Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Іван Замоцін
1929 год
А. Гарун і яго „Матчын дар“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

Аднэй з чарговых задач у пляне Камісіі для выданьня твораў беларускіх пісьменьнікаў зьяўляецца і выданьне збору твораў А. Гаруна (А. Прушынскага). Гэты збор твораў, у які павінны ўвайсьці ня толькі вершы А. Гаруна, але і яго мастацкая проза і драматычныя творы, падрыхтаваны да друку. З двох аддзелаў яго вершаў, ужо скончаных друкаваньнем, першы заняты вядомым зборнікам вершаў А. Гаруна „Матчын Дар“, першае выданьне якога зьявілася ў 1918 г. і цяпер ужо цалкам разышлося.

Улічваючы, з аднаго боку, пэўную вартасьць гэтага зборніку вершаў А. Гаруна, як найбольш мастацка апрацаванай часткі яго літаратурнай спадчыны, а з другога — тэхнічную магчымасьць перавыдаць зборнік зараз-жа, не чакаючы зьяўленьня ў сьвет поўнага акадэмічнага выданьня твораў А. Гаруна, Беларуская Акадэмія Навук знайшла пажаданым першы аддзел збору яго твораў, г. зн. зборнік „Матчын Дар“, выпусьціць асобнай кніжкай, незалежна ад поўнага збору твораў, куды „Матчын Дар“ у сваю чаргу ўвойдзе ў якасьці першага аддзелу.

Тэкст твораў А. Гаруна для іх акадэмічнага выданьня ўстаноўлены Камісіяй, як звычайна, на аснове ўсіх сабраных варыянтаў як друкаваных, так і рукапісных. У прыватнасьці для тэксту зборніка „Матчын Дар“ прыняты быў наступны парадак: за аснову ўзяты тэкст зборніка выданьня 1918 году, якое было падрыхтавана да друку самым аўтарам; але ў тых выпадках, калі тэкст зьяўляўся шурпатым ці нават няпэўным у адносінах сэнсу, лексыкі ці мэтрыкі, у яго ўносіліся некаторыя папраўкі з адпаведных аўтографаў ці друкаваных варыянтаў. Правапіс у нашым выданьні зборніка „Матчын Дар“ — таксама як і ва ўсім зборы твораў А. Гаруна, — прыняты сучасны з звычайнымі адхіленьнямі ў тых мясцох, дзе пераклад тэксту 1918 г. на сучасны правапіс значна парушаў-бы лексыку пісьменьніка ці яго вершаскладаньне.

Такім чынам, параўнальна з тэкстам выданьня „Матчынага Дару“ 1918 году, г. зн. з тым тэкстам, якім да гэтага часу звычайна карыстаўся чытач ці непасрэдна ці з дапамогаю выпісаў або крытычных і гісторыка-літаратурных нарысаў, тэкст, які перавыдаецца цяпер, адрозьніваецца ня толькі правапісна, але ў некаторых (праўда, нямногіх) мясцох таксама і лексычна і фразэолёгічна. Каб даць чытачу, які прызвычаіўся да папярэдняга тэксту, адпаведныя тлумачэньні, Камісія знайшла патрэбным увесьці ў кніжку самы сьціслы набор уваг, не загружаючы яго лішнімі даведкамі і дадаткамі. Больш падрабязны крытычны апарат да зборніку „Матчын Дар“ і да ўсіх наогул твораў А. Гаруна, пабудаваны на аснове таго рукапіснага архіву, які знаходзіцца ў Камісіі, будзе даны ў поўным акадэмічным выданьні твораў пісьменьніка.

У склад поўнага акадэмічнага выданьня твораў А. Гаруна ўваходзіць і крытычна-біографічны нарыс, у якім будуць сконцэнтраваны як папярэднія так і нанова здабытыя фактычныя даныя аб пісьменьніку, якія малююць абстаноўку яго дзейнасьці, а таксама будзе дана псыхоідэолёгічная ацэнка яго літаратурнай продукцыі, якая, ня трацячы і зараз свайго мастацкага значэньня, у ідэолёгічных адносінах павінна быць адзначана як месцамі зблытаная, нявытрыманая і чужая нашаму часу. У даным-жа выданьні даецца напісаны А. І. Барычэўскім кароткі нарыс з самымі неабходнымі весткамі біографічнага характару і з некаторымі заўвагамі аб ідэолёгічнай устаноўцы, „Матчынага Дару“.

У падрыхтоўцы гэтага выданьня прымалі ўдзел наступныя асобы: тэкст устаноўлены Камісіяй у складзе І. І. Замоціна, М. М. Піотуховіча, А. І. Барычэўскага, В. Т. Мачульскага пад агульнай рэдакцыяй І. І. Замоціна. Падбор неабходных уваг зроблены В. Т. Мачульскім.

І. Замоцін.