Гэй, гаруны, і бядулі, і сумныя,
Ваш гэта чуецца плач?
Годзе! Бяседа у нас шумная,
Ў хаце сялянскай багач.
Змрок заняпаду кудзеляю
Выпрадзе ўвесь яго сьвіт.
Будзьма вясёлымі: бель Яе
Неба аздобіць блакіт.
II
Сапраўды,
Радасьць — рацыя:
Бацькаўшчына Беларусь
Ёсьць
Наймалодшая нацыя.
З будняў блядых
Чорная косьць
Разьдзьмухала Рух
Стараны
Вёсак і сёлаў.
Пяруны завірух
Ў захапленьні
Грымяць аб адным:
Паўнагучна Адраджэньне,
Бачу за ім
Бязьмерныя далі
І
Вялікія вартасьці.
Божа! ў сьведкі
Працоўных голаў,
Знаны ўпартасьцю,
Разбух.
Абрадзініцца ён
Новых дзён
Папараць-кветкай.
V
Мячы маланак пелі
І навальніцы йшлі,
І гром вясьняны хмелем
Паіў абшар зямлі.
А вечарам на небе
Хтось пеўня выпускаў,
І аб штодзённым хлебе
Там праўды ён шукаў,
да глухой паўночы
Вылізваў цемнату.
Сачылі з верай вочы
Пажараў яснату.
Ды „Пяты“ коўдрай чорнай
Прыкрыла ноч сама,
Каб зноў былі пакорны,
Каб зноў… Але дарма!
Дзірван узрылі буры
Шматкамі жорсткіх слоў:
Чакаюць вёскі — Юры
З вясной затрубіць зоў.
VI
Нашая ніва…
Сейбіт зары
Сее маўкліва
Сум аб дабры.
Жменяю семя.
Дужы узмах.
Ў золаку дрэме
Сонечны шлях.
Дзевы-дзяньніцы
Кленчаць на ўсход.
У кроплях расіцы
Буйны умалот.
Ўсюды прароцтвы…
Хто-ж іх пайме.
Розум-убоства
Верыць зіме.