Канюх

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Канюх
(Паданьне)

Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/914



Ёсьць, браткі мае вы, у нашым народзе
З даўнейшага часу паданьне адно, —
Зь дзядоў на унукаў ідзе, пераходзе,
І мне гэтаксама дайшлося яно.

Навукі паданьне, ой, шмат захавала
Для грэшных, трусьлівых і цёмных людзей,
Ў ім бачым, што шчасьця зазнае той мала,
Хто праўды ня хоча пазнаці бардзей.

Гадоў таму многа, бязь ліку, бязь меры, —
За часу, калі сатвараўся наш сьвет,
Былі ужо створаны людзі, і зьверы,
І птушкі-пяюхі усякіх прымет.

І людзі ўжо мелі усё, што хацелі:
Даліны, і горы, і поле, і луг;
Лясы ўжо шумелі, дзярны зелянелі,
І пекна, і міла было ўсё ўвакруг.

Адной толькі рэчы яшчэ не хапала:
Ні каплі вады на зямлі не было;
Праз гэта было бяды, плачу нямала, —
Усё піць хацела, што толькі жыло.

Ўсе сталі зьбірацца і радзіцца з гора,
Як гэтай пазбыцца вялікай бяды, —
Аж сам Бог, урэшце, усім так гавора:
«Я вас навучу, як дастаці вады.

Ваду вы мець будзеце цягам навекі;
Зьбярыцеся разам, хто жыў на зямлі,
І ямы капайце на студні, на рэкі,
А толькі к рабоце усе каб ішлі!

І помніце: кожны, хто з вас астанецца,
Ня выйдзе у гэтай супольнай бядзе, —
Піць, піць будзе вечна такому хацецца,
І ён жа ня знойдзе вадзіцы нідзе!»

Вот рвуцца да працы агромністай людзі,
І зьверы, і птушкі, і кожны жучок;
І цяжка працуюць, зрываючы грудзі,
Капаюць, цягаюць жвіровы пясок.

Ну! Будзе ім добра: дастануць вадзіцы,
Больш сохнуць ня будуць, як сохнуць цяпер;
Вот зробяць азёры і рэкі, крыніцы
І студні, а к студням — і зруб, і асьвер!

Але хоць так шчыра паслухалі Бога
Усе і за працу узяліся ўсе,
Канюх адзін толькі ня робіць нічога,
Ён гульма гуляе, к рабоце ня йдзе.

Убачыў Бог гэта з высокага неба,
Пазваў канюха і гавора тады:
«Няўжо ж піць ніколі табе не патрэба?
Чаму не працуеш, дастаць каб вады?»

«Я піць не хачу! — так канюх кажа Богу. —
А як захачу, дык нап’юся расы».
І тут ён пусьціўся назад у дарогу,
Аж енкнуў віхор, зашумелі лясы.

А зь неба грамлівы ўсьлед голас раздаўся:
«Навекі ты будзеш жыць толькі расой!
І хоць бы ты млеў і з жыцьцём расставаўся, —
„Піць, піць!“ — будзеш клікаць ты летняй парой!»

Вот скончана праца, найшліся крыніцы,
І мора бушуе, і рэчка бяжыць;
Хто колькі захоча, нап’ецца вадзіцы,
Адзін канюх просіць, лятаючы, піць.

Жалобна ён просіць так, як бы клянецца,
Як моліцца Богу, каб грэх дараваць,
І толькі часамі расіцы нап’ецца,
А самай жарой мусіць ён усыхаць.

Крычыць ён так, як бы людзям для навукі,
Што боская кара ўсіх мусіць спаткаць
Тых, хто, баючыся цярпеньня і мукі,
Ня хоча па праўдзе для ўсіх працаваць.

Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай
З вас рук прылажыць не захоча сваіх, —
Такому Бог скажа: «Піць! Цэлы век клікай
І будзь праклінаны ад брацьцяў сваіх».

(1905—1907)