Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/512

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

VII.

Апавяданьні.

1907—1916.

У сёмым разьдзеле зьмяшчаюцца апавяданьні М. Багдановіча, якія былі выдрукаваны пры жыцьці поэты ў розных часопісах і газэтах, а таксама і тыя, якія захаваліся ў рукапісах і выдаюцца першы раз.
Камісіяю сабрана шэсьць закончаных апавяданьняў на беларускай мове. Чатыры з іх („Музыка“, „Апокрыф“, „Апавяданьне аб іконьніку і залатару“ і „Шаман“) перадрукоўваюцца з беларускіх выданьняў; два закончаных апавяданьні („Марына“ і „Гарадок“) і два адрыўкі („Сярод глухой пушчы“ і „Вясной“) друкуюцца з аўтографаў.
З гэтых мастацкіх твораў два („Гарадок“ і „Сярод глухой пушчы“) прадстаўляюць сабою не апавяданьні ва ўласным сэнсе слова, а мастацка-апісальныя малюнкі старажытнага беларускага быту.
На расійскай мове зьмяшчаюцца ў выданьні чатыры апавяданьні: „Мадонна“, „Сон-трава“, „Страшное“ і „Катыш“. „Сон-трава“ і „Страшное“ друкуюцца з аўтографаў; „Мадонна“ і „Катыш“ перадрукоўваюцца з газ. „Голос“. 1. Музыка. Апавяд. перадрукоўваецца з „Нашае Нівы“ 1907 г. № 24.
„Музыка“ — першы друкаваны твор пісьменьніка на беларускай мове.
Тэма аб музычнай ігры, прыродзе гэтай ігры і аб яе ўплыве на людзей наогул цікавіла поэту. Так, напрыклад, у вершы „Ліст да Ластоўскага“ № 44 гаворыцца аб ігры на скрыпцы, як аб вялікім мастацтве, якое адбівае складаную псыхіку мастака.
Але ў апавяданьні „Музыка“ знаходзім і соцыяльны мотыў, якога няма ў „Лісьце да Ластоўскага“: поэта ўстанаўляе сувязь між ігрою музыканта і народным горам, якое музыкант адчувае лепей, чымся ўсе іншыя людзі.

2. Апокрыф. Перадрук з „Каляднае Пісанкі“ 1913 году.
У апавяданьні сустракаюцца формы дзеяслова цяперашняга часу, утвораныя на ўзор расійскае літаратурнае мовы: „працуючых“ (6 р.), „шукаючых“ (13 р.), „паучаючыя“ (19 р.)
На думку поэты, гэтае апавяданьне павінна зьяўляцца насьледаваньнем апокрыфічнай літаратуры, але зьместам яно хутчэй нагадвае народную легенду.
Асноўная ідэя „Апокрыфа“ (каштоўнасьць мастацтва ў людзкім жыцьці) набліжае яго да іншых твораў Багдановіча („Музыка“, „Шаман“, „Апавяданьне аб іконьніку і залатару“).
Як наогул у мастацкай прозе Багдановіча, мы ў гэтым апавяданьні сустракаем мастацкія вобразы, уласьцівыя яго вершам, напр., „жабы“, якія сьпяваюць у багне (12 в. „Апокрыфа“), сустракаюцца ў вершы „Рондо“ (№ 175).