Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ды куды-ж пісаць іншае, калі пільнае вока окупанцкае цэнзуры дбайна сочыць за кожнай бадзёрай ноткаю, не дазваляючы ёй паказацца на старонцы газэты ці часопісу. І мы бачым, што з пачатку 1920 году да вызваленьня Менску ад палякаў М. Чарот зьмяшчае ў друку ўсяго тры-чатыры выпадковыя, ня зьвязаныя з яго агульнаю творчасьцю вершы, як: "На могілках", "Вечарам" і інш. Між імі пападаецца і верш "Памяці А. Гаруна". І вось М. Чарот сконцентраваў у радкох гэтага вершу моцную сілу процэсу народнага адраджэньня. Недарма гэты верш мае падзагаловак — "Жывыя акорды". У іх многа кіпучага, агністага жыцьця, прапушчанага нутром мяцежнага поэты.

Трэба сказаць, што і тэму для гэтага М. Чарот выбраў удзячную. А. Гарун, сапраўды, згарэў у змаганьні за "родны край і працоўны народ". Мы ня кажам аб яго дзейнасьці і творчасьці ў часы польскае окупацыі. Тады А. Гарун не прадстаўляў ранейшага поэты-барацьбіта. Запутаны ў сеткі рэакцыйнай незалежнасьці, ён збочыў з роўнага шляху і далёка адышоў ад ідэалаў беларускіх працаўнікоў, якія сам песьціў да таго і за якія цярпеў. Але М. Чарот не А. Гаруну астатніх дзён прысьвяціў свой натхненны верш. Ён, пішучы яго, бачыў перад сабою А. Гаруна — рэволюцыянэра і барацьбіта, якога:

Акорды будуць жыць — твой дар, поэт, на волі,
А з імі будзе жыць, "хто плакаў і стагнаў"... [1]

  1. "Завіруха", стар. 110.