Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Паніч і Марыся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шавец Паніч і Марыся
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
І як тут не сьмяяцца…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паніч і Марыся.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАНІЧ І МАРЫСЯ

Сьвеце месяц, сьвеце,
Як дзюрка ў сярмязе;
Паніч за мужычкай
Бязустаньня лазе.

Дваццаць год Марысі,
Кроў іграе ў целе,
З панскім сынам ночкі
Каратае, дзеле.

„Марыся, Марыся!“
Гавора ёй маці:
„Кінь на паніча так
Вачыма міргаці!“

Яна як ня чуе
Матчыных маралаў:
Спусьці маці з вока,
Дзеўка й загуляла.

Пад лясок, за вёску,
Бы далей ад дому,
Ляціць на спатканьне
К панічу ўдалому.

Што з сабой там робяць,
Як час каратаюць? —
Гэта хіба толькі
Муж і з жонкай знаюць.

Сьвеце месяц, сьвеце,
Як лысіна ў пана;
Мусіць быць нарэшце
Песьня дасьпявана.

Ад пакус і ўцехаў
Крок адзін к пакуце, —
Быці бабай дзеўцы
Часам чорт паплуце…

Панічу з паненкай,
З багатай Амэляй,
Ужо рукі хусткай
Ксёндз вяжа ў касьцеле.

Панічова-ж любка,
Марыся ўдалая,
На прылёты бусла
Сьлёзна паглядае.

Марыся, Марыся!
Галоўкі ня чухай, —
Ня слухала маці,
Бабкі цяпер слухай.