Перайсці да зместу

О-Тэі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Назораэру О-Тэі
Народная казка

1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 8-10
Ошыдоры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




О—Тэі.

Многа лет таму назад жыў у горадзе Нігатта, ў правінцыі Ечызан, малады хлапец па імені Нагао-Чозэй.

Бацька Чозэя быў доктарам. Сам Чозэй спасобіўся таксама на доктара.

У Японіі ёсьць звычай, што сваякі заручаюць малых дзяцей. От-жа і малога Чозея былі заручыўшы з дзяўчынкай, па імені О-тэі. Бацька яе быў прыяцелям бацькі малога Чозея.

Абедзьве стараны пастанавілі, што вясельля адбудзецца, як толькі Чозэй закончыць навуку.

Але О-Тэі была вельмі хваравітай дзяўчынкай, а на пятнаццатым годзе занядужала на сухоты. Чуючы, што сьмерць набліжаецца, яна паклікала свайго нарачонага каб пагаварыць з ім.

Калі Чозэй прышоў, яна сказала:

— Слухай Нагао-Чозэй: нас яшчэ ў маленьстве празначылі адно для другога і ў канцы гэтага году мы-бы пажаніліся. Але мне суджана памерці. Багі лепш ведаюць, што нам патрэба. Калі-б я нават пражыла яшчэ некалькі гадоў то прычыніла-бы табе толькі шмат гора і смутку. Гэткая слабая і няўдольная, як я цяпер — ня была-б я табе добрай жонкай і не разумна было-б з маей стараны хацець адцягнуць сьмерць. Дзеля гэтага я гатова памерці і хацелабы ад цябе аднаго: каб ты мне абецаў, што ня вельмі будзеш мяне шкадаваць і ўбівацца… Ды яшчэ, вось што хачу сказаць — мы яшчэ сустрэцімся…

— Так, сустрэцімся ў тым чыстым сьвеце, дзе німа ні сьлёз, ні разлукі — сказаў паважна Чозэй,

О, не! не — перапыніла яна. — Я думаю не аб вышэйшым сьвеце. Я пэўна, што нам суджана сустрэцца тут, на зямлі, ня глядзячы на тое, што заўтра мяне пахаваюць.

Чозэй зьдзіўлены паглядзеў на яе, а яна ўсьміхнулася да яго і казала далей:

— Так! Сустрэцімся на гэтым зямельным сьвеце, ў тваім праўдзівым жыцьці… Але ты павінен гэтага хацець Нагао — Чозэй… Дзеля гэтага я мушу ізноў нарадзіцца, вырасьці і стаць узрослай кабетай. Трэба будзе табе чакаць гадоў пятнаццаць—шаснаццаць. Праўда, доўга яно… Усё-ж ткі, мой любы, табе цяпер ледзь дзевятнаццаць гадоў…

Хочучы пацешыць уміраючую нарачуную, ён чула адказаў:

— Ждаць на цябе — гэта ня толькі мой абавязак, але і радасьць.

— Няўжо-ж ты ня верыш? — запыталася дзяўчына.

— Мая даражэнькая! — адказаў ён, — я сумлеваюся, бо ня ведаю ці спазнаю цябе, калі пабачу ў іншым выглядзе, пад іншым імем. Хіба ты павінна даць мне які знак.

— Не, гэтага я не магу, сказала дзяўчына. — Толькі багі Будды ведаюць, дзе і як мы сустрэнемся. Але я ведаю, пэўна ведаю, што вярнуся да цябе, калі ты толькі таго захочаш. Памятай мае словы…

Яна змоўкла, сплюснула вочы і памерла.


Чозэй надзвычайна любіў О—Тэі і цяпер жаль яго быў вельмі вялікі. Ён зрабіў дашчэчку з яе зямным імем і схаваў ў дамовай сваей бажніцы і кождага дня ставіў перад ёй дарункі. Між тым не раз застанаўляўся над таёмнымі словамі, якія сказала яму перад сьмерцью О—Тэі. Каб пацешыць яе душу ён напісаў урочыстае абяцанье, што ажэніцца з ей, як толькі яна калінебудзь да яго вернецца. Гэнае абяцаньне ён запячатаў асобнай пячаткай і палажыў у бажніцу, побач дашчэчкі О—Тэй.

Час ішоў. Чозэй быў адзінцом і астацца яму ня жанатым было не прыстойна. Сваякі пачалі на яго налягаць, каб жаніўся і ён ўрэшце—рэшт паддаўся іхнім намовам. Бацька выбраў яму дзяўчыну з якой ён і павянчаўся.

Усё—ж такі і пасьля жаніцьбы ён не перастаў ставіць дараў перад памятнай дашчэчкай О—Тэі і, заўсёды, сэрдэчна памінаў аб ёй. Але з часам памяць стала слабець, вянуць, як сон які з трудом спамінаецца яму О—Тэі. А гады плылі…

За той час прышлося яму перажыць цімала злыбяды. Памерлі бацькі, пазьней жонка, а за ёй памер сын. Ён астаўся сам адзін на сьвеце.

Каб развеяць тугу, ён пакінуў апусьцелы дом і пашоў падарожнічаць па сьвецеэ Чужыя людзі, чужая старана змяншаюць духовыя болі.


Подарожнічаючы апынуўся ён у мястэчку, пабудаваным на горах, якое называлася Ікао. Гэтае мястэчка шырока вядома лячомымі водамі і хараством прыроды.

Каб адпачыць, зайшоў ён у заезд. Але якое-ж было яго зьдзіўленьня, калі пабачыў там дзяўчыну, которая была саўсім падобна да О—Тэі. Сэрца яго забілася так, як ня білася ўжо доўгія годы. Дзяўчына была так падобна на колішнюю яго нарачоную, як бытцам гэта была яна сама. Ён падумаў, нават, ці гэта ня сон. А дзяўчына ўходзіла, выходзіла, прынасіла стравы, прыбірала — і кожды яе рух выклікаў у яго спамін аб тэй, з якой ён быў заручаны.

Ўрэшце ён загаварыў да яе. І што-ж? Голас яе быў голасам О—Тэі — звонкі, чароўны, мілагучны і адначасна сумны.

Ўрэшце ён пастанавіў запытацпа яе, хто яна такая? І сказаў:

— Сястрыца! Ты так падобна да дзяўчынкі, якую я даўно зваў і я нават вельмі зьдзівіўся, калі ты першы раз увайшла ў гасподу. Скажы дзе ты радзілася, як тваё імя?

Дзяўчына глянула на яго ўважна, задумалася і пасьля сказала:

— Маё імя О—Тэі. А ты Нагао—Чозэй з Ечызан, мой нарачоны. Семнаццаць гадоў назад, я памерла у Нігаті, а ты прырок, што ажэнішся са мной, калі я ізноў вярнуся на гэты сьвет. Ты напісаў абяцаньне, запячатаў сваей пячаткай і палажыў у бажніцу побач памятнай дашчэчкі, на якой напісана маё імя. І дзеля гэтага я вярнулася.

Сказаўшы гэта дзяўчына самлела.


Чозэй з ёй ажаніўся і жыцьцё іх было вельмі шчасьлівае. Але О—Тэі не магла ніяк сабе прыпомніць таго, што сказала Чозэю ў Ікао; не магла таксама прыпомніць, што калі-небудзь перад тым жыла на сьвеце. Памяць аб папярэднім жыцьці, якая была прышоўшы на момант, пры сустрэчы з даўным сваім нарачоным, пагасла на заўсёды.

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.