Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/А. Гарун і яго «Матчын дар»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова А. Гарун і яго „Матчын дар“
Крытычна-біяграфічны артыкул
Аўтар: Яўген Барычэўскі
1929 год
1. Людзям

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зборнік вершаў А. Гаруна пад назваю „Матчын Дар“, які паводле сваіх мастацкіх асаблівасьцяй зьяўляецца выдатным фактам у літаратурнай продукцыі так званай „нашаніўскай эпохі“. Але паводле сваёй соцыяльнай прыроды вершы А. Гаруна выклікаюць шэраг сур‘ёзных заўваг і асьпярэчаньняў, а паколькі амаль усе яны (за некалькімі выключэньнямі) псыхоідэолёгічна далёкі ад нас і нават у некаторай сваёй частцы чужыя і варожыя нашай сучаснасьці.

Паданыя ніжэй біографічныя даведкі аб А. Гаруну і крытычныя нататкі аб яго зборніку маюць сваёй мэтай сконцэнтраваць увагу чытача на клясавым твары аўтара і на псыхоідэолёгічнай накіраванасьці яго вершаў, зьмешчаных у „Матчыным Дару“.

Алесь Гарун — псэўдонім Аляксандра Ўладзімерава Прушынскага, які радзіўся ў Менску ў 1887 годзе ў сям‘і рамесьніка. Яго бацька займаўся, галоўным чынам, цясьлярскай і сталярнай працай. А. Гарун вучыўся спачатку ў прыхадзкой школе і, пасьля яе сканчэньня ў 1897 г., паступіў у Менскую рамесьніцкую школу, якую скончыў у 1902 г. У гэтай школе ён атрымаў і профэсыю, — ён стаў столярам. Усё сваё жыцьцё А. Гарун займаўся самаадукацыяй, у чым праявіў вялікую энэргію. З 1904 г., пад уплывам рэволюцыйнага ўздыму таго часу, ён — актыўны ўдзельнік організацыі соцыялістых-рэволюцыянэраў максымалістых, вядзе пропаганду ў гурткох вучнёўскай моладзі, друку і распаўсюджвае агітацыйную літаратуру. Сярод гэтай літаратуры яму сустракаліся грамадзка-політычныя вершы Цёткі. Магчыма, што пад іх уплывам ён і сам пачаў пісаць агітацыйныя вершы. Яны не дайшлі да нас, але вядома, што, агітуючы ў 1905 г. на вёсцы, ён часта дэклямаваў і свае ўласныя вершы.

У рэволюцыйным руху А. Гарун прымаў удзел тры гады. У 1907 г. ён быў арыштаваны. Суд прысудзіў яго ў катаргу з заменай яе на ссылку. Яго пасялілі ў Іркуцкай губ. у Макараўскай воласьці, на рацэ Лене, у 71 вярсьце ад г. Кірэнску. Ссылка А. Гаруна трывала 9 гадоў. Зборнік вершаў, які чытач трымае ў сваіх руках, і зьмяшчае ў сабе творы, якія былі напісаны поэтаю, галоўным чыным, у часе яго ссылкі. У 1911 г. ён паступае на службу да параходнага прадпрыемства Глотавых і жыве ў вёсцы Мельнічнай ля Кірэнску. У 1914 г. А. Гарун атрымаў права запісацца ў сяляне і жыць дзе хоча ў межах Сібіры. У гэтым-жа годзе ён закончыў зборнік сваіх вершаў „Матчын Дар“, які быў перасланы ў Вільню, дзе яго выданьнем хацела заняцца „Беларускае выдавецкае таварыства“. Паўстаўшая вайна адсунула выйсьце кнігі на цэлых 4 гады.

У 1917 г. А. Гарун вярнуўся ў Менск. У 1918 г. зьяўляецца „Матчын Дар“. У сваёй грамадзка-політычнай дзейнасьці А. Гарун далучыўся да тэй нацыянал-дэмократычнай беларускай інтэлігенцыі, якая вызначылася ў гэтыя бурныя гады сваёй гатоўнасьцю служыць усялякай окупацыйнай імпэрыялістычнай уладзе, абы толькі не дапамагаць клясавай барацьбе рабочых і сялян. Асабліва выявіў сябе А. Гарун у пачатку польскай окупацыі, калі ён офіцыйна вітаў Пілсудзкага і стаў працаваць у беларускай вайсковай камісіі. Гэтае супрацоўніцтва з уладай белапалякаў прадстаўляе сабой найбольш ганебную пляму ў жыцьці А. Гаруна: поэта заняў позыцыю яўна варожую рабочым і сялянам Беларусі. У час эвакуацыі ён выехаў разам з белапалякамі. У дарозе высьветлілася, што ён зусім хворы, дзеля чаго ён быў накіраваны ў лязарэтным цягніку ў Кракаў. Там ён у 1920 г. памёр.

Аб А. Гаруне апошніх гадоў, А. Гаруне пэрыоду польскай окупацыі, наступнае сказаў Р. Шукевіч-Трацьцякоў: „Шчырая, глыбокая любоў часта бывае сьляпой. Такой была і любоў Гаруна к роднай Беларусі. Хоць з самым чортам, ня тое што з панам Пілсудзкім, гатоў быў ён заключаць саюзы, каб толькі бачыць Беларусь — ня мужычую, рабочую, а якуюсь іншую, буржуйна-дэмократычную. І бясслаўна загінуў Гарун. Не дзеля суду і абвінавачаньня ўспамінаем мы сёньня няшчасны лёс здольнага поэты, але адарванага ад політыкі і жыцьця старога рэволюцыянэра, а дзеля навучаньня. На абмылках мінулага вучымся мы. Няхай-жа паслужаць абмылкі жыцьця Гаруна навукай усім, ня маючым практыкі політыкам, усім тым, хто цалкам ці часткай зьбіраецца пайсьці па яго шляху“.

А. Гарун лічыў сябе рэволюцыянэрам, лічыў сябе соцыялістым. Ён, сапраўды, аддаў рэволюцыйнаму руху сваё юнацтва, але гэты удзел застаўся ў яго жыцьці толькі эпізодам. Перараджэньне нашаніўцаў пасьля рэволюцыйнага ўздыму ў лібэральную інтэлігенцыю зачапіла і А. Гаруна. Дзякуючы вялікім усілкам ён стаў чалавекам асьвечаным з немалымі ведамі ў галіне беларусазнаўства і ў галіне поэтыцкай творчасьці. Але ў галіне грамадзка-політычнай ён ня здолеў падняцца на адпаведную вышыню. Як відаць з аднаго яго лісту, ён разумеў, што сусьветная вайна была падрыхтавана капіталістымі і банкірамі, якія шукалі новых рынкаў, але прадумаць да канца клясавыя прычыны нацыянальных войнаў, нацыянальнага прыгнечаньня і зрабіць належны вывад, што задача вызваленьня беларускіх працоўных мас у сапраўднага рэволюцыянэра павінна быць коордынавана з барацьбой супроць клясавага прыгнечаньня наогул, — гэтага вываду А. Гарун ня здолеў зрабіць, і дзеля гэтага проблема вызваленьня Беларусі атрымала ў яго самамэтнае значэньне; вырашыць яе людзі, да якіх належаў А. Гарун, спадзяваліся то з дапамогай Вільгельма II, то з дапамогай улады Пілсудзкага, — гледзячы па абставінах. Да чаго вядзе гэткая політыка, мы бачылі на жыцьцёвым вопыце А. Гаруна. „Сьляпое каханьне“ і склала асяродак тэй трагедыі, якой закончылася жыцьцё аўтара „Матчынага Дару“.

Тое, што А. Гарун не разумеў ці не хацеў зразумець клясавага характару тых боек, якія адбываліся перад яго вачмі, было зьвязана з тым, што ён наогул затушоўваў значэньне клясавай структуры грамадзтва. Гэта відаць з тэй ідэалізацыі мінулага Беларусі, якую знаходзім у яго вершах. Беларускі народ, па яго словах (верш № 4), калісьці

Меў вялікія кляйноды,
Быў і моцны і багаты.

Тую-ж самую думку знаходзім мы і ў вершы № 9:

Ў старыну Беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою.

А. Гарун ігноруе той факт, што беларускія працоўныя масы былі заўсёды прыгнечаны. Сапраўдная моц працоўнай Беларусі, сапраўдная воля, сапраўднае багацьце — ня ў мінулым, а ў сучасным і будучым і пры гэтым незалежна ад таго, якім было ея мінулае.

Рамесьнік А. Гарун не ўяўляў сабе вялікай ролі пролетарыяту, які вышаў на арэну гісторыі, каб даць ёй зусім новы напрамак.

А. Гарун — прадстаўнік беднага гарадзкога мяшчанства, якое было зьвязана з вёскай. Дзеля гэтага ён моцна перажываў пакуты гэтых пластоў грамадзтва, несправядлівасьць экономічнай няроўнасьці (верш № 10), жах беднасьці, жабрацтва, пакінутасьці (верш № 63 — „Хатка“, верш № 65 — „Жабрачка“), клікаў, хаця-ж і ў вельмі расплыўлівых формах, да барацьбы за лепшую будучыну, да будаваньня новага жыцьця (верш № 40 — „Муляру“). Але ў той-жа час ён дае нацыяналістычную ідэалізацыю беларускай гісторыі і шукае ў гэтай фальшыва асьветленай мінуўшчыне залог будучага. Тут ён нам ня толькі далёкі, але і варожы. Тут мы знаходзім парасткі таго сучаснага нацыяналізму, з якім Комуністычная партыя і Савецкая ўлада вядзе бязупынную барацьбу.

Адзначаную намі політычную серадзіннасьць, характэрную для А. Гаруна, як прадстаўніка дробнага мяшчанства, можна прасачыць і на яго адносінах да рэлігіі. Паводле ўспамінаў людзей, якія ведалі яго, ён быў няверуючым. Антырэлігійныя мотывы яскрава гучаць у вершы „На сьмерць“ (№ 26):

Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маліцца,
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?
З журбой, з сьлязьмі
Нясьці туды сваю найбольшую з надзей?

і ў вершы „Поэту“ (№ 46):

Пакінь, пакінь сьпяваць а праўдзе тэй, што ў небе:
Яна чужая нам, таемных праўда сіл.

І ўсё-ж і тут ён застаецца нявытрыманым. Яму ня была чужой некаторая містычнасьць. Ён ня толькі любіў браць для сваіх вершаваных апавяданьняў сюжэты з элемэнтамі рэлігіі і містыкі (вершы №№ 70, 71, 72), ня толькі часта карыстаўся рэлігійнымі вобразамі і запазычанымі з рэлігійнага кола прадстаўленьняў выразамі, але браў і чыста містычныя тэмы (вершы №№ 34, 35, 37). Такім чынам і свой адмоўны погляд на рэлігію А. Гарун ня здолеў правесьці пасьлядоўна, як ня здолеў у галіне грамадзка-політычнай зрабіць вывады з тых зьявішч нацыянальнага ўціску, экономічнай няроўнасьці, беднасьці і жабрацтва, якія часамі вельмі мастацкі ўцелясьняў у сваіх вершах.

А. Барычэўскі.