Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Песенька для некаторых маладых людзей

З пляцоўкі Вікікрыніцы
І як тут не сьмяяцца… Песенька для некаторых маладых людзей
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З дарогі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песенька для некаторых маладых людзей.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЕНЬКА ДЛЯ НЕКАТОРЫХ МАЛАДЫХ ЛЮДЗЕЙ

У нас маладых людзей дужа вучоных
Цяпер надта шмат разьвялося,
Праўд нейкіх шукаюць на сьвеце нясьнёных,
Над бедным з іх кожны галосе.

Да працы да роўнай, да волі шырокай
Ахвочы крычаці, ўзываці;
Іх шумныя песьні нясуцца далёка,
Што ўсе людзі — родныя брацьці.

Як дзіўна, як складна бражджыць усё гэта!
Шмат праўды, а шмат тут і жартаў;
Пакуль песьня іхніх хаценьняў ня сьпета,
Прыгледзіцца к ім самім варта.

Адзін з вас, паночкі, хітрыя галоўкі,
На доктара выйдзе, і будзе
З няшчасных схварэлых цягнуць паўрублёўкі,
Лячыцца ў яго будуць людзі.

Другі будзе з вас брахунцом-адвакатам,
Як трэба судзіцца, парадзіць,
А больш каб карысьці мець, брата ён з братам
За нібы-та праўду павадзіць.

А трэці, што больш усіх рваўся к свабодзе,
Напэўна ён будзе йнжынэрам,
Як ставіць вастрогі планы павыводзе,
Збагаціцца гэткім манерам.

Чацьверты з між вас, вольнадумцы, у судзе
Васьсядзецца членам вяльможным,
Галодных, нявольных судзіці ён будзе,
Караці Сібірам марозным.

Во, пяты банкірам, а той зноў судзьдзёю,
А той там аптэку заложа,
І кожны сыт будзе, багацьце чужою
То крыўдай, то працай размножа.

Так будзе з вас кожны сьлядамі йсьці дзедаў,
Ня знаючы гора ніколькі,
І ўсе вы, і ўсе вы палкі дармаедаў
Сабой павялічыце — й толькі.

І скажаце гэта вы некалі самі,
Як вам спухнуць каркі ад сала,
Што песенька песьняй, чужымі-ж трудамі
Жыць лёгка дый чэсьць і пахвала.