Перайсці да зместу

Пахаваная тайна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ошыдоры Пахаваная тайна
Народная казка

1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 11-13
Дзікінікі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пахаваная тайна.

Даўно, даўно жыў у правінцыі Тамба багаты купец, Інамурая Гэнсуке з дачкой, якая звалася О-Сано, пекнай і разумнай дзяўчынкай. Ён адаслаў дзяўчынку ў вялікі горад, Кіото, каб там магла набыць ўсіх тых навук, якія мае места, а якіх ня мае вясковая школа.

Калі дзяўчына скончыла школу, яна вышла замуж за купца Нагорая і Пражыла з ім вельмі шчасьліва чатыры гады. Было ў іх дзіцятка-сынок. Але на чацьвертым годзе замужжа О-Сано занядужала і памерла.

На другі дзень, пасьля яе похаранаў, малы сынок расказаў, што маці вярнулася і ёсць у сваей сьвятліцы. Ён бачыў яе там. Яна ўсьміхнулася да яго, але нічога ня сказала. Ён спужаўся і ўцёк.

Чуючы гэта, старэйшыя дамоўцы пашлі ў сьвятліцу, якая нядаўна належала да маці хлопчыка. І што-ж? Пры сьвятле лямпы, што цеплілася перад дамовым аўтаром, яны пабачылі ўмершую. Яна стаяла перад шафай, дзе была яе адзежа і каштоўнасьці. Галава і плечы былі выразна відаць, а ногі бытцам расплываліся і губіліся у нейкім тумане. Яна выглядада, як сьвяны партрэт, празора, як цень на вадзе.

Пабачыўшы яе дамоўцы перапужаліся і скора сабраліся ды зачалі раіцца, што рабіць.

— Кабеты любяць свае рэчы, — сказала свекра. — Любіла іх і О-Сана. Можа быць, што яна вярнулася, каб яшчэ раз імі пацешыцца. Гэтак бывае часам, пакуль не аддасцца рэчаў ў царкву. Я думаю, што трэба аднясьці у царкву адзежу і паясы, тады дух яе супакоіцца.

Усе з тым згодзіліся і пастанавілі зрабіць гэта чым барджэй. На другі дзень выбралі усё с шафы і аднясьлі ў царкву. Аднак-жа вечарам О-Сано зноў зьявілася і стаяла, як сьпярша, ня спускаючы вачэй з шафы. Трэцяга вечара ізноў зьявілася, чацьвертага ізноў і на дамоўцаў напаў страх.


Сьвекра О-Саны пашла ў царкву, расказала усё духоўніку і прасіла рады. Была гэта пагода сэкты Зэн, а духоўнікам быў разумны старац. Дайгэн-Ошо.

— Штось павінна быць ў шафе, або каля яе, што трывожыць нябошчыцу, — сказаў старац.

— Мы ўсё выбралі с шафы — сказала сьвекра — шафа парожная.

— Добра — сказаў манах — сягоньня вечарам прыду і перабуду ноч у яе сьвятліцы, то можа выясьню гэту дзіўную прыгоду. А вы падбайце, каб да мяне ніхто ня ўходзіў, хіба калі-б я каго паклікаў.

Калі зайшло сонца, Дайгэн-Ошо прышоў у дом памершай. Для яго была прыгатавана сьвятліца. Апынуўшыся ў сьвятліцы сам адзін, ён пачаў чытаць сваё сьвятое пісьмо — Сутры. Усе было ціха да першых пеўняў. Калі, адразу, перад шафай стала відочна пастава О-Сено. Выраз твары быў зажураны, яна ўзіралася на шафу.

Манах адчытаў празначаныя на гэткія здарэньні малітвы, паўтарыў пасьмертнае імя О-Саны і сказаў:

Я прышоў сюды, каб табе памагчы. Магчыма, што ў шафе схавана нешта, што цябе трывожыць. Ці можна мне пашукаць?

Відаць было, што прывід кіўнуў злегка галавой на знак згоды.

Цяпер старац пашукаў у адным месцы — нічога. Пашукаў у другім, трэцім — ўсюды парожна. І сьледу ня відаць, каб магло быць дзе што захаванае. А прывід ня спускаў вачэй с шафы.

— Чаго-ж ей трэба? — падумаў манах. А ці німа чаго пад паперай, катораю высланы шуфляды.

І ён падняў адну паперу — німа нічога. Падняў другую, трэцюю, чацьвертую — і тут знашоў пісьмо.

— Ці гэты ліст непакоіць цябе? — спытаў ён.

Памершая не звадзіла вачэй з ліста.

— Ці спаліць яго? — спытаў ён.

Яна ў адповедзь нізка пакланілася.

— Я раніцай спалю ліст ў царкве і ніхто не прачытае яго, акром мяне.

Аблічча нябошчыцы засьвяцілася радасьцю і прывід зьнік.

Ужо пачынала днець, калі старац увашоў да нецярпліва чакаўшых яго дамоўцаў.

— Ня бойцеся — сказаў ён — яна ўжо больш ня прыдзе!

Так яно і было.

Раніцай манах спаліў пісьмо ў царкве. Гэта быў мілосны ліст — яго О-Сана атрымала ад кагосьці, калі вучылася ў Кіото. Але зьместу яго не даведаўся ніхто, акром мніха і тайна памерла разам з ім.

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.