Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/«Я сягоньня ўсім чужы»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дэпэшы бяз адрасу „Я сягоньня ўсім чужы“
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Поэта, які падаваў надзеі
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Я сягоньня ўсім чужы» (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Я СЯГОНЬНЯ ЎСІМ ЧУЖЫ“[1]

Літаратура, як і жыцьцё, ніколі не стаіць на адным месцы. Яна нясупынна разьвіваецца, ствараючы ўсё новыя і новыя мастацкія каштоўнасьці. Тады зьяўляецца крытыка, якая старанна адбірае горшае ад лепшага, ацэньвае мастацкія творы i робіць падагульненьне кожнаму творчаму моманту данай літаратуры. У нас на Беларусі справа ў гэтым кірунку да апошняга часу стаяла іначай. Адсутнасьць значных літаратурных кадраў прымушала браць на вучот чуць ня кожнага грамадзяніна, які прабаваў свае сілы ў галіне мастацкай творчасьці. Гэта-ж самая акалічнасьць вымагала ад крытыкі найдалікатнейшага абыходжаньня з кожным поэтам ці пісьменьнікам, каб не адбіць у яго ахвоты пісаць, у надзеі, што „з часам можа і будзе з яго толк“. Такім чынам, тая галіна літаратуры, якая ў нас носіць назву крытыкі, знаходзілася да самых нядаўных часоў у вельмі непачэсным становішчы непажаданага, але неадчэпнага прыдатку і ў сапраўдных поэтаў і пісьменьнікаў і ў падлеткаў з гомлетаўскімі настроямі і ў цэлага шэрагу катэгорый графаманаў усіх станаў і ўзростаў. Гэтым апошнія, дзякуючы адсутнасьці крытычнага разгляду іх „поэтычнага“ варыва, часамі пачынаюць сапраўды прымаць выгляд непадробленых мастакоў, чаму дапамагаюць іншы раз і надворныя поэтычныя адзнакі. Так! і на Беларусі пачынаюць зьяўляцца блокаўскія:

— длинные волосы
и говорит вполголоса…

Але да справы. Перад намі зборнік Язэпа Пушчы — славутага „беларускага імажыністага“, песьняра „рыкаючай раніцы“. Як гэта нядаўна было, калі гэты самы поэта разам з другімі маладымі літаратурнымі розначынцамі ўнёс сьмелы дысонанс у беларускую поэзію, дысонанс, які стаў цяпер пераважным акордам.

Але… „Времена шатки, береги шапки“ — казаў Пруткоў. Не зьбярог сваёй „шапкі“ Язэп Пушча, не па плячу яму вышла ўзятая ім на сябе задача, і вось Язэп Пушча, пакаціўшыся далёка ўніз, з шэрагу наватараў, папаў на самыя сапраўдныя задворкі беларускай літаратуры. Нам часта даводзілася чуць, што пры разглядзе твораў у нас прынята праводзіць рэзкую мяжу паміж „зьместам“ і „формаю“. Гэта, бязумоўна, памылковае сьцьвярджэньне і напэўна паходзіць ад тых, у каго, як кажуць „рыльце в пуху“. Зьмест і форма — гэта розныя бакі аднаго і таго-ж твору і ніякім чынам ня могуць быць разьмежаваны. Заняпад зьместу вядзе за сабою заняпад формы і наадварот, ніякі зьмест ня можа замяніць сабою адсутнасьць мастацка ўдасканаленай формы.

У рэцэнзаваным зборніку мы перш усяго спынімся на яго лексыцы — адзін з найбольш важных элемэнтаў мастацкага твору. Наша вялікае няшчасьце — гэта слаба распрацаваная літаратурная мова. Аб гэтым шмат пісалася ў нас і гаварыць лішні раз тут не даводзіцца. Лексыка Яз. Пушчы падлягае тым-жа законам, па якіх будуюць сваю лексыку бадай, што ўсе нашы маладыя поэты. Звычайна запазычваецца новае слова, уведзенае адным з тых нямногіх пісьменьнікаў, што працуюць над сваёю моваю, і паўтараецца гэта слова бяз меры і бяз сумленьня, дзе трэба і дзе нятрэба. Так было з дубоўкаўскім „імклівіць“ і „кармазінам“, так стала і з уведзеным ім у нашу літ. мову словам „мінор“ (таксама і „мажор“). У Пушчы і „роспач“, і „крышталі“, і „залатаструньне“ (?). Шмат у яго „цымбалаў“, „клёнаў“ (якія асабліва загулялі ў нашай поэзіі пасьля сьмерці Есеніна); „вечар зялёны“, „радасьць“, „сум“, „душа“, „далі“, „песьні“, „васільковая вясна“, „акорды“, „зоры“, — мы ня будзем спыняць увагу чытача пералічэньні ўсіх тых слоў, якія ствараюць аснову лексыкі Язэпа Пушчы і на якіх гарцуе амаль што ўсё наша маладое літаратурнае пакаленьне, якое проста лянуецца працаваць над сваёю лексыкаю, а аддае ў большасьці перавагу „гатовенькаму“.

У № 3Узвышша“ сябры згуртаваньня „Узвышша“ (да якога, як вядома, належыць і Пушча) напалі на Цішку Гартнага за тое, што ён ужывае такія зьбітыя і недарэчныя ў наш час вобразы, як „страла“ і г. д. Мы б сказалі словамі крылоўскай байкі

— Чем кумушек считать трудиться,
не лучше-ль на себя, кума, оборотиться!

Калі мы возьмем зборнік Пушчы, дык адтуль сапраўды павее цьвільлю словаў, якія ў большасьці нічога не гавораць ні розуму, ні сэрцу чытача (нават сярэдняга) і толькі паказваюць, што поэта ў свой час атрымліваў, мабыць, „пяцёркі“ па старажытнай гісторыі. Тут і Антоні, і Клеопатра, і Горацы, і златагрывы Пэгас, і Аполон, і „осанна“, і кастальская крыніца. Усе гэтыя словы даўным даўно ўжо здадзены ў архіў і ў расійскай і ў заходня-эўропэйскай поэзіі… А „струны“ — гэты абавязковы атрыбут лірыкі ХVІІІ стагодзьдзя!.. Адных толькі пяруноў не хапае…

З боку мэтрыкі ў Язэпа Пушчы справа стаіць крыху лепей. Вершы яго бадай што выключна напісаны чатырох-ці трохдольнікамі, вельмі густа ўснашчанымі іпостасамі. Дзякуючы таму, што Пушча мала лічыцца з страфічнай композыцыяй, У яго радкі разьбягаюцца „кто в лес, кто по дрова“, што робіць ня зусім прыемнае ўражаньне на чалавека з самым малым музычным слухам. Так, у строфе:

Ня шумі, бяроза, з клёнамі пад пуняй,
ня хістайся веткамі наўслонь.
Трымціць, заходзіцца залатаструньне;
лісты люляюць ласку слоў.

Кожны радок мае сваю ўласную, незалежную ад другіх пабудову. Гэта якраз пачынальная страфа і, здавалася-б, увесь верш пабудованы ў асымэтрычным пляне. Але далей верш разьвіваецца зусім нормальна і, такім чынам, першая страфа здаецца як-бы адрэзанаю ад усяго вершу. Гэта выпадковы прыклад, але вельмі характарны для мэтрычных прыёмаў Пушчы і паказвае альбо бясплённыя патугі на стварэньне свайго ўласнага стылю, альбо, праўдзівей, няўменьне справіцца нават з тым бедным запасам слоў, які заключае ў сабе лексыка поэты.

Рыфмоўка ў Пушчы пераважна крыжаваная і часта сумежная. Спатыкаюцца прыклады трапнай рыфмы, як калярова — каля рову“, „Беларусі — абрусы“ і г. д. Але „юнацтва — мастацтва“, „струны — руні“, „ліпы — ліпень“, „далёкіх — лёгкім“ і г. д. -адносяцца да катэгорыі заежджаных рыфм. Шмат ёсьць рыфм такіх, у якіх толькі сам аўтар мог-бы знайсьці сугучча, як „завіць — зарніц“, „умывала — бялявы“ і да г. п.

Вобразная композыцыя Яз. Пушчы ў рэцэнзаваным зборніку не пакідае жадаць нічога лепшага!.. Возьмем некалькі прыкладаў:

хмельна-імпэтныя хвалі
ў далі крышталі ўлюлялі…

Страшэнная мілагучнасьць!… Багаты сэнс!..

Сьлязамі горка плача даль
і клён з кароваю ля стайні.

Далей, у гэтым-жа вершы:

Ня буду ў песьнях буйным больш
калі карова зарыкае.

Што і казаць!.. Дробны народ пашоў!

Раней хоць раніца рыкала!..

Сонца ўсходзіць паміж гор
і сьпіну залоціць зьверу.

Ад комэнтарыяў устрымліваемся з далікатнасьці. Яшчэ адзін апошні прыклад:

Нехта вусны да сіня насініў
і раны цалуе зямля.

Калі чытаць без перапынку, дык выходзіць вельмі мілагучна! А сэнсу… Альбо яшчэ: „зара заранкаю…“ і г. д.


Урэшце трэба сур‘ёзна задаць сабе пытаньне: чым тлумачыцца заняпад поэты, дзе знаходзяцца прычыны гэтага, ці зьяўляюцца гэтыя прычыны чыста суб‘ектыўнымі, ці залежаць ад об‘ектыўных абставін. Адказ на гэта трэба шукаць у мотывах творчасьці Яз. Пушчы, у тым зьмесьце, які ён укладае ў свае нязграбныя радкі.

Душой сагрэты сьпеў
прынёс я вам з лясоў.

Так зьвяртаецца да чытачоў Яз. Пушча ва ўступным вершы. Які-ж гэта сьпеў сагрэла душа Пушчы? Вось ён (стар. 7).

Ой галосяць мінорныя струны, —
пэрламутныя сьлёзы на руні!
Ой, зайшліся, зайшліся ад жалю…
ніяк суму ня зважаць на шалі.
Веснавыя ў смутку ясноты, —
лямантуюць высокія ноты.
Ня скрышталіцца роспач іх лёдам, —
колькі новых жахлівых мэлёдый!
У сонату зьвіюцца акорды, —
ой вы, струны жыцьцёвасьці горкай!

Мы ўзялі першы толькі верш з таго цыклю ныцьця, якім зьяўляецца ўвесь зборнік „Дні вясны“ (якая іронія!). Мы ня можам і ня будзем вымагаць ад якога-б ні было поэты, каб ён культываваў у нашай поэзіі беспадстаўны оптымізм, дутую „радасьць“, якая нічым не апраўдана. Поэта павінен адбіваць жыцьцё, як яно ёсьць — і смутак i радасьць — у цэлым комплексе ўсіх жыцьцёвых зьяў. Толькі людзям, безнадзейна пакрыўджаным жыцьцём, уласьцівы тыя плаксівыя, як асеньні дождж, потэтычныя лемантаваньні Пушчы пра жыцьцё і лёс Беларусі, які такі цяжкі, што бедны поэта ня ведае нават, што зрабіць. Аб гэтым нібыта цяжкім лёсе Беларусі Язэп Пушча з выглядам вернага Лепорэлё даводзіць нават да ведама Рабіндраната Тагора, праўда, у вельмі асьцярожных выразах (верш на стар. 65).

Менш дробныя групы мотываў у лірыцы Пушчы займаюць мотывы косьмічнага парадку, якія прадстаўляюць некаторае насьледаваньне Есеніна, але маюць больш яскрава выражаны характар: карацей кажучы — Пушча выступае ў ролі інтэрнацыяналістага:

Я сын Зямлі, я сын Плянэты.

У сваёй роспачы і безнадзейнасьці Пушча зьвяртаецца да нейкай здані, якая павінна яго вызваліць.

— Ave Maria!

Нарэшце, некалькі вершаў прысьвечана мотывам каханьня (з мастацкага боку яны найбольш удачныя). Адзін з такіх вершаў (стар. 11) па сваёй сэксуальнай насычанасьці можа паспрачацца з такімі творамі, як „Луна с правой стороны“ і інш.

У Пушчы часамі вынікаюць сумненьні:

Няўжо восень мой жудасны госьць?
Няўжо восень я ў песьні нашу?

Але і сам прызнаецца:

Дружбакоў-таварышоў ня маю,
я сёньня ўсім чужы.

Безнадзейнасьць!.. І вось у гэтай роспачы, у гэтай безнадзейнасьці трэба шукаць карэньняў таго, што Пушча, заместа мастацкіх твораў, пачаў падносіць чытачу няўдалыя практыкаваньні, пад якімі можа пасаромеліся б падпісацца многія з тых, чыя творчасьць шчодра комплектуе рэдакцыйныя кошыкі. Менш роспачы, болей працы над сабою — вось той шлях, якім павінен пайсьці Пушча і які прывядзе яго, магчыма, да самых найлепшых вынікаў. Трэба і крытыцы меней сьпяваць дыфірамбаў поэтам. Творчасьць Пушчы — навочны довад шкадлівасьці залішняга расхваліваньня.

Верасень, 1927 г.


  1. Язэп Пушча. Дні вясны. Поэзія. БДВ. Менск. 1927 г. Стар. 86. Ц. 60 к.