Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/VII/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
4. Шаман 5. Марына
Апавяданьне
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
6. Гарадок

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




5.

МАРЫНА.

Пасьля сквернага, задушнага дня няпрыкметна надышоў вечар, павеяў ціхі вецярок, і вуліцы Вільні пачалі ажыўляцца. Па шырокім тротуарам Георгіеўскага проспэкту ліўся жвавы, але яшчэ ня густы натоўп, кіруючыся да Бэрнардынскага саду, куды разам з усімі прынёс і мяне.

Незанятых лавак ня было, і прышлося апусьціцца на тую, дзе ўжо сядзеў нейкі дзядок з маленькай дзяўчынкай. Недалёка віднеліся зеленаватыя струі Вілейкі, каторая зрабіла тут шырокую луку, падмываючы гарысты бераг. Крута ўздымаўся ён, высокі і абрывісты, а па яго верхняму краю разрасьліся кучаравыя дрэвы і кусты; ніжэй зелянела трава, пад ёй-жа да самай вады ішлі жоўтыя, гліністыя скаты. І пекна было бачыць, як ірдзяны круг сонца, апусьціўшыся насупроць амаль не да зямлі, заліваў іх чырвоным сьвятлом, і яны браліся ў такі кволы агністы колер, каторы можна спаткаць толькі на скрыдэльцах матылькоў.

Але нядоўгавечна на сьвеце краса. Ніжэй і ніжэй спускалася сонца, зьнікаючы за шырокім кругам зямлі; усё бляднейшым рабілася агністае афарбаваньне высокіх гор, усё мацней праступала з-пад яго жаўцізна берагавой гліны. Нарэшце яно згасла ўканец… І неяк адразу ўсё вакол зрабілася дакучным і грубейшым; я пачуў, што паветра даўно ўжо напаўняецца халоднай вільгацьцю, а ў галаве вынікла думка, што хутка трэба йсьці дамоў, дзе прыдзецца размаўляць аб адной няпрыемнай справе. Не хацелася бачыць ані той бераг, ані горы, і я перавёў погляд на сваіх суседзяў па лаўцы.

Сухонькі, нізенькі, але досыць яшчэ жвавы старычок, трымаючы на каленях маленькую дзяўчынку з быстрымі вочкамі і сьветлымі ільнянымі валасёнкамі, наставіцельна казаў ёй:

— Німаш такога слова «апа», гэта-ж ты сама выдумала яго, а ўсе людзі кажуць «ма-ла-ко». Чуеш, Марыначка, ма-ла-ко?

— Апа.

— Ат якая ты! Ну, будзем тады гаварыць па кавалачках. Скажы, Марыначка, «ма».

— Mа.

— Скажы «ла».

— Ла.

— Скажы-ж яшчэ «ко».

— Ko.

— Вось як добра, разумніца ты мая. Ну, а цяпер усё разам: «Ма-ла-ко».

— Апа!

Я мімаволі расьсьмяяўся; засьмяяліся і дзяўчынка і старычок; мы пазнаёміліся.

∗     ∗

Ад тых часоў прайшло каля двух гадоў. Я падружыўся з Марынай, — мілай дзяўчынкай, каторай цяпер ужо быў чацьверты год, — пазнаёміўся з яе бацькамі і таварышкамі. Яна вучыла мяне гуляць у рожныя дзіцячыя забаўкі, я ёй апавядаў казкі, і мы абое вельмі цешыліся з нашага знаёмства. Асабліва-ж хораша было ісьці з ёй куды-небудзь на шпацыр, хаця-бы ў той-жа Бернардынскі сад. Тады ўсе сустрэчныя лічылі яе за майго дзіцёнка, і мне рабілася ад гэтага вельмі прыемна.

Таксама, калі ў версьні выдаўся першы зазімак, і чысты, пушысты сьнег усьцілаў вулкі Вільні, мы ня ўседзелі ў хаце. Шпарка апрануўшыся, вылецелі мы стуль, каб паглядзець, што робіцца на Вілейцы, — так казалі мы хатнім, — а сапраўды толькі дзеля таго, каб адзначыць на белым сьняжку як мага болей сьлядоў, папраламываць хрушчашчыя скарынкі лёду сяродзь калюжын, перадражніць азябшую, хрыплую варону на паркане. Разам з намі высыпаў ужо гурток рожнай моладзі, і мы з гоманам памкнулі ў Бэрнардынскі сад. Невясёла пазіраў ён: вільготны, гразны пясок выглядаў з-пад сьнегу на дарожках, мокрымі былі зялёныя лаўкі, дрыжэлі і хісталіся голыя галіны дрэваў. Мы падайшлі да Вілейкі. Холадам веяла ад яе пацямнеўшай вады, няпрыветна глядзеў круты бераг. Тут-жа адзінока стаяў апусьцелы гмах даўно ўжо зачыненага і закалочанага летняга тэатру, а на яго сьцяне вецер трапаў і прабаваў сарваць старую сьлізкую, напалову адляпіўшуюся, афішу. Нудна была глядзець на ўсё гэтае, і мы, патаптаўшыся, павярнулі назад. Але тут нас аклікнулі; з баковай дарожкі набліжалася панна, каторая, павітаўшыся, заглянула да аднаго з нас, — да Базыля, — у вочы і сказала з вясёлым сьмехам: «Вы чулі, Ганна Рафаілаўна выходзіць замуж за Яна? Шлюб прызначаны на заўтра».

Пасьля гэтых слоў сталася нешта зусім неспадзяванае. Базыль нязграбна ўзмахнуў рукамі, нямаведама чаму пачаў папраўляць сабе белы каўнерык ды, скончыўшы, апусьціўся на лаўку і закрыў далонямі твар, схіліўшы галаву амаль не да кален. Напружыліся жылы на яго шыі, і, як затрасьліся, так і не пераставалі трасьцісь вузкія плечы. Мы стаялі вакол, ня ведаючы, што сказаць, што зрабіць. Першай загаварыла Марына. Падышоўшы бліжэй да Базыля, яна трохі паглядзела на яго і жалобна сказала самой сабе:

«Плача… і невядома з чаго».

Пасьля падышла да яго і пачала прыгаварваць, як дзіцёнку, тыя самыя словы, каторыя, пэўна, ня раз казалі ёй самой:

— «Ня плач… ну, ня плач… Як табе ня сорамна: такі вялікі, а плачаш… Ня плач… Глядзі-ж, ня плач, а то і я заплачу».

І, бачачы, што Базыль не адбірае рук ад твару, трохі супынілася, але тут-жа нешта згадала і пачала шпарка шукаць у кішэні. Праз поўмінуты ў яе кулачку ляжала стракатая цукерка, каторую яна прабавала пакласьці ў далонь Базылю, прыгаварваючы разам з гэтым:

— «Вазьмі цукерку, толькі ня плач. Ах, які ты дурань… Чаго-ж ты плачаш? Я-ж табе цукерку даю».

А ў Базыля ад гэтай неспадзяванай ласкі і спачуцьця маленькай дзяўчынкі яшчэ мацней уздымаліся грудзі і прарываліся кароткія ўсхліпываньні.

Увагі

[правіць]

5. Марына. Друкуецца з аўтографу (п. III, № 1).
У канцы апавяданьня ў аўтографе рукою поэты пастаўлена дата — 1914 г.
Апавяданьне тэмаю, трэба думаць, зьвязана з падарожжам поэты ў Вільню ў 1911 годзе. (Ластоўскім ва „ўспамінах“ падарожжа пісьменьніка ў Вільню аднесена да 1912 году. Часопіс „Крывіч“, 1926 г. № 11).
М. Багдановіч дае ў ім шэраг тонка скомпанаваных малюнкаў віленскага жыцьця, а на іх фоне гісторыю знаёмства з маленькай Марынай і любоўную драму Базыля. Ці зьяўляецца апошняя асоба выключна стварэньнем поэты, ці яна ўзята з кола яго знаёмстваў, устанавіць немагчыма. Але прадмет няшчаснага каханьня Базыля названы імем Анны Р-ны, г. зн. тым імем, якое сустракаецца ў некаторых вершах М. Багдановіча.