Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Канюх

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Град Канюх
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Сьцёпка Жук
Іншыя публікацыі гэтага твора: Канюх.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАНЮХ

Паданьні

Ёсьць, браткі мае вы, у нашым народзе
З даўнейшага часу паданьне адно, —
З дзядоў на унукаў ідзе, пераходзе,
І мне гэтак сама дашлося яно.

Навукі паданьне, ой, шмат захавала
Для грэшных, трусьлівых і цёмных людзей,
Ў ім бачым, што шчасьця зазнае той мала,
Хто праўды ня хоча пазнаці бардзей.

Гадоў таму многа, бяз ліку, бяз меры, —
За часу, калі сатвараўся наш сьвет,
Былі ужо створаны людзі і зьверы,
І птушкі-пяюхі усякіх прымет.

І людзі ўжо мелі усё, што хацелі:
Даліны і горы, і поле, і луг;
Лясы ўжо шумелі, дзярны зелянелі,
І пекна і міла было ўсё ўвакруг.

Аднэй толькі рэчы яшчэ не хапала:
Ні каплі вады на зямлі ня было;
Праз гэта было бяды, плачу нямала, —
Усё піць хацела, што толькі жыло.

Ўсе сталі зьбірацца і радзіцца з гора,
Як гэтай пазбыцца вялікай бяды, —
Аж сам бог урэшце усім так гавора:
„Я вас навучу, як дастаці вады.

Ваду вы мець будзеце цягам навекі;
Зьбярэцеся разам, хто жыў на зямлі,
І ямы капайце на студні, на рэкі,
А толькі к рабоце усе каб ішлі!

І помніце: кожны, хто з вас астанецца,
Ня выйдзе у гэтай супольнай бядзе, —
Піць, піць будзе вечна такому хацецца,
І ён-жа ня знойдзе вадзіцы нідзе!“

Вот рвуцца да працы агромністай людзі
І зьверы, і птушкі, і кожны жучок;
І цяжка працуюць, — зрываючы грудзі,
Капаюць, цягаюць жвіровы пясок.

Ну! Будзе ім добра: дастануць вадзіцы,
Больш сохнуць ня будуць, як сохнуць цяпер;
Вот зробяць азёры і рэкі, крыніцы
І студні, а к студням — і зруб і асьвер!

Але хоць так шчыра паслухалі бога
Усе і за працу узяліся ўсе,
Канюх адзін толькі ня робіць нічога,
Ён гульма-гуляе, к рабоце ня йдзе.

Убачыў бог гэта з высокага неба,
Пазваў канюха і гавора тады:
„Няўжо-ж піць ніколі табе не патрэба?
Чаму не працуеш, дастаць каб вады?“

„Я піць не хачу!“ так канюх кажа богу,
„А як захачу, дык нап‘юся расы“.
І тут ён пусьціўся назад у дарогу,
Аж енкнуў віхор, зашумелі лясы.

А з неба грамлівы ўсьлед голас раздаўся:
„Навекі ты будзеш жыць толькі расой!
І хоць-бы ты млеў і з жыцьцём расставаўся, —
„Піць, піць!“ будзеш клікаць ты летняй парой!“

Вот скончана праца, нашліся крыніцы,
І мора бушуе, і рэчка бяжыць;
Хто колькі захоча, нап‘ецца вадзіцы,
Адзін канюх просіць, лятаючы, піць.

Жалобна ён просіць так, як-бы клянецца,
Як моліцца богу, каб грэх дараваць,
І толькі часамі расіцы нап‘ецца,
А самай жарой мусіць ён усыхаць.

Крычыць ён так, як-бы людзям для навукі,
Што боская кара ўсіх мусіць спаткаць
Тых, хто, баючыся цярпеньня і мукі,
Ня хоча па праўдзе для ўсіх працаваць.

Дык ведайце-ж, браткі, хто к працы вялікай
З вас рук прылажыць не захоча сваіх, —
Такому бог скажа: „Піць!“ цэлы век клікай
І будзь праклінаны ад брацьцяў сваіх“.