Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/513

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

3. Апавяданьне аб іконьніку і залатару. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1914 г. № 7.
У гэтым апавяданьні, якое было выдрукавана ў 1914 годзе, мова поэты выглядае значна чысьцей, чымся ў папярэдніх. Можна думаць, што некаторыя папраўкі былі зроблены рэдактарам „Нашай Нівы“, але за адсутнасьцю аўтографаў няма ніякай мажлівасьці выдзеліць рэдакцыйныя папраўкі ад аўтарскага тэксту.
У апавяданьні сустракаюцца поленізмы, як, напр., „пся“, „заўшэ“.
„Апавяданьне аб іконьніку і залатару“ лексыкаю і сынтаксычным складам прадстаўляе сабою насьледаваньне старадаўным апавяданьням; вызначаецца яно вядомым бытавым колёрытам прыстасоўна да эпохі сярэднявечча.
Асноўная тэма апавяданьня — аб значэньні мастацтва — уласьціва і іншым творам Багдановіча, але ў даным творы пераважна разьвіваецца думка аб значэньні мастацкае формы і эволюцыі яе роўналежна з агульным разьвіцьцём культуры.

4. Шаман. Перадрук з „Нашае нівы“ 1914 г. № 26.
Дзеяпрыметы цяперашняга часу, утвораныя на ўзор расійскае літаратурнае мовы: „ускіпаючыя“, „узьвіваючыхся“, „стаячых“, „торкаючыміся“, „ідучых“, „запаўняючага“ і інш.
У 1-ай стар. трэба адзначыць выраз: „а ў ім кішма кішыць залатой-жа рыбы“ замест звычайнага „шмат залатой-жа рыбы“.
Аўтарам ужыта слова „звычайне“ замест літаратурнага „звычайна“.
Незразумелы тэкст „Нашае Нівы“ — „ня торкаючымся сэрца“ быў выпраўлены на „ня торкаючымі сэрца“.
Да слова „бакенаў“ („там-сям гараць аганькі бакенаў“) у „Н. Н.“ была зроблена зноска: „бакен — вялікі памаляваны паплавок, пастаўлены на вадзе, каб адзначыць глыбіню; ноччу на ім запальваюць агонь“.
Да слова „шаман“ у „Н. Н.“ зноска — „чараўнік“.
Асноўная думка апавяданьня выказана галоўнаю яго асобаю, якая пераказвае выпадак з шаманам (асабліва ў словах: „І здалося мне тады, што я на адзін з найвялікшых каранёў красы натрапіў“… Канчаючы славамі: „я ўпэўнены ў тым, што тут крыецца адзін з самых тлустых і цікавых каранёў гэтага пачуцьця“). Такім чынам, крыніца адчуваньня прыгожасьці жыцьця, па думцы апавядальніка, у тым, што людзі, змучаныя цяжарам жыцьця і жорсткасьцю грознай прыроды, самі стваралі сабе гэтае хараство, каб у ім знайсьці пазбаўленьне і заспакаеньне ад свайго жыцьцёвага суму. Аўтар прабуе пярэчыць гэтай думцы аб крыніцы хараства, але пасьля смутнага выпадку з патопленай лодкай ён сам прыходзіць да горкай думкі: „чаго варта краса гэтай цёмнай ночы“…
Аканчальная формула ідэі гэтага апавяданьня складаецца так: жыцьцё цяжка і нават трагічна, а пачуцьцё хараства — стварэньне нашага „я“, якое імкнецца знайсьці сабе спакой.
Гэтую формулу сваіх адносін да жыцьця Багдановіч выразна не падкрэсьлівае ў сваіх вершах, але абедзьве думкі — аб трагізьме жыцьця і аб суб‘ектыўнасьці пачуцьця хараства — адчуваюцца наогул у яго вершах і, між іншым, у вершах 1913-14 г.г.
У „Шамане", як і ў іншых апавяданьнях, знаходзім такія мастацкія вобразы, якія сустракаюцца ў вершах Багдановіча, напр., блеск луны на паверхні Волгі параўноўваецца з „кальчугою велікалюда“, з „залатым невадам“, у якім плюскаецца „залатая рыба“ (гл. вершы №№ 33, 93).

5. Марына. Друкуецца з аўтографу (п. III, № 1).