Назораэру
Назораэру Артыкул 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 8 |
О-Тэі → |
Японскія апавяданьні.
Назораэру.
У Японіі вялікае значэньне прывязваюць да сьвядомай мысьлі, сьвядомай сільнай пастановы, сьвядомага сільнага жаданьня чалавечага. На гэтым апіраецца вера, што гэткае жаданьне, або пастанова варты гэтулькіх, як і сам чын, каторы мы хацелі-б зрабіць, каб здолелі. Іначай кажучы — добрая і наскрозь шчырая воля зрабіць што небудзь, лічыцца там гэтулькі-ж вартай як і сама работа, як дакананы чін.
Скажам, што нехта ня можа пабудаваць будыйскай сьвятыні — пагоды — бо на гэткую справу ён за бедны. Але калі ў яго ёсць крэпкае жаданьне пабудаваць пагоду, ён можа перад фігурай Будды (заснаўнік Буддыйскай веры) палажыць камянь, маючы ў душы тое высокае пачуваньне, што як-бы ён меў спрамогу, то пабудаваў-бы самую прыгожую пагоду. І гэты маала варты камянь будзе такой заслугай, як і пабудаваньне ўсей сьвятыні.
Возьмем другі прыклад. Вы ня можаце прачытаць усіх томаў буддыйскага сьвятога пісаньня, — а іх ёсьць шэсьць тысяч семсот семдзесят адзін том — але вы можаце знарок зрабіць паліцу на гэты кніжкі з тым сьвятым жаданьням, што каб вы маглі, то ўсе тыя кнігі прачыталі-бы. І заслуга ваша будзе такая, якбы вы і запраўды прачыталі.
Гэткае наскрозь шчырае жаданьне, якое пры нестачы магчымасьці, выяўляе чалавек меньшым чынам, называецца па японску „назораэру“.
Рэч пэўная, што гэткае паняцьце мае для жыцьця вялікае значэньне — яно ўзвышае душу. У першы чарод кладзецца вага на добрую і шчырую волю, нават тады, калі-б гэтай добрай волі нельга было ўцелаісьціць. І тую добрую волю, тыя ўзвышаныя пажаданьні і пачуваньні песьцяцца там, ў душы, нават тады, калі ў чалавека няма спрамогі зрабіць вялікай добрай справы. А дзе ёсць гэткія пачуваньні, там павінны яны праяўляць свой ўплыў на паступаньне чалавека — нават ў тых рэчах, якія чалавек сьвядома не вяжа з яго высокімі жаданьнямі і пачуваньнямі.
Ды паняцьце „назораэру“ шмат шырэйшае. Калі да вас ўлезе злодзей і ўкрадзе вашы рэчы, а вам удасцца ў садзе знайсьці сьлед яго ног, то вы бярэце травы з яго сьледа і паліце з тэй думкай, што гэта вы пячэце яго самога. Тады яго подошвы павінны так распаліцца, што ён датуль ня будзе мець супакою, пакуль ня прыдзе і ня прызнаецца. Падобных прыкладаў можна знайсьці багата.
Сіла мысьлі можа, ў разуменьні японцаў, мець значэньне і па сьмерці чалавека. Калі нехта памірае з сільнай пастановай, што па сьмерці павінен зрабіць камусь добры учынак, або памсьціцца за крыўду, то можна быць пэўным, што ён гэта споўніць.
На аснове гэтага пянацьця складаецца ў Японіі шмат пекных апавяданьняў, з якіх некалькі мы тут падаем.
Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.