Дыплёмацыя (казка)
← Дзікінікі | Дыплёмацыя Народная казка 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 13-15 |
Дыплёмацыя.
Кара павінна была адбывацца ў судзе, каля гасподы дайміоса.
Засуджанага прывялі і паставілі на калені, на роўнай зямлі, агароджанай камяннымі плітамі. Яму скруцілі назад рукі, прынясьлі вёдры з вадой, а такжа мяшкі, напоўненыя камянямі. Стаячага на каленях аблажылі мяшкамі і сьціснулі так, што ён ня мог крануцца.
Прышоў самурай, азірнуў прыгатаванае, пахваліў, што ўсё добра, не зрабіўшы нікому ніводнай увагі.
Раптам засуджаны крыкнуў да самурая:
— Праступак, за які мяне судзілі, я споўніў нясьведама, ня ўмысна. Тут вінна мая неразвага. Па праву Кармі я радзіўся няразумным на сьвет і дзеля гэтага часта памыляўся. Але ня справядліва забіваць чалавека за яго глупоту і гэта нясправядлівасьць павінна быць пакарна. Яе чакае помста. І тая помста такая пэўная, як мая сьмерць. Нянавісьць, якую вы распалілі, зродзіць помсту, за зло заплаціцца злом.
На Усходзе ёсьць вера ў тое, што небасьпечна забіваць чалавека, якога душа поўна нянавісьці і злосьці: дух яго можа памсьціцца на тым, каго ён лічыць вінным у сваей сьмерці.
Самурай ведаў гэта. І лагодна, бытцам заікаючыся, сказаў:
Па сваей сьмерці можаш пужаць нас сколькі хочаш. Але я ня веру, што ты запраўды гэтага хочаш. Дай нам які небудзь знак тваей нянавісьці, тады, калі твая галава адляціць. Хочаш?
— Хачу, — сказаў засуджаны.
— Добра, — сказаў самурай, — выцягаючы доўгі, бліскучы меч. — Я цяпер адсяку табе галаву; перад табой камянная пліта. Папробуй зубамі за яе ўчапіцца, калі твая галава адпадзе ад цела. Калі твой разгневаны дух дасьць табе сілу гэта зрабіць, мы ўсе са страху задрыжым перад тваей помстай. Хочаш ўчапіцца зубамі за камянную пліту?
Я ўчаплюся за яе — закрычаў засуджаны ў найбольшай нянавісьці. Я ўчаплюся… ўчаплюся!..
Меч бліснуў, як маланка. Пачуўся сьвіст, — бух — і прыцятае цела пахілілася на мяшкі. Брызнулі два паясы цёплай крыві і галава пакацілася.
Усе глядзелі як пакацілася яна да камяня, раптам падскочыла і ўчапілася зубамі за пліту. Момант яна так трымалася, ўрэшце, аслабеўшы, звалілася на зямлю.
Ніхто ня сказаў ні слова. Слугі самурая са страхам глядзелі на свайго пана. Здавалася, што той быў саўсім спакойны. Ён падняў закрываўлены меч, слуга яго паліў вадой — і асьцярожна выцер сталь мяккой паперай.
Гэтак закончылася афіцыяльная часьць здарэньня.
У працягу некалькіх месяцаў падданыя і слугі самурая жылі ў бязупынным страху, што вось, вось зьявіцца дух праступніка з помстай. Усе былі пэўны, што грозная кара ім нямінуча. Ад уставічнага страху ўсё ім нешта прачувалася і чмуцілася. Яны здрыгаліся ад шэлясту ветру, нават ад дрыжэньня цені дрэў у садзе. Ўрэшце, — па доўгіх нарадах — пастанавілі папапрасіць свайго пана, каб закупіў модлы дзеля перапрошаньня мсьцівага духа.
— Але-ж гэтага саўсім ня трэба — сказаў самурай калі найстаршы перадаў яму агульную просьбу. — Я разумею, што вы баіцеся помсты, якой гразіў засуджаны. Але дзеля гэткай баязьні німа ніякае асновы.
Слуга з няверай паўзіраўся на пана, ды не адважыўся пытацца чаму ён такі спакойны.
Самурай згадаў мысьлі слугі і сказа;
— Справа вельмі простая: толькі апошняе жаданьне таго чалавека магло быць набасьпечным, але калі я сказаў яму, каб ён даў мне знак, я адцягнуў яго думку ад помсты і звярнуў у іншую старану. Ён памер з крэпкім жаданьнем, з крэпкай пастановай ўчапіцца зубамі за камянь — І гэта ён даканаў. Іншага крэпкага жаданьня тады ў яго ня было; а слабае бажаньне помсты, ён забыўся: Дык, бачыце, што німа прычыны баяцца.
І, запраўды, памершы ня зьявіўся і нічога страшнога не сталася.
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |