Старонка:Угрунь (1927).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нязнанае мне прад вачыма паўстала, —
любіў я, расхлыснуўшы грудзі наўсьцяж,
чытаць-пералістываць Янку Купалу
ўзьвівалася моладасьць „Шляхам Жыцьця“.

Вышылі мне ў васілёчкі кашулю,
стаў я ў рэдакцыях частым гасьцём.
Там кучаравага ўбачыў Бядулю,
сядзеў ён за большым, як сам, сталом.

А далей і болей… Сьвядома, выпадкам —
стаў чытачом беларускіх газэт.
І палюбіў „Беларускую Хатку“ —
мне праясьняўся няведамы сьвет.

Ў завулку Пярэспы, ў завулку зялёным
(быў вечар авіты красой пазалот…)
стаў мне выпадкам, здаецца, знаёмы —
мяцежны Кудзелька, шумлівы Чарот

Імчаліся дні! Ніхто іх ня зловіць!
Няма ім падобных, хоць крышку, цяпер.
Газэты расклеены… Александровіч, —
з другое старонкі падміргіваў верш…