрцэ болем зашчыміць».

«У маім сэрцы горэ гэта
Адгалос зпаходзіць,
Сэрцэ-ж, жалем абагрэта,
Песьні смутку родзіць.
Ніхай плачэм ў сіняй далі
Песьня разліецца,
Каб ўсе людзі ў сьвеці зналі,
Як нам ту? жывецца»…

гэтак зарысовывае Колас мэту творчасьці беларускаго песьняра.

«Німа хлеба, німа солі
Чужому рабі;
Німа шчасьця, німа долі, —
Вот тут і жыві!
Вот зіма, мароз вялікі, —
Дровы ў Мінск цягні:
Дзеткі змёрзлі, енкі, крыкі, —
Вот тут і жыві!
Прайшла зімка, цёпла стала, —
Весна на зямлі,
А тут корму, хлеба мала —
Вот тут і жыві!
Весна, лета — час рабочы:
Ары, касі, жні:
Пот крывавы заліў вочы, —
Вот тут і жыві!
Прайшло лета, прыйшла восень, —
— Падаткі нясі,
А дзяцей абдзёртых восем, —
От тут і жыві!

(Янка Купала — «С песняў мужыка»).

Ня дзіва што гэткіе «родные абразкі» выклікаюць сумнае настраеньне і беларуская паэзія часта «плачэм — ў сіняй далі разліваецца».

Побоч са злыбедамі і нядоляй пануе у беларускай вёсцы страшэнная цемната, каторая часта прыводзіць да ўселякіх эксцэсоў, цяжкіх драм і, агулам, калечыць псыхологію чалавека, — дае развівацца горшым інстынктам. Патрасаючые, але праўдзівые абразкі «панаваньня цемні» дае у іншых сваіх апаведаньнях Змітрок Бядуля.

Гэта цемната, а такжэ зразуменьне, што надта многа уселякіх загародак і перашкод трэба перэмагчы, — зусім натуральна высовывае перад беларускімі дзеячамі пытаньне, пастаўленае паэтам Максімам Богдановічэм:

«..Сціснуло горэ дыханьне ў народзе,
Горэ усюды гануе!..
Хваляй шырокай разлілось, як мора, —
Родны ваш край затапіло…
Брацьця! Ці зможэм грамадзкае горэ?
Браця! Ці хопіць нам сілы?!»

На гэтае пытаньне беларускіе песьняры даюць катэгорычные атказы:

«Не! не праўда. Быць ня можа,
Каб ня грэло цёпла сонцэ!..
Наша праўда нам і паможэ, —
Блісьне сьвет і к нам ў ваконца».

(Якуб Колас — «Сябром»).

«Пры ласцы Божай усё мы зможэм,
Горэ затопчэм сільнай нагой,
Зможэм нядолю, зможэм няволю,
Сьветач запалім шчасьця свайго;
З’яснеюць ночы, высахнуць вочы
Злітые горкай бядноты сьлязмі;
Голад загіне, беда пакіне,
Долю мець будзем, эй, будзем людзьмі!

(Янка Купала — «Чаго нам трэба»).

«Цярпі, мой ты браце, і вер, што настане
Сермяжніку лепшае шчасьце, жыцьце.
Вер! будзе тваё на зямлі панаваньне,
На векі зваюеш ты горэ сваё».

(Галубок — «Сермяжнік»).

«От, убачыш, прыйдуць людзі
На ўспамогу ў грамадзе;
Кожны цэглу класьці будзе, —
От дзе праца загудзе!
Сьцены зробім чыста, гладка,
Як с крышталу, столь, як шкло…
Скажуць людзі: «вось дык хатка,
Роўнай ў сьвеці не было!»
Будзем есьці ў гэнай хаці
Смачны, чысты пульхны хлеб
Пойдзем, муляр, пойдзем браце!
Хай другі канчае склеп».

(Алесь Гарун — «Муляру»).

Гэткіх заяў мы маглі-б ешчэ шмат прывясьці, але і прыведзеные вышэй паказываюць, што нашы пісьменнікі пранікнуты здаровым оптымізмам, цьвёрдай верай у лепшую будучыну свайго краю і народу.

Зусім натуральна, што вуйшоўшые з народу пісьменнікі перш-на-перш звярнулі увагу на яго жыцьцё. Спачатку у іх творах перэмагаюць абразкі народнаго гора ды перэжываньня шчырых дэмократоў, глыбока задумаўшыхся над тым, як яго звясьці.

Але хоць дужа багатая ды ўдзячная гэта тэма, бадай што датуль яна ня счэрпаецца — дакуль будуць прычыны, выклікаючые гэткіе настраеньня пісьменстве; справядліва зразумеўшае сваю задачу, ды ня хочучы быць аднабокім, ею здаволіцца не павінно. Трэба звярнуць увагу такжэ і на другіе праявы жыцьця. Нашэ пісьменство зусім адпаведяе гэтым жаданьням: стаўляючы вышэйпамянутне тэмы на першым пляне, яно і на другіе патрэбы адгукаецца.

У Ядвігіна Ш., Паўловіча, Галубка і др. мы находзім пробкі праўдзіваго беларускаго гумару. Часамі там асьмеіваецца і селянін, але скрозь сьмех праглядае шчырае спагаданьне ды любоў да яго. Бывае, што адзін і той жэ пісьменнік дае гуморыстычные і пранікнутые «грамадзянскім жалем» панурые абразкі жыцьця.

Шмат ёсць дужа прыгожых малюнкоў прыроды. Усё болей ды болей прыбывае твороў што разгледаюць любоўные перэжываньня. Але хоць развіцьце беларускаго пісьменства адбывалося як раз у часе глыбокай рэакціі, калі шмат хто с пісьменнікоў у суседніх націй даходзіў у пастаноўцы напр. палавой справы да нігілізму, блізкаго да порнаграфі, то ў нашым пісьменстве ніякіх адгалоскаў гэтаго німа. Ня толькі пісьменнікі, што займаюцца малеваньнем «любоўных перэжываньнёў» паміж іншым, але і тые, хто, як напр. К. Буйло, у сваей творчасьці глаўным чынам на гэта звярнулі увагу — дужа далёкі ад моднай пастаноўкі гэтаго пытаньня.

Адным словам, беларускае пісьменство ідзе к таму, каб усестаронна здаволіць патрэбы свайго грамадзянства. Пакуль што ешчэ далёка да таго, каб гэтае жаданьне у поўнай меры наша літэратура здаволівала, бо ня так многа у нас пісьменнікоў — іншые з іх мала пішуць; але нельга забываць, што гэта толькі пачатак. Усё ж такі добра, што ідзе пісьменство тым шляхам, якім ісьці павінно.

Асобна ад другіх трэба паставіць паэта Максіма Богдановіча, каторы шмат нам даў тыповых пробак паэзіі «штукарство для штукарства».

Дэкадэнцкіх настроёў, так прыкметных цяпер у другіх пісьменствах, у нас бадай не бывае. Гэта бадай затым, што патэнтаваных і патомных інтэлігентоў сярод нашых літэратароў так як бы і німа. Гаротны народ з яго гаротнай доляй, з яго ня збыўшыміся ешчэ пакуль што ідэаламі ад такіх настроёў дужа далёк. Мы ведаем, што сярод сьвятлейшых расейскіх селян ды работнікоў надта любяць і чытаюць Некрасова, Глеба Успенскаго і др. пісьменнікоў-грамадзян, а сучаснымі дэкадэнцкімі пісакамі мала цікавяцца; гэтак сама і у палякоў; работнікі і селяне у Заходняй Эўропе, якіх там шмат, хоць надта выдатных талентоў сярод іх німа, — найболей пішуць аб сваім жыцьці і нядолі. Нашы пісьменнікі, як праўдзівые сыны народу, — тутака так сама зусім з імі згаджаюцца і далёкі ад дэкадэнцтва.

Гэтак стаіць справа цяпер, не іначэй хіба будзе і ў будучыні. Нашае панство національна хіба не адродзіцца, — усе варункі такіе, што на гэта лічыць ня можна; у будучыні національную культуру тварыць будзе сам працуючы народ, як і цяпер, Да яго-ж дэкадэнтам даступіцца ня лёгка.

Побоч с прогрэсам пісьменства развіваюцца і ўсе іншые праявы беларускаго жыцьця. З 1910 году пачынае выхадзіць Беларускі Календар — каторы цяпер расходзіцца што год блізка што у 20,000 экзэмпляроў па ўсей Беларусі. Разам с шырокай популярнасьцю ён здабыў сабе славу найлепшаго народнаго календара у нашым краю. У 1912 г. пачынае выхадзіць месячнік сельскай гаспадаркі «Саха» і парыодычные выданьня для інтэлігэнціі: «Маладая Беларусь». У канцы 1918 г. з’яўляецца месячнік «Лучынка» для маладзежы.

Усё большае ды большае лік свядомых беларусоў-пісьменнікоў. Пад національным прапорам гуртуецца шмат вучашчэйся моладзі, як у высшых так і сярэдніх школах. Крэпчэюць і далей развіваюцца старые беларускіе гурткі, усё болей і болей прыбывае новых. У гэтых жэ гадох творыцца беларускі народны тэатр і народные хоры. Драматычные гурткі і хоры закладаюцца як у некаторых большых гарадох, так нават дзе не-дзе і па мястэчках. Шкада толькі, што драматычная літэратура, як орыгінальная, так і перэкладная пакуль што бедна і толькі у малой частцы можэ здаволіць патрэбы. З якога боку ні глянуць на справу, ўсюды прымецен рух наперад

Будзіцца ад векавога сну і шырокая масса беларускаго селянства. Калі да яе даходзіць беларуская газэта, календар ці кніжка, — яна найчасьцей спатыкае шчырае і прыхільнае прывітаньне.

Усё-ж такі шмат ёсць ешчэ такіх куткоў, куды беларускіе выданьня не даходзілі і народ нават ня ведае, што яны ёсць на сьвеці. Сярод шырокай массы, час ад часу прачытаўшых тое ці другое, у роднай мове, дагэтуль у паглядах на національную справу так сама пануе блутаніна. Але усё гэта часовы і пераходны стан. Трывае ён — часьцю затым, што сьвядомые беларусы ня магуць як сьлед працаваць — надта многа усякіх перашкод і забарон яны усюды спатыкаюць.

Але не пужае гэта іх і не адбірае ахвоты працаваць для дабра свайго краю. Національна сьвядомые беларусы цьвёрда веруць у тое, што калі варункі палепшаюць — будзе можна вясьці шырэйшую работу, калі увесь беларускі народ даведаецца аб гэтым ды здалее падаць свой голас у гэтай справе, то ён зусім ясна і аткрыта стане на старане тых, каторые падалі голас у абарону свайго народу. Тады справу беларускаго національнаго адраджэньня возьме ён на свае магучые плечы, і зусім ня страшны ей будуць усе патугі ворагоў ды іх нападкі.