Кароткі нарыс узьнікненьня Беларускай Народнай Рэспублікі
Кароткі нарыс узьнікненьня Беларускай Народнай Рэспублікі Публіцыстыка Аўтары: Аляксандар Цьвікевіч, Мітрафан Доўнар-Запольскі 1918 (пераклад 2021) Арыгінальная назва: Краткій очеркъ возникновенія Бѣлорусской Народной Республики Пераклад: Gleb Leo Крыніца: Александръ Цвикевичъ. Краткій очеркъ возникновенія Бѣлорусской Народной Республики. — Кіевъ, 1918 |
Да чытача!
[правіць]Рэвалюцыйны рух 1917 году выклікаў да жыцьця незвычайны рост ідэі нацыянальнага самаазначэньня народаў Расеі. Да канца году ідэя гэтая атрымала рэальнае ўвасабленьне ў форме стварэньня цэлага шэрагу новых дзяржаўных арганізмаў. Побач з Украйнай, Каўказам, Сыбір’ю й г.д. нарадзілася да дзяржаўнага жыцьця й Беларусь — адна з „акраінаў“ былое Расейскае імпэрыі, якая найбольш цяжка цярпела ад ярма петраградзкага цэнтралізму.
Праўда, акты дзяржаўнага будаўніцтва Беларускае Народнае Рэспублікі сустракаюць яе ў выключна складаным становішчы: згубныя наступствы вайны й Брэст-Літоўскае дамовы, цяжкія наступствы нямецкай акупацыі у многіх могуць нарадзіць сумненьні ў добрым выніку змаганьня беларускага народу за сваю дзяржаўную будучыню. Пагроза аканчальным падзелам, як востры меч, павісла над роднай зямлёй і яшчэ больш узмацняе гэтыя сумненьні, гэтую трывогу.
Але з той вялікай упартасьцю, з тым вялікім энтузіязмам павінныя выйсьці на змаганьне „за родны край — за вольную Беларусь“ усе тыя сыны яе, у кім жывая яшчэ вера ў беларускі народ, у кім будзяць адгалос яго пакуты.
Дадзеная брашура перасьледуе гэтую мэту. Яна ўяўляе кароткую даведку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху, з выкладам найбольш яскравых яго момантаў. Аўтар цалком усьведамляе ўсе заганы прапанаванай брашуры: друк сьпешнасьці, несканчонасьці і адрывачнасьці ляжыць на кожнай ейнай старонцы. Што ж рабіць! Калі чытач ведае, як бясконца важка шырокае апавяшчэньне народных масаў пра сутнасьць сучасных падзеяў і як мала ёсьць магчымасьці гэта зрабіць, ён цалком прабачыць аўтару й сам возьмецца за выправу памылак.
З ласкавага дазволу паважанага Мітрафана Віктаравіча ў брашуры зьмешчаны яго артыкул: „Выбар зроблены!“ Слова закліку самавітага навукоўца-беларуса, які зь неаслабнай энэргіяй працуе на карысьць дарагой нам справы, павіннае захапіць з сабою не адзін дзясятак маладых сілаў.
А. Ц.
***
[правіць][ Гл. першы пераклад гэтай стацці «Лёсы зроблены!» ]
Кіеў, 8 красавіка.
Выбар зроблены! Вялікі акт у жыцьці нашага народу зьдзейсьніўся: Беларусь абвешчаная сваім часовым урадам самастойнай Рэспублікай. У кожнага беларуса пры гэтым паведамленьні трапятліва заб’ецца сэрца. Шэраг трывожных і сьветлых пытаньняў павінны прамільгнуць у розуме кожнага з нас: ці маем мы права на такі крок, ці своечасовы гэта крок і — галоўнае — што чакае нашую бацькаўшчыну наперадзе?
Мне думаецца, што наўрадці трэба даказваць, што беларускі народ мае права на самаазначэньне й на самастойнае існаваньне. Мы складаем нацыю, якая адрозьніваецца ад іншых рускіх народнасьцяў сваёй мовай, этнаграфічнымі асаблівасьцямі і агульным ладам жыцьця, якія склаліся гістарычна. Ужо гэтая адна абставіна дае нам права на самастойнае дзяржаўнае існаваньне. У гістарычным дачыненьні мы ўяўляем сабою нацыю, якая толькі блізу 150 гадоў складала правінцыю Расейскай імпэрыі. Да далучэньня да Расеі Беларусь перажыла тры кругабегі гістарычнага жыцьця. Да 14-га стагодзьдзя яна складалася зь некалькіх княстваў, якія мелі кожнае значэньне самастойнай дзяржавы. У 14 ст. Беларусь самахоць злучылася зь Літвою й да 1569 гю уяўляла сабою самастойнае дзяржаўнае цела. І пасьля 1569 г., злучыўшыся актам вуніі з Польшчай, Беларусь не згубіла сваіх сувэрэнных правоў, застаючыся некалькі стагодзьдзяў фэдэрацыйнай часткаю Польска-Літоўска-Рускае дзяржавы. Яна не была правінцыяй Польшчы, захоўваючы сваю дзяржаўнасьць. Мы гістарычна прызвычаіліся да вольных установаў, забраных у нас Расеяй.
У эканамічным дачыненьні нашая бацькаўшчына ўяўляла сабою краіну хоць і бедную на прыродныя багацьці, але эканамічна аднародную й замкнёную.
Усе гэтыя асаблівасьці нашай бацькаўшчыны й нацыі даюць нам гістарычнае права на самастойнае існаваньне. Але пытаньне заключаецца ў тым, ці своечасова злоўлены момант, каб абвесьціць Беларусь самастойнай Рэспублікай. З усяго таго, што нам дагэтуль вядома пра становішча справаў Беларусі, пра яе пакуты, мы зь цьвьёрдасьцю можам сказаць адно: іншага выхаду і быць не магло. Мы не сьпяшаліся адкласьціся ад нашай усходняй сястры, але Пецярбурскія кіраўнікі зрабавалі нашую бедную краіну, не далі ў ёй скласьціся кіраваньню на фэдэрацыйнай або аўтаномнай аснове і кінулі нашую бацькаўшчыну на саму сябе. Пры такіх умовах наш часовы ўрад абавязаны быў зрабіць тое, што ён і зрабіў. Іншае пытаньне, ці зладзім мы сваё жыцьцё цалком самастойна, ці ж увойдзем як частка якой-небудзь фэдэрацыйнай камбінацыі. Важка тое, што цяпер мы будзем абіраць тую або іншую камбінацыю ў адпаведнасьці з нашымі цікавасьцямі.
З увагай на сказанае, мы ня можам не прывітаць зьдзейсьненага факту. І мы ўсе, Беларусы, павінныя памятаць, што цяперака становішча нашае бацькаўшчыны накладае на нас цяжкі й адказны абавязак. Мы павінныя ўсе задзіночыцца, мы павінныя напружыць усе свае сілы фізычныя й культурныя, каб апраўдаць нашае права на самастойнае існаваньне й адстаяць незалежнасьць нашае бацькаўшчыны. Да дружнай працы, браты!
Праф. М. Доўнар-Запольскі.
I.
[правіць]Нацыянальна-палітычны рух у Беларусі, які сёньня скончыўся агалошаньнем незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі прайшоў доўгі й цярністы шлях. З увагі на адмысловае прызначэньне дадзенай брашуры, мы ня будзем падрабязна спыняцца на дарэвалюцыйным кругабезе і толькі для большай яснасьці пераймальнасьці гэтага руху каротка згадаем пра яго характар і формы праявы ў мінуўшчыне[1].
Сыны Беларусі ніколі не забывалі й пасьля падпарадкаваньня Расеі былой самастойнасьці сваёй бацькаўшчыны і неабходнасьці моцна падтрымаць беларускую нацыянальнасьць у жаданьні будучай самастойнасьці. Яны бралі ўдзел разам з палякамі ў 1830 г. у паўстаньні супраць расейскага ўраду. Спасьцігнутая няўдача заахвоціла іх заняцца адраджэньнем беларускай літаратуры й нацыянальна-культурнымі пытаньнямі. У 1840-х гадах зьяўляюцца паэты, этнографы, пісьменьнікі, гісторыкі, каторыя будзяць думку пра беларускую нацыянальнасьць. Гэтакія В. Дунін — Марцінкевіч, Ян Чачот, Нарбут, Ярашэвіч, Сыракомля, Крашэўскі й многія іншыя. Яны пісалі часткай па-беларуску, частка па-польску, перасьледуючы аднак адну й тую ж мэту — ахову беларускае культуры. Пасьля 1863 году на доўгі час спыненая была рэпрэсіўнымі мерамі й такога кшталту дзейнасьць. І толькі ў канцы 80-х гадоў зноў пачуцьцё нацыянальнасьці абуджаецца й знаходзіць сабе выяўленьне ў тагачасных мясцовых газэтах, асобных брашурах і кнігах. Колькі мы ведаем, цэнзура не прапускала да пачатку XX стагодзьдзя нават білетрыстычных брашураў на беларускай мове. Таму рух выліўся у форме артыкулаў, прысьвечаных гісторыі, этнаграфіі, культуры беларускай нацыянальнасьці. Шмат артыкулаў зьяўляецца ў тагачасных афіцыйных і неафіцыйных выданьнях — у „Виленскім Вѣстнику“, у „Минскім Листку“, у Гарадзенскіх і Віцебскіх Губэрнскіх Ведамасьцях. Ледзьве не ўпершыню ў гэтым накірунку зьявіліся артыкулы й выданьні М. В. Доўнар-Запольскага.
Трэба адзначыць таксама шаноўныя імёны мясцовых этнографаў і гісторыкаў, якія будзілі думку пра Беларусь, спадароў Сапунова, Стукаліча, Нікіфароўскага, Даўгялу, Раманава й многіх іншых. Тады ж літаратурная дзейнасьць, якая зь цяжкасьцю прабівалася праз цэнзурныя ўмоўнасьці, суправаджаецца дзейнасьцю ў беларускіх гуртках, якія зьяўляюцца, прыкладна ў 80-х гадах XIX стагодзьдзя, у вялікіх цэнтрах на Беларусі, а таксама ў Петраградзе й Маскве. Гэтыя гурткі асобаў, пераважна з вучнёўскай моладзі, ставілі сваёй задачай адраджэньне беларускага народу як у эканамічным, так, галоўным чынам, у нацыянальна-культурным дачыненьні. Гэтыя таварыствы знаходзіліся ў шчыльнай сувязі з арганізацыямі такога ж кшталту ў іншых кутках Расеі, сярод іншых нацыянальнасьцяў, у прыватнасьці, з кіраўнікамі ўкраінскага вызваленчага руху, як больш старэйшага. Упачатку чыста асьветніцкія, гэтыя таварыствы паступоваа пачынаюць атрымліваць палітычны характар і, урэшце, каля 900-х гадоў выліваюцца ў форму палітычных партыяў. Гады за тры да рэвалюцыі 1905 году, калі для ўсіх стала ясна, што адраджэньне Беларусі немагчымае безь дзяржаўнага перавароту ў Расеі, утвараецца першая беларуская нацыянальна-палітычная партыя „Беларуская Соціалістычная Грамада.“ Даволі нязначная лікам сваіх сяброў у першыя гады свайго існаваньня, гэтая партыя ў 1905 годзе хутка атрымлівае значны ўплыў на народныя масы і канцэнтруе навокал свайго штандара вялікія кадры інтэлігентных работнікаў.
Тая абставіна, што беларускі народ не забыў сваёй слаўнай дзяржаўнай мінуўшчыны, што ў глыбінях народных, хаця і цьмяна, але захавалася сьвядомасьць сваёй нацыянальнай асаблівасьці й свайго права й здатнасьці да дзяржаўнага жыцьця — гэтая абставіна бліскуча пацьвердзіла 1905 год і посьпех першае беларускае палітычнае партыі. Нягледзячы на кароткі прамежак часу лёзунгі вызваленьня ад самадзяржаўнага цэнтралізму й заклікі да скіданьня стаўленікаў яго на Беларусі, шпарка распаўсюдзіліся сярод беларускага сялянства й інтэлігенцыі, выклікаўшы да жыцьця вялізныя нацыянальныя хаўрусы, таварыствы і г.п. (напр. вучыцельскія хаўрусы). Цэнтрам руху ў тыя дні было м. Вільня — найстарэйшы базіс й апірышча ўсіх актыўных сілаў Беларусі. Там месьціўся Камітэт Сацыялістычнай Грамады, там сталі ў вялікай колькасьці выходзіць беларускія газэты, часопісы й кнігі (Гл. „Наша Нива“ й інш.) На чале руху ў той час стаялі браты Антон і Іван Луцкевічы, В. Ластоўскі, А. Уласаў, І. Краскоўскі і інш.
Бачачы карціну росту беларускага нацыянальна-палітычнага руху ў 1905 г. можна з пэўнасьцю сказаць, што калі б ня жорсткая сталыпінская рэакцыя, якая зьмяніла ў Расеі вызваленчы кругабег, і вісельнямі й вязьніцамі задушыла ўсе ягоныя заваяваньні, тады ён безумоўна замацаваўся б яшчэ ў тыя гады ў акрэсьленыя дзяржаўныя формы. 1904 — 8 г.г. работа нацыянальна-палітычных арганізацыяў Беларусі не спынялася. Здаровая, жывая ідэя памерці не магла. І калі яна цяпер не магла выявіцца ў чыста палітычнай сфэры, то дала сябе знаць у вобласьці нацыянальнай культуры. Цэлая плеяда бліскучых пісьменьнікаў і паэтаў—беларусаў: Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Алесь Гарун і мн. інш. — у шчыльнай сувязі з палітычнымі партыямі, якія сыйшлі ў падпольле, прабівае ідэя беларускага адраджэньня дарогу далёка за межы роднага краю. Праўда, некаторыя з гэтых слаўных людзей заплацілі сваім жыцьцём і многімі гадамі сасланьня, але энэргія руху зламаная не была.
У часе бягучай вайны, пачынаючы з 1914 году і ў асаблівасьці з часамі вялікага „Сыходу“ мільёнаў беларусаў-уцекачоў зь межаў Беларусі, работа беларускіх дзеячоў выліваецца ў форму стварэньня ўсялякага кшталту бежанскіх арганізацыяў і камітэтаў. Але й на гэтым шляху ўрад Мікалая II ставіць беларускай справе пастанныя перашкоды: не адпускае сродкаў, перадае гэтую справу ў чужыя ўрадніцкія рукі, ўсяляк абмяжоўвае доступ інтэлігенцыі да народу. Галоўным аргумантам, каторым ён апраўдваў свае забароны, было спасыланьне на тое, што беларускі народ нічым не адрозьніваецца ад жыхара Тульскае або Пензенскае губэрні і што таму яму сваіх прыстасаваных да ягоных патрэбаў, арганізацыяў ня трэба. Адсутнасьць беларускіх нацыянальных арганізацыяў дапамогі ўцекачам і тлумачыць той сумны факт, што становішча ўцекачоў-беларусаў у Расеі ўвесь час працягвала заставацца найбольш цяжкім.
Як і раней, так і ў першыя дні вайны цэнтрам работы працягвала заставацца Вільня. Калі ж яна ўвосені 1915 году была занятая нямецкімі войскамі, большая частка працаўнікоў разьехалася па ўсёй Расеі, а частка пераехала ў Менск. Зь цягам часу гэтае места, як геаграфічны й адміністрацыйны цэнтар Беларусі пачынае вабіць да сябе сілы, пачынае ўбіраць у сябе палітычныя цячэньні. Да пачатку 1917 году, такім чынам ствараюцца два цэнтры беларускага руху: Вільня, якая працягвае весьці работу культурна-асьветную й якая ня можа разьвярнуцца ў базіс палітычнага змаганьня, і Менск — цэнтар нацыянальна-палітычнага руху й дзяржаўнага адраджэньня Беларусі.
II.
[правіць]Зь незвычайным размахам і глыбінёй разьвярнуўся беларускі рух зь першых дзён рэвалюцыі 1917 году. Сакавіцкі пераварот аканчальна вызваліў беларускі народ ад уціску петраградзкага цэнтралізму й паставіў яго перад пытаньнем свайго нацыянальнага й дзяржаўнага самаазначэньня. Са зводкі рэзалюцыі Зьезду беларускіх дзеячоў у сакавіку месяцы 1917 г. мы бачым, што пытаньне гэтае было першапачаткова дазволенае ў форме ўсталяваньня аўтаномнага кіраваньня для Беларусі й уводу выкладаньня ў школе беларускае мовы. Гэты зьезд меў сваім наступствам стварэньне „Беларускага Нацыянальнага Камітэту“ й пасылку дэлегацыі да Часовага Ўраду з хадайнiцтвам аб сьцьвярджэньні й правядзеньні ў жыцьцё ягоных пастановаў. Вынікі паездкі дэлегацыі ў Петраград былі самыя нікчэмныя. Што ж тычыцца Нацыянальнага Камітэту, то яго кароткачасовае існаваньне нанесла такі моцны ўдар беларускаму руху, што ачуцца ад яго ён мог толькі да канца году. Зусім не зразумеўшы палітычнага моманту, які хутка каціўся пад схілам абвастрэньня клясавае барацьбы, сакавіцкі зьезд паставіў на чале Нацыянальнага Камітэту буйнога памешчыка Р. Скірмунта, чалавека даволі непапулярнага сярод сялянскага насельніцтва й зьвязанага вузамі ідэйнага сваяцтва з польска-літоўскай арыентацыяй. Гэты згубны палітычны промах быў з выключным уменьнем і энэргіяй выкарыстаны супраціўнікамі беларускага нацыянальнага адраджэньня, якія пасьпелі цягам некалькіх месяцаў рэвалюцыі ўкараніць ў сьвядомасьць шырокіх масаў насельніцтва перакананьне ў тым, што беларускае пытаньне ў яго ў прынцыпе ёсьць проста польская памешчыцкая інтрыга, накіраваная да аддзяленьня Беларусі ад Расеі й заняволеньня беларускага сялянства польскімі панамі.
З надзвычайнай рэзкасьцю, якая даходзіла да асабовых абразаў і нават гвалтаў над дзеячамі беларускага адраджэньня выявіўся гэты манэўр на сялянскіх зьездах Віленскай, Менскай і інш. губэрняў, кіраваных збольшага чужымі Беларусі людзьмі й тымі, хто праходзіў пад сьцягам бальшавіцкай барацьбы сялянаў за зямлю. Гуляючы з гэтым козырам дэмагогі усіх кшталтаў і фарбаў стварылі найбольш бязглузды й дзікі сынонім „польскай інтрыгі й аўтаноміі Беларусі“ й давялі аднойчы народ да таго, што ён на зьездах крычаў „вон“ усякаму інтэлігенту, які размаўляў па беларуску й ірваў кніжку, напісаную ягонай роднай мовай. Немалую паслугу ў шкоду нацыянальнай справе зрабілі ў той час народныя настаўніккі, да мозгу касьцей пранятыя духам цэнтралізму й прыслужлівыя перад ўрадніцкім Петраградам.
Трэба было амаль паў году ўпартай стараннай і няўдзячнай работы, каб ідэя нацыянальнага й палітычнага адраджэньня Беларусі разьбіла высунутыя на яе шляху перашкоды й зазьзяўшы новым сьвятлом праклала шырокія шляхі да народных масаў. Зараз жа пасьля сакавіцкага зьезду пачынаюцца спробы скіданьня Нацыянальнага Камітэту. Дасягнула гэтага ў пачатку Чэрвеня месяца новая арганізацыя — „Рада беларускіх арганізацыяў і партыяў“. Групуючы навокал сябе дэмакратычныя сілы, адзначаная Рада пачынае работу ў аднаўленьні цэнтру нацыянальнага руху. На чале гэтае справы становяцца А. Дыла, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі і інш. Амаль адначасова з гэтым пачынаецца такая ж арганізацыйная работа сярод беларускай бежанскай масы ў Расеі, якую вядзе нацыянальнае таварыства — „Беларуская Народная Грамада“ ў Маскве і інш. местах. (А. Цьвікевіч, І. Васілевіч і інш.).
Зь сярэдзіны лета пачынаецца кругабег беларускіх зьездаў. Спакваля, але верна рух расьце і мацнее. Завязваецца сувязь зь Петраградам і петраградзкімі арганізацыямі (Д-р Ярэміч, Я. Варонка, Э. Будзька, З. Жылуновіч і інш.).
Шырокай хваляй разьліўся рух, пачынаючы з восені 1917 г. Дзякуючы энэргічнай прапагандзе, якая вялася суполкай народных настаўнікаў на чале з С. Рак-Міхайлоўскім сярод войскаў, у верасьні месяцы й кастрычніку была падрыхтаваная глеба для беларускіх вайсковых зьездаў. 18 кастрычніка скліканы быў зьезд беларусаў-ваяроў 3-х арміяў заходняга фронту. Зьездам была абраная Беларуская вайсковая Рада заходняга фронту, зь якой у выніку разьвілася „Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада“. Утропы за гэтым адбыліся зьезды беларусаў-ваяроў паўночнага фронту ў м. Віцебску, Румынскага ў м. Адэсе, і Паўднёва-Заходняга ў м. Кіеве. Адбыліся два зьезды беларусаў-уцекачоў у Маскве, зьезды грамадзкіх і настаўніцкіх арганізацыяў у Смаленску, Віцебску, Полацку і інш. местах. Вынікам гэтых зьездаў было стварэньне „Вяликай Беларускай Рады“, „Беларускай цэнтральнай вайсковой рады“ і, урэшце, скліканьне Ўстаноўчага Нацыянальнага Ўсебеларускага кангрэсу ў м. Менску 5—18 сьнежня 1917 году.
У цяперашні час цяжка з дакладнасьцю ўстанавіць у каго ўпершыню нарадзілася думка пра скліканьне Ўсебеларускага Зьезду. Правільней будзе казаць, што думка гэтая сасьпявала паступова адначасова ў цэлай сетцы беларускіх арганізацыяў і суполак, сьпела ў шырокіх масах народу і, урэшце, выявілася ў „Грамаце да народу беларускага“ ад імя Вялікай Беларускай Рады ў Менску, „Дэклярацыі Беларускага Камітэту пры Ўсерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў“ і ў пастановах II-га Беларускага Зьезду ў Маскве. Дзякуючы таму, што адзначаныя арганізацыі загадзя не змовіліся паміж сябе, пры скліканьні Зьезду былі некаторыя непаразуменьні, у прыватнасьці, дадзеныя былі дзьве даты адкрыцьця Зьезду: 5 і 15 Сьнежня.
Сыстэма прадстаўніцтва на Зьезьдзе была задуманая й зьдзейсьненая надзвычай шырока. На зьезд былі запрошаныя прадстаўнікі ад валасных сялянскіх земстваў і камітэтаў усёй этнаграфічнай Беларусі (за выключэньнем заакопнае часткі), прадстаўнікі павятовых і губэрнскіх земстваў, мескіх самаўрадаў, Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, вайсковых беларускіх частак усіх франтоў і тыла, бежанскіх хаўрусаў і Камітэтаў, каапэратываў, прафэсійных і іншых арганізацыяў Беларусі, усіх палітычных партыяў краю, усіх нацыянальных арганізацыяў і г.д. Усяго на Зьезд прыбылі 1872 дэпутаты, зь іх — 1167 з правам вырашальнага голасу и 705 з правам дарадчага голасу.
Цалком натуральна, што асноўнае прадстаўніцтва на Зьезьдзе атрымалі валасныя земствы й вайсковыя арганізацыі. На жаль, злачынны разгон Зьезду ня даў магчымасьці скончыць тую анкету, каторая мела на ўвазе вызначыць партыйную й іншую групоўку Зьезду. Аднак, з агляду таго матэрыялу-анкеты, які захаваўся, можна меркаваць пра агульную фізыяноміб Ўсебеларускага Зьезду. Пераважная большасьць дэпутатаў у палітычным дачыненьні належала да партыі с.-р. (цэнтру й правых) і да беспартыйных. Паводле станавой прыкметы Зьезд можна беспамылкова лічыць за сялянскі. Гэта быў сапраўды агляд дэмакратычных сілаў Беларусі
Афіцыйна Зьезд адкрыўся пасьля трох дзён папярэдніх Нарадаў, — 8 Сьнежня. У кругабег часу з 8 па 16 Сьнежня ішла ўнутраняя арганізацыйная работа: ствараліся камісіі, фракцыі, вырабляліся даклады, рэзалюцыі, складаўся Наказ, ішлі выбары ў Прэзыдыюм Зьезду, у Раду Зьезду або Сэньёрэн-Конвэнт і г.д. На гэтую папярэднюю работу страчана было шмат намаганьняў і часу, бо агромная маса дэпутатаў, якая прыбыла на Зьезд, упершыню прыступіла да парлямэнцкай работы і складана паддавалася дыфэрэнцыяцыі. Урэшце, калі чарнавая, унутраняя работа была скончаная, наступіў урачысты дзень зьдзясьненьня Зьездам ягоных гістарычна-важных палітычных задачаў. Першым пытаньнем, якое стаяла ў парадку дня й было агалошанае старшынёй Усебеларускага Зьезду І. Серадой, было пытаньне аб абвяшчэньні Беларускае Народнае Рэспублікі і аб сьцьвярджэньні ў яе межах народнай беларускай улады.
Удзельнікі гэтага Зьезду добра памятаюць, які энтузіязм і якая вера ў правату сваёй справы царылі ў тысячнай грамадзе дэпутатаў, якія прыступілі да вызначэньня лёсу свайго роднага Краю. Усе памятаюць, як велічна спакойна пачалося гістарычнае паседжаньне ў ноч зь 17 на 18 Сьнежня. Ніхто й у думках не дапускаў, што маглі знайсьціся злачынныя гвалтаўнікі, якія асьмеліліся пасягнуць на высокі Нацыянальны Сход у самы адказны момант яго дзейнасьці. А паміж тых злачынцаў гэтыя знайшліся. Употайкі, за сьпінай у Зьезду яны рыхтавалі сваю паскудную справу. Змова супраць сувэрэннага гаспадара беларускай зямлі правялі й зьдзейсьнілі прышэльцы са стараны ў асобе „Савету Народных Камісараў Заходняй вобласьці й фронту“[2]. Чапляючыся за сваю ўладу й страх, што народ, які ўзяўся за справу тварэньня сваёй дзяржаўнасьці, выкіне іх зь іх катавальні, яны ўзброенай сілай разагналі Ўсебеларускі Зьезд. Аднак, да таго як пусьціць у справу супраць бяззбройнага Зьезду штыхі, Савет спрабаваў дзейнічаць правакацыяй. Вось цікавы абразок гэтых дзеяў. „Телеграмма. Западный фронтъ. Полукорову. Сообщите товарищамъ, чтобы на съезде бѣлоруссовъ рады они произвели переворотъ умовъ, раскоъл и выяснили буржуазность ея. Это требуется. Главкозапъ Мясниковъ“. (Гл. „Бѣлорусская Земля“. № 1, 1918 г.). Гісторыя ацэніць па заслугах „таварышаў“, якія сьвядома ўносілі раскол у народную, дзяржаўна важкую справу.
Тым ня менш Усебеларускі Зьезд першую частку сваёй задачы зьдзейсьніў. У прысутнасьці сатрапаў з „Савету“, пад пагрозай штыхоў і расстрэлу з бранявіка, ён аднагалосна пад узьнёслыя крыкі тысячнай масы дэпутатаў і гукі марсэльезы, вынес рэзалюцыю „аб сьцьвярджэньні ў межах Беларускай зямлі Рэспубліканскага ладу,“ аб непадзельнасьці Беларусі і аб замацаваньні за яе грамадзянамі асноўных правоў, заваяваных рэвалюцыяй.
III.
[правіць]Усебеларускі Зьезд, ня скончыўшы сваёй вялікай справы, не стварыўшы ў Беларусі народнай беларускай улады, быў разагнаны. Але пасьля яго засталася Рада Зьезду, т.б. той орган, катораму юрыдычна перайшла ўся паўната ўлады й права прадстаўніцтва цікавасьцяў народу, якая належала самому Зьезду. Утварыўшыся паводле прынцыпу прадстаўніцтва фракцыяў, групаў і цячэньняў Зьезду, прадстаўляючы так сказаць яго аблічча і душу, Рада на наступны ж дзень пасьля разгону Зьезду прыступіла да работы. У сувязі з тым, што значны лік сяброў Рады з прычыны матэрыяльнай незабясьпечанасьці ня мог заставацца доўгі час у Менску, у адным з паседжаньняў Рады было пастаноўлена ўтварыць менш шматлюдны орган, катораму павінныя былі перайсьці функцыі Зьезду, у прыватнасьці, функцыі выканаўчыя. Такі орган быў затым створаны пад найменьнем: „Выканаўчы Камітэт Рады I-га Ўсебеларускага Зьезду“. Яму было наканавана ўзяць у свае рукі ўладу на Беларусі ў той момант, калі гэта акажацца магчымым. Пасьля ўтварэньня гэтага органу большасьць прыежджых сяброў Рады пакінула Менск. Такім чынам, Выканаўчы Камітэт аказаўся тым адзіным законным носьбітам сувэрэнітэту беларускага народу, каторы са студзеня месяца 1918 г. ажно да ўтварэньня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі нёс цяжар адказнасьці за палітычнае жыцьцё краю.
Гісторыя абяцала Выканаўчаму Камітэту сыграць выключную ролю ў справе беларускага дзяржаўнага адраджэньня. Выпрабоўваючы на сабе ўсю цяжкасьць палітычнага тэрору, наладжанага супраць яго бальшавікамі, церпячы жорсткую патрэбу ў сродках, не баачы ў тыя дні ні ў кім падтрыманьня, Выканаўчы Камітэт тым ня менш ня падаў духам, не разьяжджаўся й па меры сілаў работаў. Змагаючыся за ўратаваньне Беларусі ад падзелу ён пасылае асаблівую дэлегацыю на мірныя перамовы ў Брэст-Літоўск; пашыраючы кола сваёй дзейнасьці ў згодзе з пастановамі Ўсебеларускага Зьезду ўключае ў свой склад прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў; усталёўвае па меры сілаў сувязь зь месцамі, выпускае адозвы і т.п.
Тым часам разыграліся падзеі. Мірныя перамовы ў Брэст-Літоўску, якія вяліся цягам амаль двух месяцаў, былі раптона спыненыя й нямецкія войскі сталі наступаць па ўсімфронце ад Пінску да Рыгі. „Савет Народных Камісараў заходняй вобласьці і фронту“ замест таго, каб патлумачыць насельніцтву шчыра ўсю прааўду аб чаканым яго лёсе і прызнацца ў сваім бясьсільлі хоць чым небудзь яму дапамагчы, да апошняй хвіліны падманваў народ ўсялякага роду „дэкрэтамі“ аб хлусьлівасьці гэтых чутак і голасна заяўляў што ён-Савет Народных Камісараў — ні пры якіх умовах народ не пакіне. Хлусьня гэтых дэкрэтаў, якія цалком нагадвалі старыя супакойваньні царскіх губэрнатараў, выявілася, як і трэба было чакаць, у ноч на 19 лютага, калі савецкія злады ў роспачным беспарадку, захапіўшы ўсе народныя грошы са скарбніцы й банкаў, уцяклі зь Менску і ў места ўступілі першыя атрады нямецкіх войскаў.
У гэты, менавіта, момант Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду, выконваючы волю Зьезду, без ваганьняў абвесьціў сябе найвышэйшай уладаю на Беларусі і заклікаў насельніцтва краю да спакою. З гэтай нагоды была выдадзеная
„Устаўная Грамата да народаў Беларусі“, наступнага зьместу:
21 (8) лютага 1918 г.
„Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада‚ што была тут‚ няма ведама‚ мы стаімо перад тым‚ што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі.
Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.
Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.
Але і да скліканьня Ўстаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам‚ якія на ёй жывуць.
Выканаўчы Камітэт Рады Першага Ўсебеларускага зьезду‚ папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў‚ зьдзяйсьняючы мэты Зьезду‚ абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня‚ як можна хутчэй‚ Усебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага ня лічачыся з нацыянальнасьцю‚ вызнаньнем і родам.
Часовую народную ўладу краю‚ якая ставіць мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі‚ будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі‚ які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасьля“.
З гэтага мы бачым, што безадкладна былі створаныя органы кіраваньня краем і закіпела бесьперапынная напружаная работа ў стварэньні нармалёвых умоваў жыцьця. Аднаўленьне ў правах распушчанай бальшавікамі Менскай мескай Рады, прыцягненьне да дзейнасьці самавітых земскіх дзеячаў, цэлы шэраг адказных тэхнічных нарадаў з удзелам вядомых адмыслоўцаў — усё гэта нарадзіла ў стомленым насельніцтве надзею, што пара палітычнага ліхалецьця мінула, што прыйшоў, урэшце, на Беларусі да ўлады сапраўдны ейны гаспадар — беларускі народ.
На жаль, і на гэты раз творчая дзяржаўная работа беларускіх сілаў на карысьць роднага краю была сарваная. Разгляданая Беларусь, як частку Расеі (або вярней, Вялікарасеі) нямецкія акупацыйныя войскі ў хуткім часе заявілі, што яны ня могуць дапусьціць існаваньня побач са сваёй уладай-улады беларускай. У выніку такое заявы, зробленай дарэчы сказаць у даволі рэзкай і нават грубай форме, Народны Сакратарыят павінны быў адмовіцца ад функцыі ўлады, застаўчыся разам з Выканаўчым Камітэтам палітычным цэнтрам, які лучыць і арганізуе грамадзкае жыцьцё Беларусі і, па меры магчымасьці, адстойвае ейныя цікавасьці.
Гэтая дзейнасьць Выканаўчага Камітэту хутка выявілася ў выданьні акту першараднай важкасьці, а менавіта, у канстытуяваньні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Як было сказана вышэй, Беларусь была абвешчаная Рэспублікай яшчэ 17 сьнежня 1917 году Ўсебеларускім Зьездам, які „зацьвердзіў рэспубліканскі лад“. У тыя дні — дні грубай расправы з апагеем беларускага руху — Зьезд не пасьпеў скончыць сваю работу. Паміж гэтага такое заканчэньне неабходна было зрабіць у форме вырабленьня адпаведнага акту (канстытуцыи). Зрабіў гэта па пераймальнасьці абавязкаў, Выканаўчы Камітэт Зьезду, выдаўшы „Ўстаўную Грамату да народаў Беларусі ад сакавіка 1918 року“. Грамата гэтая аб’яўляе, што паводле волі Ўсебеларускага Зьезду, Беларусь зьяўляецца Народнай Рэспублікай у тых межах, дзе мае колькасную перавагу беларускі народ. Аб’яўляючы аб тым, што грамадзяне Беларускай Народнай Рэспублікі захоўваюць ўсе тыя правы й вольнасьці, каторыя былі здабытыя рэвалюцыяй, Грамата акрэсьлена заяўляе, што „Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм“.
Утропы за выданьнем гэтага акту, Выканаўчы Камітэт Зьезду, лічачыся з тою агромнай адказнасьцю, якую ён нёс ў якасьці органу, які кіруе палітычным жыцьцём бееларускага народу, зноў жа ў згодзе з пажаданьнямі выказанымі як на Зьезьдзе так і ў яго Радзе, папоўніў свой склад прадстаўнікамі земскіх і мескіх самаўрадаў Беларусі, даўшы ім 30 % агульнага ліку месцаў. Паводле пагадненьня зь Менскім Губэрнскім Земствам і Менскай Мескай Думай, было пастаноўлена склікаць у бліжэйшы час агульнабеларускі зьезд земстваў і местаў, каб параіцца па цэлым шэрагу важкіх палітычных пытаньняў. Разам з гэтым былі зробленыя захады, каб склікаць, дарма што цяжкасьці перасоўваньня, тых сяброў Рады Зьезду, каторыя яшчэ не прыехалі. Адначасова з гэтым было паднятае пытаньне пра перайменаваньне Рады Зьезду, у „Раду Беларускай Народнай Рэспублікі,“ што й было прынята аднагалосна на адным з наступных пасяджэньняў.
У якасьці вярхоўнага органу беларускага народу, Рада Б.Н.Р. у першую чаргу зацікавілася магчымасьцю запрашэньня ў свой склад прадстаўнікоў насельніцтва той часткі Беларусі, якая знаходзілася за лініяй старых акопаў т.б. з Гарадзеншчыны й Віленшчыны. Аднак, пры абмеркаваньні гэтага пытаньня адразу ж выявілася, што аб’яднаньне Беларусі ў адно дзяржаўнае цэлае рэч амаль немагчымая. Як вядома, да таго часу, а менавіта, 3 сакавіка нов. ст. у м. Брэст-Літоўску быў заключаны прадстаўнікамі Петраградзкага ўраду Савету Народных камісараў мірную дамову, у сілу якой „вобласьці, якія ляжаць на захад ад лініі Рыга-Дзьвінск-Сьвянцяны-Ліда-Пружаны ня будуць больш падлягаць дзяржаўнаму сувэрэнітэту Расеі й будучы лёс гэтых абласьцей вырашыць Нямеччына з Аўстра-Вугоршчынай са згодай іх насельніцтва.“. Паміж гэтага за гэтай рысай ляжыць добрая чвэрць беларускай зямлі, як тое: уся Гарадзенская губэрня зь Белавескай пушчай, Горадняй, Беластокам і Брэст-Літоўскам і частка Віленскае губэрні з найстарэйшым цэнтрам беларускага руху — м. Вільняй. Такім чынам, жывое цела Беларусі ў Сакавіку месяцы 1918 году было разарванае на часткі прадстаўнікамі той самай улады, каторая ў Менску ў Сьнежні месяцы разагнала Ўсебеларускі Зьезд. Мала таго, паводле п. IX Берасьцейскай дамовы „абодва перамоўныя бакі (т.б. Расея й Нямеччына) адмаўляюцца ўзаемна ад тых стратаў, каторыя прынесла вайна насельніцтву гэтых дзяржаваў“. Усім ясна, што згубныя ўмовы гэтага пункту ўсёй цяжкасьцю падаюць на плечы беларускага народу, які пацярпеў ад вайны, ад ваярскіх пастояў, бясконцых рэквізіцыяў, разбурэньняў сваіх сёлаў і местаў, а таксама з прычыны ўцякацтва ў 1915 годзе, больш чым які небудзь іншы народ у Эўропе.
Зразумела, што Беларуская Народная Рэспубліка і яе Рада не маглі пагадзіцца з тым, што Берасьцейская дамова абавязковая для беларускага народу. Трэба было пратэставаць, трэба было гучна, голасна заявіць сьвету, што кайданаў, скаваных для яе рукамі бальшавікамі й нямецкімі палкаводцамі, Беларусь добраахвотна на сябе не накладзе й ад паадпісаньня сваго сьмяротнага прысуду адмаўляецца. Той сьвяты запавет, каторы даў свайму Выканаўчаму органу Ўсебеларускі Зьезд — ахову Беларусі ад падзелу — трэба было выканаць нягледзячы ні на якія перашкоды. Паміж гэтага, выканаць яго ў тых умовах міжнароднага характару, у якіх знаходзілася Беларуская Народная Рэспубліка ў той момант было немагчыма.
Справа ў тым, што паводле міжнароднага закону, дамовы й абавязкі, падпісаныя ўрадам усёй краінай ня могуць быць аспрэчаныя і не прызнаваныя асобнымі яе абласьцямі. У сілу гэтага, Беларуская Народная Рэспубліка да тых пораў пакуль яна не заявіла пра сваю дзяржаўную самастойнасьць, разглядалася як частка Вялікарасеі і таму вымушаная была маўчаць і падпарадкавацца дзеяньням Савету Народных Камісараў.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў гістарычным паседжаньні сваім у ноч на 25 сакавіка 1918 г. прыняла другую пастанову і ў III Устаўной Грамаце агалосіла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай.
Лічым неабходным прывесьці цалком гэты акт першараднай важкасьці:
Год назад народы Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо расійскаго царызму, які найцяжэй прыціснуу быу Беларусь; ні пытаючыся народу, ен укінуу наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вескі беларускіе.
Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскіе цары на наш вольны і нізалежны край.
Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаецца Нізалежнай і Вольнай Дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобі свайго Устаноучаго Сойму, пастановяць аб будучых дзяржауных зьвязях Беларусі.
На моцы гэтаго трацяць сілу усе старыя дзяржауныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ураду падпісаць і за Беларусь трактат у Берэсьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі.
На моцы гэтаго урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае увайсьці у адносіны з зацікауленымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часьціну Берэсьцейскаго Трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую умову з усімі ваеваушымі дзяржавамі.
Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеушчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігоушчыны і сумежныя часьці суседніх губерняу, заселеныя беларусамі.
Беларуская Народная Рэспубліка падцьверджывае усе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народау Беларусі, якія абвешчаны Устауной Граматай ад 9 сакавіка 1918 году.
Абвешчаючы аб нізалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што усе любячые волю народы дапамагуць беларускаму народу у поунай меры здейсьніць яго палітычна-дзяржауные ідэалы“.
Дзяржаўныя сувязі свае з суседнімі дзяржавамі, як кажа Ўстаўная Грамата, беларускі народ вызначыць у сваім Устаноўчым Сходзе.
Сёньня ж ён павінны змагацца за сваю самастойнасьць і, тым самым, за сваё адзінства, за свой дабрабыт, за сваё права быць вольным гаспадаром на сваёй зямлі.
Ён павінны дамагацца, каб у грукаце вайны ня быць навечна падзеленым, каб на сусьветным кангрэсе міру заявіць аб сваім існаваньні, аб сваіх нацыянальных ідэалах. Дасягнуць жа гэтага магчыма толькі пры правядзеньні ў жыцьцё Акту аб незалежнасьці, агалошанай Радай Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.
Будзем жа, браты, работаць, будзем упарта змагацца за сьветлую будучыню нашага народу
„За родны Край — за Вольную Беларусь!“
Аляксандар Цьвікевіч.
Зноскі
[правіць]- ↑ Больш падрабязныя весткі можна знайсьці ў наступных выданьнях:
- Власт — Кароткая гісторыя Беларусі — Вільня 1910 р.
- Антон Новіна — „На дарозі да новаго жыцця“ — адбітка з „Маладое Беларусі“ — Пецярбург 1912 р.
- Его же — „Білоруський національний рух“ — Літературно-Науковий Вістнік 1910 р.
- Его же — „Бѣлорусы“ — изд. 1911 г.
Д. Дорошенко — „Беларусы і іх національнае адраджэнне“ — „Наша Ніва“ 1910 р. - І. Святицкій — „Відродженє білоруського Письменства“ — Львоу 1908 р.
Wacław Wegnerowicz — „Młoda Białoruś“ — „Świat Słowiański“, — 1912 р. №№ 86 і 87 - B. Zubowicz — „Białoruś i Białorusini“ — „Praca“, dodatek do Bibliotek Warszawsk. — r. 1910 №№ 1 і 2
- Dr. Wl. Rogowski — „Białoruś w pieśni“ — Echo literacko-artystyczne zeszyt 11 i 12 za 1914 r. Warszawa
- М. Богданович — „Бѣлорусское возрожденіе“ — оттискъ изъ „Украинской жизни“ № 1 и 2 за 1915 г, — Москва
- Лявон Гмырак — „Беларускае національнае адраджэнне“ — „Вялікодная пісанка за 1914 р.“ — Вільня
- ↑ Важка адзначыць той характэрны факт, што адзначаны „Савет“ дзейнічаў у дадзеным выпадку самачынна, без упаўнамочаньня на тое Савету Народных Камісараў у Петраградзе. Пра гэта сьведчыць даволі цікавае ліставаньне паміж Менскам і камісарам у нацыянальных справах сп. Сталіным.
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты. |