Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Гарун і яго „Матчын дар“ 1. Людзям
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
2. ⁂ Чаму з маленства, з ураджэнства
Іншыя публікацыі гэтага твора: Людзям (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I

МАТЧЫН ДАР

ДУМЫ і ПЕСЬНІ

1907—1914

Гэту першую кніжку
думак і песьняў сваіх
матцы сваей прысьвячаю

1.

ЛЮДЗЯМ.

Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар,
І роўны луг, і ўзгібы гор,
І шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцё, а ў ім людзей
І кшталты іхніх душ;
Люблю вянкі плясьці з надзей, —
А ня поэт. — Чаму-ж?

Часамі праца ў дзень кіпіць,
Цярплю і я прыгон, —
Аж косьць аб косьць ў плячы рыпіць…
Пачуеш ў сэрцы звон,
Ухопіш зык, за ім другі,
За тымі больш ідуць,
Зьліюцца ў шых даўгі-даўгі
І цэлы дзень гудуць.
Загасьне дзень, іду дамоў,
Кладуся спаць, — і ў ноч
Цякуць радкі зьвінючых слоў,
І сон адходзіць проч.
Тагды пішу. Перад вачмі
Нясецца зданьняў рой,
І хтось стаіць па-за плячмі,
Здаецца, блізкі, свой.
Абыйме шыю пара рук
І кос дзявочых шоўк,
Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук,
А звон ў душы ня змоўк…
Зірну: пакой пусты, няма…
А час сьлізнуў, як вуж.
І за вакном радзее цьма…
А ня поэт… — Чаму-ж?

Бо мой прыгон глытае час,
Мне воля — рэдкі дар.
Такіх поэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ — пясьняр.
Сваіх тут жменьку я сьпісаў
Маркотных песьняў-дум;
Маёй душы іх сам сьпяваў
Па краю родным сум.
Скажу яшчэ чаго-б хацеў:
З дзявочых вуст пачуць
Хаця-б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця-б калі-нібудзь!

Увагі

[правіць]

1. Людзям.

У выданьні 1918-га году в. „Людзям“ ня ўведзены ў цыклізацыю і стаіць паасобна, як уступ да ўсяго зборніку; у нашым выданьні ён таксама зьмешчаны па-за цыклізацыяй, але падпарадкаваны агульнай нумарацыі.