Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/І як тут не сьмяяцца…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паніч і Марыся І як тут не сьмяяцца…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Песенька для некаторых маладых людзей
Іншыя публікацыі гэтага твора: І як тут не сьмяяцца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ЯК ТУТ НЕ СЬМЯЯЦЦА…

На нашым хітрым сьвеце
Ўсяляк жыве народ:
Адзін жыве палюдзку,
Другі жыве, як скот.
Адзін другім гандлююць,
Купляюць, як той квас, —
Падноскі падбіваюць
Стаячаму ня раз.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

*

Вось мчыцца пан на парцы,
Упражка зіхаціць!
І конікі абмыты,
І панскі лоб блішчыць.
На цэлы сьвет з пагардай
Дзікім глядзіць казлом,
А быў-жа ён нядаўна
Авечак гандляром.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось хцівец грошы многа
З працэнтаў назьбіраў,
І фабрыку паставіў,
Людзям заробак даў.
Працуе душ галодных
Там соценькі са дзьве.
А ненасытны хцівец
Крывавы пот гняце.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось доктар, пан вяльможны,
Лякар мужчын, кабет,
Вядзе убогіх, хворых
Ў асобны габінэт.
Пукнуў, паслухаў троху,
І кажа рубля даць,
А сам, як быў студэнтам,
Шоў бедным памагаць!..

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось ксёндз, служэбнік божы,
Ўвесь навучае люд,
Каб у касьцёл хадзілі,
Каб не грашылі тут.
Каб к жонкам на вячоркі
Ня бегалі чужым,
Бяднейшым памагалі;
А сам?.. ну, бог і з ім!

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось аканом пузаты,
На чым ёсьць сьвет, раве,
Хоць клёку за капейку
Ня мае ў галаве.
І лае так сусьветна
Вясковых ён людзей;
А пасьвіў-жа нядаўна
У вёсцы тэй сьвіней.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось шляхціц, марны шэршань,
Той выскачак адзін,
Душу заціркай муча,
Ужо ён гаспадзін!
Бяднейшаму ўжо брату
Рукі не падае,
Хоць сам такія-ж лапці
На ногі надзяе.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось мужычок быў хітры, —
Абралі старшынёй;
Як чорт перамяніўся,
І свой яму ня свой!
З вураднікам у шайцы
І з пісарам у лад,
Ён мужыкоў, як ліпак,
Абдзёрці ва ўсім рад.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Цяпер свае прыпеўкі
Я кіну да пары,
Бо шмат каму напэўна
Яны не па нутры.
Бо, як там кажуць: шапка
На злодзеі гарыць,
Ці — парасё хто ўкрадзе,
Таму ў вушох пішчыць…

І як тут не сьмяяцца,
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.