Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адарваны ад роднай Беларусі, жывучы ва ўмовах, ня спрыяючых грамадзкай працы, М. Чарот песьціць думку аб вызваленьні роднае краіны. Пакідаючы яе ў 1916 годзе, цёмнай і запрыгоненай, ён выпявае пакуль балючыя свае пачуцьці, як вернага яе сына. Але ў гэтай балючасьці няма бязвыходнасьці. Перад поэтаю выразна бачыцца простае выйсьце:

Хутка прыдзе час-гадзіна, —
Вораг кіне кпіці.
Яму будзе дамавіна,
А мы будзем жыці[1].

Гэта цьвёрдая вера ў тое, што "мы будзем жыці", абымае ўсё нутро поэты. Вера яго выбаўляе ад суму і паступова штурхае да рэволюцыйнай чыннасьці.

Умовы польскае окупацыі выгодна спрыяюць М. Чароту ў гэтым напрамку. Праўда, поэта на нейкі час пакідае леру і бярэ стрэльбу. Але гэта патрэбна яму на тое, каб паўней перажыць пачуцьці ваякі, ачуць іх у сапраўднасьці, а ня толькі ведаць адцягнена. М. Чарот ясна разумее каштоўнасьць гэтага і становіцца ў шэрагі змаганьнікаў; ён уваходзіць у беларускую комуністычную організацыю. Апошняя занята групаваньнем збройных сіл для нізрынуцьця паноў-окупантаў, і пясьняр помеж з іншымі праводзіць гэту работу. Зрэдку, лічаныя разы, ëн садзіцца за пяро і насьпех накідае староньнія ад непасрэдных настрояў вершаваныя радкі...

  1. "Завіруха", стар. 108.