Перайсці да зместу

З палёў Заходняй Беларусі (1927)/I/Ляпей жабрачы лёс…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Наш лёс, бы кат з рукой забойнай… ⁂ Ляпей жабрачы лёс…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
З поэмы „Уяўленьне“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і леры корба;

Ляпей чужыны золь,
Сьцякаць ад чорнай працы потам
Ляпей, нязмогшы боль,
Сканаць самотнаму пад плотам;

Але ня лёс раба
З бязвольля ўласнага й бясьсільля;
Ня гэтая жальба
На скутыя рабамі крыльлі.

Хто волю верна сьніць,
Працят лятункам аб вялiкiм.
Таго не спакусіць
Ні ўладай, ні дабром бязьлікім.

І хай прысуд гняце
І нікнуць вербалозы ніца,
Душы аб пекнаце
Непераможна-думных сьніцца.

1923 г.