Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1925

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *

Наш лёс, бы кат з рукой забойнай.
Бязлітасней рука каго?
Ды ўмее вой адзін спакойна,
Без роспачы прыняць яго.

І ўмее вой цвёрдакаленна
Ўстаяць перад навалай злой
І ўсё губляючы, нязменна,
Данесці абавязак свой.

Губляць жа болей немагчыма
І зносіць болей немага:
Народ, Свабода і Радзіма, —
На ўсё прыйшла адна чарга.

Найдаражэйшае, святое —
Ўсё, чым натхнялася душа,
Чужою збэшчана рукою,
Сваволяй скута палаша.

Але пад лобам хмурым гэтым,
У гэтай думнай галаве
Імкненне да апошняй мэты
Непераможнае жыве.

Непераможнай волі шалам,
Перамагаючым і лёс,
Звініць душа з былым запалам,
Звініць без сумніву і слёз.

І покі пруткі шчэ цягніцы,
І покі ў жылах точыць кроў, —
Ніхто не ўбачыць голаў ніцы,
Пакорлівых не ўчуе слоў.

І покі сэрца поўна гневам,
І гнеў драпежней крумкача, —
Вітаю бой ваяцкім спевам
І звонам вострага мяча.

Калі ж нараз ад лучнай раны
Звалюся, сходзячы крывёй,
І вораг, перамогай п’яны,
Накпіць нягожа нада мной, —

Я і тады здалею гарда
Стрымаць гадзін апошніх золь,
Мая нянавісць і пагарда
Не ўдасць, не здрадзіць люты боль.

(1925)